Арганізацыя былых сілавікоў ByPol рыхтуе аб’яднаньні беларусаў у Польшчы, якія хочуць вярнуцца на радзіму «ў той момант, калі яны будуць там патрэбныя» для ўдзелу ў «спэцыяльных апэрацыях, якія намі заплянаваныя», — заявіў кіраўнік ByPol, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Аляксандар Азараў 4 кастрычніка ў Варшаве падчас сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з дыяспарай.
«Харугвы — гэта аб’яднаньні беларусаў, якія могуць зьбірацца разам і адчуваць плячо адзін аднаго. Гэта зьбіраньне аднадумцаў, — патлумачыў Азараў. — Ужо каля месяца мы гэтай справай займаемся, выяжджалі ў Гданьск, у Беласток, дзе стваралі іх».
Паводле яго, удзельнікі падобных аб’яднаньняў займаюцца спортам, стралковай падрыхтоўкай, адзінаборствамі і «іншымі спэцыяльнымі прадметамі» пад кіраўніцтвам інструктараў.
«Мы ўжо каля году з паловай займаемся спэцыяльнай падрыхтоўкай беларусаў у межах пляну „Перамога“. Стаіць вялікая чарга на падрыхтоўку. Яна каштуе вельмі дорага, а сродкаў няшмат. У першы дзень, калі мы аб гэтым аб’явілі, да нас запісалася 800 чалавек — толькі за тры дні».
ByPol — абʼяднаньне былых беларускіх сілавікоў, якія звольніліся з органаў пасьля падзей 2020 году; яны выкрываюць гвалт і правапарушэньні ў сілавых структурах і атачэньні Лукашэнкі.