Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна прапануе сьвету прызнаць Расею спонсарам тэрарызму. Беларусь у дакумэнце ня згадваюць


Наступствы расейскіх абстрэлаў Украіны
Наступствы расейскіх абстрэлаў Украіны

Міжнародная рабочая група ў пытаньнях санкцый супраць Расеі (яе яшчэ называюць групай Ярмака, кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, і Макфола, колішняга амбасадара ЗША ў Расеі. — РС) абгрунтавала неабходнасьць уключэньня Расеі ў пералік краін, якія зьяўляюцца спонсарам тэрарызму.

У апублікаваным дакумэнце няма аналягічнай прапановы што да Беларусі, хоць адпаведны праект звароту да міжнароднай супольнасьці зарэгістраваны ў парлямэнце Ўкраіны, але пакуль што не разгледжаны.

Паводле аўтараў дакумэнту, у заканаўстве ЗША і іншых краін існуе шмат інструмэнтаў, каб зьмякчыць для іх наступствы ад уключэньня Расеі ў пералік дзяржаў – спонсараў тэрарызму з аднаго боку, а з другога — дазволіць узмацніць санкцыі менавіта супраць Расеі.

«Нязначныя зьмены і абмежаванае пашырэньне ўжо дзейных санкцый — гэта недастатковы адказ на пастаянныя жахі барбарскіх нападаў Пуціна на ўкраінскае цывільнае насельніцтва. Прыйшоў час рэзка ўзмацніць ціск на Расею. Прызнаньне Расейскай Фэдэрацыі дзяржавай – спонсарам тэрарызму менавіта гэта і зробіць», — перакананыя аўтары дакумэнту.

Група Ермака — Макфола з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну рыхтуе дакумэнты, у якіх абгрунтоўваюць неабходныя санкцыі супраць Расеі. Часьцей за ўсё гэтыя дакумэнты потым імплемэнтаваліся ў адпаведныя рашэньні Эўразьвязу, ЗША і ўрадаў іншых краін.

Раней Латвія, Эстонія, Літва і Чэхія прызналі Расею спонсарам тэрарызму.
У ЗША пакуль не гатовыя да такога рашэньня. Прэзыдэнт Байдэн 7 верасьня заявіў, што ягоная адміністрацыя не плянуе ўносіць Расею ў сьпіс дзяржаў – спонсараў тэрарызму. Прадстаўнікі Белага дома гавораць, што ня лічаць гэтую меру найбольш эфэктыўным спосабам прыцягнуць Расею да адказнасьці і што такі крок можа перашкодзіць дастаўцы гуманітарнай дапамогі ва Ўкраіну.
У той жа час два амэрыканскія сэнатары — дэмакрат Рычард Блюмэнталь і рэспубліканец Ліндсі Грэм — 15 верасьня ўнесьлі ў Сэнат Кангрэсу ЗША двупартыйны законапраект, які прапануе прызнаць Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG