Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Politico: чаму будзе няпроста прадказаць магчымы ядзерны ўдар Расеі


Архіўнае фота з Музэю ракетных войск стратэгічнага прызначэньня ва Ўкраіне – былой ракетна-ядзернай базы пад Першамайскам. 2 красавіка 2019
Архіўнае фота з Музэю ракетных войск стратэгічнага прызначэньня ва Ўкраіне – былой ракетна-ядзернай базы пад Першамайскам. 2 красавіка 2019

Амэрыканскае выданьне Politico публікуе расьсьледаваньне аб тым, як спэцслужбы ЗША спрабуюць адсачыць падрыхтоўку Расеі да магчымага нанясеньня ядзернага ўдару па тэрыторыі Ўкраіны.

Інфармаваныя крыніцы, зь якімі пагаварылі журналісты, расказалі, што зрабіць гэта будзе няпроста, але заходнія краіны ўсё ж маюць пэўныя спосабы, якія дапамогуць выявіць першыя прыкметы падрыхтоўкі да ядзернай вайны.

У сваёй публікацыі Politico спасылаецца на інтэрвію некалькіх былых і цяперашніх амэрыканскіх чыноўнікаў. Яны кажуць, што ЗША актывізуюць выведку, спрабуючы зразумець, якія менавіта дзеяньні расейскіх вайскоўцаў ці паведамленьні, якімі яны абменьваюцца, могуць сьведчыць пра рашэньне Пуціна ажыцьцявіць ядзерны ўдар. І асьцерагаюцца, каб такое папярэджаньне не прыйшло ў Вашынгтон занадта позна.

Аўтары нагадваюць аб апошніх заявах прэзыдэнта Расеі Пуціна і намесьніка сакратара Савету бясьпекі Дзьмітрыя Мядзьведзева, у якіх тыя намякалі на магчымасьць выкарыстаньня ўсіх магчымых сродкаў для абароны «тэрытарыяльнай цэласнасьці». Яны спасылаюцца на экспэртаў, якія перакананыя, што Масква можа пайсьці менавіта на выкарыстаньне ядзерных зарадаў адносна малой магутнасьці.

У чым цяжкасьць

Галоўная цяжкасьць пры спробе прадказаць выкарыстанае тактычнага (але не стратэгічнага) ядзернага зараду ў тым, што падобныя боегалоўкі здольныя несьці большасьць расейскіх самалётаў і звычайных ракет. «Гэта азначае, што калі Пуцін ці яго камандзіры не захочуць, каб сьвет ведаў аб іх намерах загадзя, ЗША могуць так і не зразумець, у які момант Расея памяняла звычайны зарад на атамныя бомбы», — сказана ў публікацыі.

Каб адсачыць магчымыя прыкметы падрыхтоўкі да ядзернай вайны, амэрыканскія спэцслужбы вывучаюць усе даступныя зьвесткі — ад камэрцыйна даступных спадарожнікавых здымкаў да дадзеных, атрыманых пры дапамозе выведвальных самалётаў або ў інтэрнэце.

Асаблівую ўвагу ЗША надаюць Калінінграду — расейскаму анкляву, дзе Расея ўстанавіла звышгукавыя ракеты і сыстэмы, якія можна выкарыстоўваць як для звычайнага, так і для ядзернага ўдару. Politico піша, што ў апошні тыдзень вакол гораду кружляюць адразу некалькі амэрыканскіх самалётаў электроннай выведкі BoeingRC-135. За апошнія некалькі гадоў Расея мадэрнізавала свае ракетныя склады ў Калінінградзе, што выклікала асьцярогі наконт магчымага назапашваньня ядзернай зброі на гэтай тэрыторыі.

Ядзерны арсэнал Расеі

Паводле адной з крыніц, Расея мае 23 віды ўзбраеньняў, здольных несьці як звычайныя, так і ядзерныя боегалоўкі, і многія зь іх ужо выкарыстоўваюцца ва Ўкраіне, напрыклад, ракеты «Іскандэр». Паводле адкрытых дадзеных, у Расеі больш як 1900 тактычных ядзерных боегаловак, якія таксама называюць нестратэгічнымі ядзернымі боегалоўкамі.

«Гэта ўсё: ад крылатых ракет да ядзерных тарпэд, гравітацыйных бомбаў і балістычных ракет сярэдняй далёкасьці», – кажа крыніца выданьня.

Спэцслужбы, паводле Politico, упэўненыя, што Расея ня стане рызыкаваць поўнамаштабнай ядзернай вайной, пачаўшы масіраваны напад на Ўкраіну або краіны НАТА.

«Яны ніколі ня будуць ужываць стратэгічную ядзерную зброю. Яны ніколі не запусьцяць міжкантынэнтальную балістычную ракету і не паставяць бамбавік (Ту-95) з боегалоўкамі мэгатоннай клясы. Што яны будуць рабіць, дык гэта выкарыстоўваць зброю блізкага дзеяньня. У іх ёсьць боегалоўкі, якія мы называем мікраядзернымі зарадамі, магутнасьцю ад дзясяткаў да сотняў тон», – сказаў урадавы чыноўнік ЗША выданьню.

Таксама вядома, што ў Расеі ёсьць атамная зброя меншай магутнасьці для выкарыстаньня на полі бою, якая роўная або пераўзыходзіць бомбы, скінутыя на Японію.

«Амэрыканскія вайсковыя камандзіры і экспэрты разьведкі спадзяюцца, што першай прыкметай намеру Расеі выкарыстаць ядзерную зброю ва Ўкраіне будзе ня ядзерны грыб», – сказана ў публікацыі.

«Тонкія» прыкметы

Заходнія спэцслужбы могуць зразумець, што гаворка ідзе менавіта аб намеры выкарыстаць зброю масавага паражэньня, на аснове ня вельмі відавочных прыкмет. Напрыклад, калі на поле бою адпраўляюць вызначаныя часткі, ці адводзяць усе злучэньні, акрамя тых, што здольныя прымаць удзел у ядзернай атацы. «Мы можам падумаць – ага, звычайна яны дзейнічаюць крыху ня так. Гэтую частку яны адпраўляюць у бой, а астатнія адводзяць. Так яны звычайна ня робяць. Гэта дзіўна», – апісвае суразмоўца выданьня адзін з магчымых сцэнароў.

Іншыя ж крыніцы Politico перакананыя, што «ядзерная падрыхтоўка» расейскага кіраўніцтва наадварот можа быць наўмысна адкрытай – каб заходнія краіны зразумелі, да чаго ўсё ідзе, і пайшлі на саступкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG