Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя абвясьціла сябе ядзернай дзяржавай


Кім Чэн Ын. Архіўнае фота
Кім Чэн Ын. Архіўнае фота

Цяпер КНДР зможа аўтаматычна наносіць ядзерны ўдар па суперніку ў выпадку яго нападу.

Як паведаміла паўднёвакарэйскае агенцтва «Рэнхап», Вярхоўным народным сходам КНДР прыняты адпаведны закон пад назвай «Палітыка ў дачыненьні да ядзернай зброі».

Новы дакумэнт дазваляе аўтаматычна наносіць ядзерны ўдар па суперніку ў выпадку яго нападу.

«Калі сыстэма кіраваньня дзяржаўнымі ядзернымі сіламі знаходзіцца пад пагрозай з прычыны нападу суперніка, ядзерны ўдар з мэтай зьнішчэньня сіл суперніка, уключаючы крыніцу правакацыі і камандны пункт, наносіцца аўтаматычна і неадкладна паводле загадзя вызначанага пляну», — сказана ў дакумэнце.

Згодна з законам, права аддаваць загады аб прымяненьні ядзернай зброі мае толькі лідэр краіны Кім Чэн Ын. У сваім выступе на сэсіі ён заявіў, што палітыка Паўночнай Карэі ў выкарыстаньні такой зброі «зьяўляецца наступальнай», а КНДР ніколі не адмовіцца ад ядзернай зброі праз «варожую палітыку» ЗША.

Паводле лідэра Паўночнай Карэі, ЗША паставілі перад сабой задачу «зьліквідаваць ядзерную моц» КНДР і «прымусіць яе адмовіцца ад права на самаабарону, каб зрынуць наш рэжым».

Ядзерны ўдар магчымы таксама ў выпадку нападзеньня на Кім Чэн Ына, прапісана ў дакумэнце. Пры гэтым зазначаецца, што ядзерная зброя «выкарыстоўваецца як крайняя мера супраць вонкавай агрэсіі», і Паўночная Карэя ня будзе прымяняць яе першай.

У дзень абвяшчэньня Паўночнай Карэі «ядзернай дзяржавай» Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Кім Чэн Ына з гадавінай утварэньня КНДР.

Лукашэнка, як паведаміла яго прэс-служба, нагадаў «аб падабенстве гістарычных лёсаў беларускага і паўночнакарэйскага народаў, якія прынесьлі вялікія ахвяры, каб здабыць і захаваць сваю незалежнасьць, права на ўстойлівае разьвіцьцё сувэрэнных дзяржаў».

З пачатку 2022 году Паўночная Карэя правяла ўжо 17 пускаў ракет, апошні адбыўся ў траўні: дзьве ракеты былі выпушчаныя з раёну Суна паблізу Пхэньяна ў бок Японскага мора. У адказ на запускі прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёля прапанаваў КНДР эканамічную дапамогу ў абмен на дэнуклеарызацыю.

Сястра лідэра КНДР Кім Чэн Ына, намесьнік кіраўніка аддзела ЦК Працоўнай партыі Кім Ё Чжон палічыла гэтую прапанову «глупствам». Яна назвала наяўную ў рэспублікі ядзерную зброю яе «веліччу» і падкрэсьліла, што ўлады КНДР ніколі не прамяняюць яе на нейкае «эканамічнае садзейнічаньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG