Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не пайшоў шляхам Такаева?


Аляксандар Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў у Нур-Султане, 24 кастрычніка 2019
Аляксандар Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў у Нур-Султане, 24 кастрычніка 2019

У момант пачатку вайны Расеі супраць Украіны палітычнае становішча рэжымаў Лукашэнкі ў Беларусі і Такаева ў Казахстане было ў значнай ступені падобнае. Аднак Такаеў ухіліўся ад моцнай зьвязкі з расейскім агрэсарам.

А вось Лукашэнка выскачыць з каляіны ня здолеў (ці не захацеў, спадзеючыся на ўласныя сілы). Чаму?

Сьцісла:

  • Абодва рэжымы ўтрымаліся дзякуючы падтрымцы Масквы, у выніку чаго апынуліся ў вялікай залежнасьці ад Расеі.
  • Але беларускае кіраўніцтва склала ўсе яйкі ў адзін кошык, зрабіла стаўку на Расею. А вось Казахстан яшчэ пры Назарбаеву ўзяў курс на дывэрсыфікацыю замежнай палітыкі і эканамічнага супрацоўніцтва.
  • Казахстан ад самага пачатку бачыў у ЗША і ЭЗ важных партнэраў, імкнуўся падтрымліваць зь імі добрыя адносіны. А Беларусь з 1996 году — у вострым канфлікце з Захадам.
  • Лукашэнка і Такаеў зрабілі розныя высновы з народных пратэстаў. Лукашэнка катэгарычна адмовіўся рабіць любыя крокі насустрач народу, зрабіў стаўку на гвалт. Такаеў, наадварот, абвясьціў курс на рэформы.

Беларусь і Казахстан уваходзяць ва ўсе інтэграцыйныя аб’яднаньні на постсавецкай прасторы, створаныя Расеяй (СНД, АДКБ, ЭАЭС).

У абедзьвюх краінах існуюць аўтарытарныя рэжымы, якія абапіраюцца не на падтрымку грамадзтва, а на дзяржапарат. Іхныя кіраўнікі не былі абраныя на дэмакратычных выбарах.

І ў Беларусі (у 2020-м), і ў Казахстане (у 2022-м) здарыліся масавыя пратэсты насельніцтва, якія паставілі пад пагрозу існаваньне тамтэйшых рэжымаў. І Лукашэнка, і Такаеў абвінавацілі ў гэтым вонкавыя сілы.

І Лукашэнка, і Такаеў зьвярнуліся па дапамогу да Пуціна. У 2020 годзе Крэмль падрыхтаваў узброеныя фармаваньні, якія былі гатовыя ўступіць у Беларусь для здушэньня пратэстаў. У студзені 2022 году войскі АДКБ былі ўведзеныя ў Казахстан для нэўтралізацыі «беспарадкаў». Такім чынам, абодва рэжымы ўтрымаліся дзякуючы падтрымцы Масквы, у выніку чаго апынуліся ў вялікай залежнасьці ад Расеі.

Аднак з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны кіраўніцтва Беларусі і Казахстану павяло сябе абсалютна па-рознаму. Менск цалкам падтрымаў расейскую агрэсію, стаў яе саўдзельнікам, Лукашэнка дазволіў скарыстаць беларускую тэрыторыю для нападу на паўднёвага суседа. Ягоная рыторыка супраць Захаду і Ўкраіны нават больш агрэсіўная, чым у Пуціна.

Казахстан жа дыстанцыяваўся ад Расеі. Ягонае кіраўніцтва заявіла, што ня будзе парушаць санкцыі, уведзеныя Захадам супраць Беларусі і Расеі. Такаеў канстатаваў, што не прызнае незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР». Казахстан аказаў Украіне гуманітарную дапамогу.

Чаму ў момант найвастрэйшага міжнароднага крызісу Беларусь і Казахстан занялі прынцыпова розныя пазыцыі? Існуе комплекс аб’ектыўных і суб’ектыўных чыньнікаў, якімі можна патлумачаць гэтае адрозьненьне.

1. Рознае геаграфічнае, а значыць, і геапалітычнае становішча краін. Беларусь знаходзіцца паміж двума цэнтрамі сілы — Расеяй і Захадам. Казахстан мае больш пунктаў апоры — Расея, Кітай, Турэччына, Захад.

2. Беларускае кіраўніцтва склала ўсе яйкі ў адзін кошык, зрабіла стаўку на Расею, трапіла ў вялізную залежнасьць ад Масквы: эканамічную, палітычную, вайсковую, інфармацыйную, ідэалягічную. Толькі ў кароткі пэрыяд 2014–2020 гг. была зроблена слабая спроба вызваліцца ад такой залежнасьці.

Казахстан яшчэ пры Назарбаеву ўзяў курс на дывэрсыфікацыю замежнай палітыкі і эканамічнага супрацоўніцтва. Краіна з усімі сябравала, ні з кім з моцных дзяржаў не канфліктавала.

3. Беларусь трапіла фактычна ў поўную газавую, нафтавую залежнасьць ад Расеі. А Казахстан, наадварот, экспартуе энэргарэсурсы, што ў значнай ступені гарантавала самастойную эканамічную і замежную палітыку краіны.

4. У Беларусі і Казахстана розныя мадэлі нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Кіраўніцтва Казахстана ад самага пачатку ўзяло курс на будаваньне казахстанскай нацыі на этнакультурнай аснове. Што аб’ектыўна вяло да дыстанцыяваньня ад Расеі ў культурнай, інфармацыйнай, ідэалягічнай, моўнай сфэры.

У Беларусі дзяржаўная палітыка фармаваньня ідэнтычнасьці грунтавалася на аснове часткова савецкай спадчыны, часткова ідэалёгіі «русского мира». Лукашэнка ўвесь час цьвердзіць, што мы «адзін народ», што беларусы — такія ж рускія, толькі са знакам якасьці, кажа пра агульную Айчыну ад Берасьця да Ўладзівастоку. Ня дзіва, што ў крытычны момант вайны Беларусь і Расея аказаліся саюзьнікамі, былыя дэсантнікі падчас сьвяткаваньня прафэсійнага сьвята ходзяць па беларускіх гарадах з расейскімі сьцягамі, а міліцыянты ахвотна выкарыстоўваюць літару «Z» — сымбаль агрэсіі РФ.

5. Розныя дачыненьні з Захадам. Казахстан ад самага пачатку бачыў у ЗША і ЭЗ важных партнэраў, імкнуўся падтрымліваць зь імі добрыя адносіны. Кіраўніцтва краіны кожны год накіроўвае на вучобу ў заходнія ўнівэрсытэты сваіх маладых грамадзян. Усяляк вітаюцца і заахвочваюцца заходнія інвэстыцыі.

Таму Казахстан усяляк ухіляецца ад падтрымкі антызаходніх заклікаў і дзеяньняў Беларусі і Расеі ў рамках АДКБ. Хоць Такаеў і казаў пра вонкавае ўмяшаньне падчас народных хваляваньняў у студзені 2022 году, аднак ніяк ня згадваў Захад у гэтым пляне. Нават намёкаў у гэтым кірунку не было.

Беларусь у ідэалягічным пляне — самая антызаходняя краіна постсавецкай прасторы. З 1996 году афіцыйны Менск знаходзіцца ў вострым палітычным, дыпляматычным, каштоўнасным канфлікце з Захадам. Лукашэнка ад самага пачатку абвясьціў ЗША і ЭЗ ворагамі.

6. Лукашэнка і Такаеў зрабілі з народных пратэстаў розныя высновы. Лукашэнка катэгарычна адмовіўся рабіць любыя крокі насустрач народу, ладзіць хоць нейкія рэформы. Гвалт — адзіны спосаб адказу на незадаволенасьць грамадзтва. Таму беларускі рэжым эвалюцыянуе ад аўтарытарызму да таталітарызму.

Такаеў, наадварот, абвясьціў курс на рэформы. І няхай ягоныя палітычныя апанэнты цьвердзяць, што рэформы гэтыя касмэтычныя, тым ня менш улада хоць фармальна прызнае, што да народных пратэстаў спрычыніліся ейныя памылкі (усё сьпісалі на Назарбаева) і яна гатовая слухаць людзей. Такім чынам, рэжым здольны пашырыць сваю сацыяльную апору, і нельга выключаць, што Такаеў здольны перамагчы на рэальных канкурэнтных выбарах. І яму, адрозна ад Лукашэнкі, у меншай ступені патрэбна вонкавая падтрымка.

7. Пэўную ролю адыгрывае маштаб асобы кіраўніка, ягоны сьветапогляд. Такаеў — прафэсійны дыплямат, скончыў элітную ВНУ — Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных дачыненьняў, валодае пяцьцю мовамі, працаваў у сыстэме МЗС СССР, ААН (быў намесьнікам генсека ААН). Прэзыдэнт Казахстана добра ведае сьвет, разумее дамінуючыя тэндэнцыі, лёгка камунікуе зь лідэрамі як Усходу, так і Захаду. Таму ён пазьбягае сытуацыі тупіка, ізаляцыі.

У гэтым пляне параўноўваць Такаева з Лукашэнкам цяжка. Апошні нават беларускай мовай не валодае. Камунікаваць з заходнімі палітыкамі яму проста дыскамфортна. Таму нават падчас пэрыяду «разрадкі» з Захадам беларускі лідэр ухіляўся ад візытаў у эўрапейскія краіны, хоць яго настойліва запрашалі. Лукашэнка прызвычаіўся да становішча ізгоя, ягоныя ўяўленьні пра сьвет не выходзяць за межы абывацеля, які глядзіць тэлевізар. І шмат гадоў ён спрабуе даказаць, што гэта ён з Пуціным крочаць у нагу, а ўвесь сьвет — не ў нагу.

Таму ў крытычны момант Такаеў ухіліўся ад моцнай зьвязкі з расейскім агрэсарам. А Лукашэнка, як тая жаба з байкі Кандрата Крапівы, ня змог (ці не захацеў, празьмерна разьлічваючы на ўласныя сілы) выскачыць з каляіны, моцна прывязаўся да расейскага «Тытаніка», які з паскарэньнем рухаецца на айсбэрг.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG