Яшчэ ў 90-я гады Маргарэт Тэтчэр назвала яго «адным з найвыбітнейшых палітыкаў сучаснасьці». Яго вылучэньне на Нобэлеўскую прэмію міру за «вялізны ўклад у захаваньне міру і стабільнасьці» падтрымаў нават амэрыканскі Кангрэс. Які Казахстан пакіне пасьля сябе Нурсултан Назарбаеў.
Перанёс сталіцу з Алматы ў Астану
Калі Нурсултан Назарбаеў стаў прэзыдэнтам незалежнага Казахстану, то сталіца знаходзілася ў Алматы. Ён вырашыць зрабіць новую сталіцу ў разьмешчаным значна далей на паўночны захад горадзе Акмала (б. Цалінаград), які перайменавалі ў Астану. Кошт будаўніцтва новай сталіцы склаў прынамсі 20 мільярдаў даляраў. Сёньня гэта сучасны горад, які дынамічна разьвіваецца.
Пры ім Казахстан стаў багатай краінай
Прамысловасьць у Казахстане за два дзясяткі гадоў вырасла ў 20 разоў, замежны гандаль — у 12. За першыя 25 гадоў незалежнасьці ў краіну было прыцягнута каля $300 млрд наўпроставых інвэстыцыяў. Гэта больш за 70% ад усяго прытоку ў краіны Цэнтральнай Азіі. Найбуйнейшыя інвэстары: Нідэрлянды, ЗША, Швайцарыя, Францыя, Вялікая Брытанія.
Падчас кіраваньня Назарбаева ўзровень жыцьця насельніцтва значна вырас. Сёньня Казахстан лічыцца самай разьвітай і стабільнай краінай Цэнтральнай Азіі.
Ня даў рады карупцыі або не хацеў
Казахстан лічыцца адной з самых карумпаваных краінаў сьвету. Паводле справаздачы Transparency International, у 2018 годзе краіна знаходзілася на 124 месцы са 176.
Рыхтаваў эліты і слухаў замежных дарадцаў
Пры ім тысячы казахаў штогод на дзяржаўных стыпэндыях выяжджалі вучыцца на Захад. Сам Назарбаеў прыслухоўваўся да заходніх дарадцаў, якія схілялі яго да рынкавых рэформаў. Яшчэ ў 1990-х гадах Казахстан прыватызаваў 90% прамысловасьці.
Будаваў аўтарытарызм усе гады незалежнасьці
З заходняга гледзішча Нурсултан Назарбаеў сатрап. Парлямэнт выконвае дэкаратыўную ролю. Але ў краіне дазволеная абмежаваная дзейнасьць апазыцыі і незалежных СМІ.
Падчас прэзыдэнцтва Назарбаева ў краіне неаднаразова арыштоўвалі з палітычных матывах журналістаў і актывістаў, людзі зьнікалі. Шматгадовыя арышты за кратамі адбывюць паэт Арон Атабэк, праваабаронца Вадзім Курамшын, апазыцыянэр Мухтар Дзакішаў. У 2011 годзе ў Казахстане былі крывава здушаныя пратэсты рабочых у Жанаазэне. Яны пратэставалі супраць наплыву імігрантаў з суседніх дзяржаваў і патрабавалі павысіць заробкі. Загінулі 16 чалавек. Пасьля таго як апазыцыянэр Уладзімер Казлоў заклікаў у Брусэлі міжнародную супольнасьць зацікавіцца сытуацыяй у Казахстане, яго арыштавалі. У турме ён правёў чатыры гады.
Уцякаць ад Назарбаева быў вымушаны і ягоны зяць Рахат Аліеў. Ён напісаў кнігу «Хросны цесьць», у якой зьмясьціў шмат кампрамату на Назарбаева, напрыклад, пра мнагажонства. Аліева арыштавалі ў Вене, а неўзабаве абвясьцілі, што ён учыніў самагубства.
Ушаноўваў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў
Пачынаючы з 1937 году, на тэрыторыі Казахстану знаходзіліся найбуйнейшыя лягеры структуры ГУЛАГу. У 2007 годзе зь ініцыятывы і пры падтрымцы ўладаў Казахстану быў пабудаваны мэмарыяльны комплекс на месцы былога «Акмолінскага лягеру жонак здраднікаў радзімы» (АЛЖИР).
Пры Назарбаеву ў Казахстане пачалі адзначаць Дзень агульнанацыянальнай памяці і смутку па ахвярах палітычных рэпрэсіяў (31 траўня). Два гады таму ў гэты дзень з былымі вязьнямі ды іх нашчадкамі сустрэўся Нурсултан Назарбаеў.
Дзейнасьць Назарбаева для ўшанаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў высока ацаніла ў інтэрвію Свабодзе два гады таму Мая Кляшторная, дачка рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага, былая зьняволеная Акмолінскага лягеру.
Перавёў казаскую мову на лацінку
У 2017 годзе Нурсултан Назарбаеў падпісаў указ «Аб пераводзе альфабэту казаскай мовы з кірыліцы на лацінку». Новы варыянт альфабэту складаецца з 32 літараў. У кірылічным альфабэце, які выкарыстоўваецца цяпер, 42 літары. Плянуецца, што Казахстан завершыць пераход на лацінку да 2025 году.
Паводле абноўленага стандарту, на дзяржаўным гербе Казахстану назва краіны цяпер будзе напісаная лацінкай — QAZAQSTAN.
Ня супраць культу асобы
У сябе на радзіме Назарбаеў зьяўляецца бясспрэчна самай папулярнай асобай. Пра яго здымаюць мастацкія і дакумэнтальныя фільмы, яму паставілі тузін помнікаў, ягоным імем названыя многія аб’екты ў Казахстане.
Назрабаеў уласнаручна паправіў тэкст гімну краіны. Ягоны асаблівы статус замацаваны ў Канстытуцыі.
Чакае эліксіру маладосьці
Цэнтар навук пра жыцьцё пры ўнівэрсытэце імя Назарбаева працягвае працу над субстанцыяй пад назваю «Нар», якая павінна «палепшыць якасьць жыцьця і працягнуць яго». Эліксір можацца Назарбаеву яшчэ прыдацца, бо ён захоўвае за сабой аіфцыйны тытул Елбасы, то бок «Лідэр нацыі» і, паводле экспэртаў, застанецца «шэрым прэзыдэнтам.