Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік буйнога расейскага сайту, два выпускнікі ЭГУ. Што вядома пра людзей, якіх першымі будуць завочна судзіць у Беларусі


Сьледчы камітэт Беларусі назваў грамадзян, зь якіх пачнуцца «завочныя суды». У першым сьпісе пяцёра асоб: Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Дзьмітры Навоша, Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская.

Усім пяці асобам інкрымінаваныя ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці) і ч. 3 арт. 203–1 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных).

Расказваем, што вядома пра гэтых людзей.

Дзьмітры Навоша

44 гады, журналіст, мэдыямэнэджар, сузаснавальнік буйнога расейскага парталу sports.ru.

Дзьмітры Навоша
Дзьмітры Навоша

Яшчэ школьнікам Навоша пачаў супрацоўнічаць зь незалежным спартыўным выданьнем «Прессбол». Пасьля гэтага пісаў для «Известий», «Афиши», ProSport. Ад 2006 году быў у праекце sports.ru. За гэты час з нуля партал стаў найбольш папулярным на постсавецкай прасторы спартыўным сайтам.

Падначаленым Навошы ў той час быў Юрый Дудзь, на сёньня адзін з самых пасьпяховых расейскіх блогераў. У адзін мэдыяхолдынг з расейскім парталам уваходзіў беларускі — «Трыбуна».

Навоша доўгі час быў генэральным мэнэджарам сайту. У 2021 годзе прадаў sports.ru і зьехаў з Расеі.

Ад вясны 2020 году Дзьмітры Навоша актыўна ўключыўся ў беларускія справы. Быў сярод заснавальнікаў Фонду салідарнасьці. Шмат выступаў на тэму выбараў у расейскай, украінскай і эўрапейскай прэсе.

Яніна Сазановіч

28 гадоў, заснавальніца праекту «Карнікі Беларусі» («Чорная кніга Беларусі») і «Дзікае паляваньне».

Яніна Сазановіч
Яніна Сазановіч

«Як вы ўсе ведаеце, законы ў Беларусі не працуюць, абараніць сябе ад бясчынства вельмі цяжка. Таму мы робім тое, што ў нашых сілах, — зрываем маскі са злачынцаў у пагонах, фіксуем іх чорныя справы», — казала яна.

У красавіку сёлета супрацоўнікі ГУБАЗіКу апублікавалі відэа, як грамяць менскую кватэру Яніны Сазановіч: узрываюць паркет, раскідаюць рэчы, разрываюць фатаздымкі.

Сілавікі неаднаразова называлі Яніну стваральніцай і ідэолягам «Чорнай кнігі Беларусі», дзе разьмяшчаюцца кантакты супрацоўнікаў міліцыі, спэцслужбаў і чыноўнікаў.

Данііл Багдановіч

25 гадоў, былы студэнт ЭГУ.

Пра Данііла Багдановіча ў сваіх інтэрвію шмат гаварыў арыштаваны ў Менску журналіст Раман Пратасевіч. Ён сказаў, што меў асабісты канфлікт з Багдановічам, і згадваў пра яго працу ў Ціханоўскай.

Багдановіч — выпускнік ЭГУ. Да гэтага два гады адвучыўся на факультэце міжнародных адносін БДУ. На Дзень Волі 2017 году быў затрыманы і правёў дзевяць гадзін у Савецкім РУУСе.

«Я бачу сваю будучую прафэсію ў рамках міжнароднага права, найхутчэй ААН. Або ў Міжнародным Чырвоным Крыжы. Я стаў разьбірацца ў правах чалавека на ўзроўні спэцыяліста», — казаў ён у 2020 годзе.

Вольга Высоцкая

23 гады, былая студэнтка ЭГУ.

Паступіла ў ЭГУ ў 2016 годзе на «Міжнароднае права». Вядома, што ў 2019 годзе Высоцкая разам з Даніілам Багдановічам удзельнічалі ў міжнароднай канфэрэнцыі па правах чалавека імя Нэльсана Мандэлы ў швайцарскай Жэнэве.

На сайце The EHU Times выйшла некалькі падкастаў Высоцкай пра вучобу і падарожжы. Пра ўдзел у палітычным жыцьці нічога не вядома.

Валерыя Занямонская

21 год.

Пра гэтую дзяўчыну ўвогуле няма ніякай інфармацыі. Яе прозьвішча прагучала толькі аднойчы ў расьсьледаваньні БТ пра «Чорную кнігу Беларусі». Валерыю Занямонскую называлі «сяброўкай Дзьмітрыя Навошы», ніякага пацьверджаньня гэтаму няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG