Сьледчы камітэт Беларусі назваў грамадзян, зь якіх пачнуцца «завочныя суды», даўно абяцаныя ўладамі супраць нязгодных. У першым сьпісе пяцёра асоб: гэта рэдактарка «экстрэмісцкага» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, сябра офісу Ціханоўскай Данііл Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітрый Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская.
Усім пяці асобам інкрымінаваныя ч.3 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці) і ч.3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні lf інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных).
Інстытут «спэцыяльнага вядзеньня» ўведзены ў Беларусі сёлета. Ён дазваляе весьці крымінальную справу ў дачыненьні да абвінавачанага, які «знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
Акрамя завочнага прысуду названыя асобы могуць быць пазбаўленыя грамадзянства краіны. Згодна з праектам аб зьмяненьні закону «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», пазбавіць грамадзянства змогуць любога беларуса, калі яго асудзілі па адным з 55 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.