Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцячы ад пуцінскай мабілізацыі. Расплата расейцаў за калектыўную віну


Мабілізацыя ў Забайкальлі
Мабілізацыя ў Забайкальлі

Некаторыя расейцы, якія ўцякаюць ад пуцінскай мабілізацыі і якіх эўрапейскія краіны ня хочуць пускаць на сваю тэрыторыю, пачалі параўноўваць сябе з габрэямі – уцекачамі ад Гітлера, якіх на пачатку Другой сусьветнай часам не прымалі на Захадзе.

Але куды больш дарэчна ім было б параўнаць сябе зь нямецкімі ўцекачамі, якіх іхныя ж продкі ў 1944-1945 выганялі з дамоў, помсьцячы за злачынствы гітлераўскага нацызму.

Пакуль Расея застаецца пагрозай для сьвету — ці таталітарным Савецкім Саюзам, ці цяперашняй мафіёзнай пуцінскай Расеяй — яе грамадзяне будуць і першымі яе ахвярамі, прамымі ці ўскоснымі. У тым ліку таму, што ўспрымаюцца цывілізаваным сьветам як яе працяг.

Гэтак жа, як беларускія грамадзяне «аўтаматычна», без дадатковай інфармацыі, могуць успрымацца як працяг лукашэнкаўскай дзяржавы. Якая ў у сваю чаргу выглядае працягам пуцінскай Расеі. Гэта, на жаль, нармальна. З гэтым даводзіцца мірыцца.

Помста і трагедыя

У канцы Другой сусьветнай вайны мільёны ўсходнеэўрапейскіх немцаў былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму, стаўшы таксама ахвярамі Гітлера і разьвязанай ім ад іхнага імя вайны. Бо сьвет несправядліва ўспрымаў іх як увасабленьне гітлераўскай Нямеччыны.

Я цяпер жыву ў Баварыі, нямецкім рэгіёне, які пасьля Другой сусьветнай вайны прыняў самую вялікую колькасьць нямецкіх уцекачоў з Усходняй Эўропы: амаль два мільёны на сем мільёнаў карэннага насельніцтва.

Тут ёсьць цэлыя гарады, якія ў 50-я гады былі пабудаваныя з нуля і заселеныя немцамі – уцекачамі з чэхаславацкіх Судэтаў, анэксаваных Польшчай нямецкіх Сылезіі, Памэраніі і Прусіі (частка апошняй была далучаная да СССР і перайменаваная ў «Калінінградзкую вобласьць») і румынскай Трансыльваніі.

На могілках — крыжы памяці перасяленцаў. Фэстывалі культуры (альбо памяці культуры) нямецкіх супольнасьцяў Усходняй Эўропы. Тапаніміка: вуліцы Данцыская, Кёнігсбэрская, Брэслаўская. Мы можам толькі ўявіць сабе, што стаіць за гэтым усім.

У канцы вайны 14 мільёнаў мірных немцаў — жанчын, дзяцей, старых — уцякалі з тэрыторый, на якіх яны і іхныя продкі жылі стагодзьдзямі і куды цяпер прыходзіла Чырвоная армія, якая займалася масавым рабаваньнем і тэрорам у дачыненьні да мясцовага насельніцтва.

700 тысяч немак, згвалтаваных чырвонаармейцамі

Што такое расейска-савецкая армія ў дзеяньні, мы бачылі ў 2022 годзе: Буча, Ірпень, Ізюм, Марыюпаль. Але гэта літаральна тое ж самае, чым гэтая армія займалася ва Ўсходняй Прусіі, Памэраніі, Сылезіі ў 1944–1945 гадах: гвалтавала, катавала і марадэрствавала. Колькасьць згвалтаваных чырвонаармейцамі немак перавышае 700 тысяч; празь фільтрацыйныя лягеры на акупаваных тэрыторыях прайшлі 176 тысяч чалавек, зь якіх памерла траціна.

У вашых дзеда і бабулі вісіць на сьцяне ў хаце «трафэйны» гадзіньнік зь Нямеччыны? Ляжыць у шафе «трафэйны» гармонік? Гэта не ваенныя трафэі (якімі прынята лічыць зброю), а вынікі марадэрства. Рэчы, нарабаваныя ў мірных людзей, якіх рабаўнікі пры гэтым, магчыма, тыдзень гвалтавалі ў падвале, а потым забілі.

Тых немцаў/немак, хто ня змог уцячы і выжыў пасьля прыходу саветаў і іхных польскіх і чэхаславацкіх хаўрусьнікаў, потым дэпартавалі ў Нямеччыну, каб ачысьціць Lebensraum для расейцаў, палякаў, чэхаў ды славакаў. Тое, што Гітлер і ягоныя памагатыя толькі плянавалі зрабіць ва Ўсходняй Эўропе — выгнаць мясцовае насельніцтва і засяліць сваімі каляністамі — Сталін і ягоныя памагатыя ажыцьцявілі на самой справе — спасылаючыся на тое, што гэта зроблена ў якасьці помсты і адплаты за злачынствы нацыстаў.

Масавыя дэпартацыі і выгнаньне немцаў з Усходняй Эўропы, паводле ўсіх міжнародных дэфініцый, зьяўляюцца актам генацыду. Падчас іх загінула ад 500 тысяч да 2 мільёнаў чалавек.

І гэта ніякім чынам не магло быць адплатай за нават куды большыя злачынствы Гітлера ў Польшчы, Чэхаславаччыне ці СССР. Бо гэта не касавала прынесенае гітлераўцамі гора, а стварала новае гора.

Ніякіх кампэнсацый ад Польшчы, Чэхаславаччыны ці СССР нямецкія ўцекачы, вядома ж, не атрымалі. Вацлаву Гавэлу ў дзевяностыя хапіла годнасьці хаця б папрасіць прабачэньня за дзеяньні чэхаславацкага рэжыму ў дачыненьні да судэцкіх немцаў, але вялікага разуменьня ў чэскім грамадзтве гэты шляхетны ўчынак не знайшоў.

Хтосьці скажа, што многія з тых нямецкіх уцекачоў перад гэтым галасавалі за Гітлера, падтрымлівалі «вяртаньне ў родную гавань» розных тэрыторый і гітлераўскую расавую палітыку. Але некаторыя — не галасавалі і не падтрымлівалі. І чырвонаармеец не задаваў ім пытаньні на гэты конт перад тым, як застрэліць і адабраць ежу.

Адмова ў візе — напамін пра віну

Калі вы бачыце перад сабой сучаснага расейца, вы з імавернасьцю 80% бачыце чалавека, які падтрымаў анэксію Крыма і мае ў сваёй галаве апраўданьні пуцінскай вайне. То бок, працэнтаў 20 агрэсію супраць Украіны не падтрымалі. Але краіны Балтыі, Польшча і Фінляндыя вырашылі не капацца ў падрабязнасьцях і не даваць візы нікому зь іх. Што, можа, не зусім правільна, але эмацыйна павінна быць зразумела. І на што ў расейцаў няма маральнага права скардзіцца.

Ці задумваюцца цяперашнія расейцы, якім усяго толькі не далі шэнгенскую візу, пра лёс 14 мільёнаў нямецкіх уцекачоў пасьля Другой сусьветнай? Ці не замінаў ім лёс гэтых людзей адзначаць 9 Траўня з Пуціным у тэлевізары, пад дзедавым «трафэйным» гадзіньнікам і зь ягоным «трафэйным» гармонікам? Рытарычныя пытаньні.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG