Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская выведка: Расея ня зможа якасна падрыхтаваць мабілізаваных грамадзян, што можа прывесьці да яшчэ большых стратаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея сутыкнецца з адміністрацыйнай і матэрыяльна-тэхнічнай праблемамі ў вайсковай падрыхтоўцы грамадзян, мабілізаваных у армію з 21 верасьня.

Паводле брытанскіх выведнікаў, гэта зьвязана з тым, што Расея перакінула ва Ўкраіну большасьць батальёнаў, вайскоўцы якіх выконвалі функцыі інструктараў для навабранцаў.

«Адсутнасьць вайсковых інструктараў і пасьпешлівасьць, зь якой Расея пачала мабілізацыю, сьведчыць пра тое, што многія прызваныя войскі будуць разгорнутыя на лініі фронту зь мінімальнай адпаведнай падрыхтоўкай. Яны, хутчэй за ўсё, будуць мець вялікія страты», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ў Расеі бюракратычная сыстэма ня зможа эфэктыўна правесьці мабілізацыю ў войска.

«Пераход на прыярытэт фармаваньня прафэсійных сіл і адмова ад прыярытэту тэрміновай службы, імаверна, прывялі да размываньня бюракратычных структур, неабходных для мабілізацыі. Мабілізацыя — гэта заўсёды бюракратычна складаная справа, якая патрабуе ад мясцовых чыноўнікаў па ўсёй краіне добрага выкананьня заданьня. [...] Падтрыманьне бюракратычнай інфраструктуры, неабходнай для правядзеньня маштабнага прызыву ў запас, патрабуе значнай увагі з боку вышэйшага кіраўніцтва. Такой увагі, пэўна, не было ў Расеі за апошнія 15 гадоў», — адзначылі экспэрты ISW.

Паводле іх, Пуцін летась ужо правёў як мінімум чатыры спробы мабілізацыі, вычарпаўшы запас баяздольных (і ахвочых ваяваць) рэзэрвістаў напярэдадні «частковай мабілізацыі».Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін 21 верасьня выпусьціў указ аб частковай мабілізацыі ў Расеі на поўнамаштабную вайну, якую Расея пачала 24 лютага 2022 году і назвала гэта «спэцапэрацыяй».

«Мабілізацыйныя мерапрыемствы пачнуцца ўжо сёньня. Даручаю кіраўнікам рэгіёнаў аказаць усё неабходнае садзейнічаньне кіраўнікам камісарыятаў», — заявіў Пуцін.

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў, што мабілізаваць плянуюць 300 тысяч расейскіх грамадзян.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG