Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей у ААН: ніводзін беларускі салдат ня быў накіраваны ва Ўкраіну


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН у Нью-Ёрку.

БелТА прыводзіць яго словы: «Беларусь адказна заяўляе, што ніводзін беларускі салдат, ніводная адзінка тэхнікі не былі накіраваныя ва Ўкраіну для ўдзелу ў баявых дзеяньнях».

Паводле яго «незалежныя экспэрты АБСЭ пацьвярджаюць, што Беларусь не зьяўляецца ўдзельнікам міжнароднага ўзброенага канфлікту згодна з нормамі і прынцыпамі міжнароднага права». Ён заявіў, што ўсе абвінавачаньні Захаду ў адрас Беларусі абсалютна беспадстаўныя і галаслоўныя.

Яшчэ на пачатку сакавіка ЗША і краіны Эўразьвязу прызналі Беларусь саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Тады ж экспэрты АБСЭ прадставілі даклад Сталай радзе арганізацыі, у якім адзначалася, што Беларусь на 1 красавіка не зьяўляецца ўдзельніцай міжнароднага ўзброенага канфлікту.

«Нягледзячы на тое, што Беларусь дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для расейскіх нападаў на Ўкраіну, Місія лічыць, што на момант 1 красавіка яна не зьяўляецца ўдзельніцай міжнароднага ўзброенага канфлікту, пакуль сама не зьдзяйсьняе актаў гвалту або іншых дзеяньняў, якія зьяўляліся б прамым удзелам у баявых дзеяньнях асобаў, якія прадстаўляюць Беларусь».

Украіна дала да гэтага свой камэнтар, спаслаўшыся трэці артыкул рэзалюцыі 3314 Генэральнай Асамблеі ААН аб азначэньні агрэсіі.

Паводле ўкраінскага боку, «дзеяньне дзяржавы, якая дазваляе сваёй тэрыторыі, якую яна перадала ў распараджэньне іншай дзяржавы, быць выкарыстанай для зьдзяйсьненьня акту агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы», кваліфікуецца як акт агрэсіі.

Сёньня міністар Макей заявіў: «Беларусь ніколі не выступала за вайну. Але мы і ня здраднікі! У нас ёсьць саюзьніцкія абавязаньні, і мы цьвёрда прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца духу і літары міжнародных дамоваў, удзельнікамі якіх мы зьяўляемся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG