Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эканоміка ідзе за палітыкай». Што дасьць Беларусі ўступленьне ў ШАС


Апошні саміт ШАС у Самаркандзе, 16 верасьня 2022
Апошні саміт ШАС у Самаркандзе, 16 верасьня 2022

16 верасьня Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва пачала працэдуру паўнавартаснага прыёму ў свае шэрагі Беларусі. Глядзім, што гэта дае.

На саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) прынялі рашэньне пачаць працэдуру, каб надаць Беларусі статус паўнапраўнага сябра арганізацыі. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў.

Заяўку на ўступленьне ў гэтую арганізацыю Беларусь падала ў ліпені гэтага году, з 2010 году Беларусь мела статус партнэра ШАС, а ў 2015-м атрымала статус назіральніка.

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам на саміце ШАС. Самарканд, 15 верасьня
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Кітаю Сі Цзіньпінам на саміце ШАС. Самарканд, 15 верасьня

Што такое ШАС

Гэта міжурадавая, міжнародная арганізацыя, якая займаецца пытаньнямі бясьпекі і эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі Азіяцкага рэгіёну.

На цяперашні момант у арганізацыю ўваходзяць:

  • Кітай
  • Расея
  • Індыя
  • Іран
  • Кіргізія
  • Таджыкістан
  • Узбэкістан
  • Пакістан
  • Казахстан

Арганізацыя не зьяўляецца вайсковым блёкам.

«Няма з кім гандляваць»

Для Беларусі ШАС патрэбны, бо трэба разьвіваць гандаль з азіяцкімі краінамі. Пра гэта кажа акадэмічная дырэктарка Beroc Кацярына Барнукова.

«Большую частку гандлёвага абароту Беларусь мае з Расеяй. У мінулым годзе экспарт у Расею — каля 40%, траціна экспарту — у Эўропу, 14% — ва Ўкраіну. Асноўны экспарт у Кітай — калійныя ўгнаеньні, тое самае зь Індыяй. Цяпер Беларусь страціла эўрапейскі рынак, страціла ўкраінскі рынак. Шмат губляецца таму, што няма шляхоў вывазу калію. Таму трэба разьвіваць гандаль з краінамі Азіі, гэта каўкаскія краіны, сярэднеазіяцкія краіны. Кітай Беларусь разглядае як палітычную падтрымку, інвэстыцыі, тэхналягічны рынак», — кажа Кацярына Барнукова.

Аднак пасьля 2020 году разьвіцьцё супрацоўніцтва з Кітаем спынілася. Кітаю Беларусь была цікавая як хаб паміж Эўропай і Расеяй. Як толькі ў Беларусі пачалі псавацца адносіны з Эўропай, цікавасьць да Беларусі пачала зьнікаць, кажа Кацярына Барнукова.

Чым дапаможа сяброўства ў ШАС

У Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прапісаная мэта стварыць зону свабоднага гандлю, але пакуль яна не рэалізуецца, тлумачыць Кацярына Барнукова.

«Я б не разглядала ШАС як нешта эканамічнае, бо ў беларускім разуменьні эканоміка ідзе за палітыкай. Гэта хутчэй спроба сказаць пра двухпалярнасьць сьвету: з аднаго боку — ШАС, з другога — краіны Захаду, а Беларусь абірае свой полюс і чакае падтрымкі ад гэтага полюса. Бо пра саму арганізацыю ня скажаш, што яна эфэктыўная ў прасоўваньні эканамічных узаемадзеяньняў», — кажа Кацярына Барнукова.

З кім у ШАС гандлюе Беларусь

Па выніках мінулага году асноўны экспарт зь Беларусі ішоў у Расею — 16,3 мільярда даляраў за год. Што да экспарту па іншых краінах ШАС, то летась тавараў з Беларусі прадалі:

  • у Казахстан — на 911,6 мільёна даляраў
  • у Кітай — на 867 мільёнаў даляраў
  • у Індыю — на 374,4 мільёна даляраў
  • у Ўзбэкістан — на 265,4 мільёна даляраў
  • у Таджыкістан — на 122,1 мільёна даляраў
  • у Кіргізію — на 86,4 мільёна даляраў
  • у Пакістан — на 78,1 мільёна даляраў
  • у Іран — на 14 мільёнаў даляраў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG