Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ заклікала Расею вывесьці войскі з тэрыторыі Запароскай АЭС у сваёй рэзалюцыі


Расейскі вайсковец на Запароскай АЭС, 1 траўня 2022
Расейскі вайсковец на Запароскай АЭС, 1 траўня 2022

Кіраўнічая рада Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) прыняло рэзалюцыю, у якой заклікала расейскія ўлады вывесьці войскі з тэрыторыі Запароскай АЭС, перадае агенцтва Reuters.

Дакумэнт, унесены прадстаўнікамі Канады і Польшчы ў на разгляд Рады МАГАТЭ на просьбу Ўкраіны, зьмяшчае, паводле зьвестак агенцтва, заклік да Расеі «неадкладна спыніць усе дзеяньні на Запароскай АЭС і вакол яе, а таксама на любым іншым ядзерным аб’екце ва Ўкраіне». У рэзалюцыі таксама гаворыцца, што знаходжаньне на тэрыторыі ЗАЭС расейскіх войскаў «значна павялічвае рызыку ядзернай аварыі».

За прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 26 краін з 35, якія ўваходзяць у Раду МАГАТЭ. Супраць прыняцьця прагаласавалі Расея і Кітай. Сем краін (Эгіпет, Паўднёвая Афрыка, Сэнэгал, Бурундзі, Віетнам, Індыя і Пакістан) устрымаліся ад галасаваньня.

У пастаянным прадстаўніцтве РФ пры міжнародных арганізацыях у Вене рэзалюцыю назвалі «антырасейскай». «Ахілава пята гэтай рэзалюцыі — у ёй ні слова не гаворыцца аб сыстэматычных абстрэлах Запароскай АЭС, якія зьяўляюцца галоўнай праблемай з гледзішча гарантаваньня ядзернай бясьпекі і фізычнай ядзернай бясьпекі ў сьвеце», — гаворыцца ў расейскім камэнтары.

Запароская АЭС — самая буйная атамная электрастанцыя ў Эўропе. Неўзабаве пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія войскі захапілі станцыю. На АЭС працягвае працаваць украінскі пэрсанал.

Місія МАГАТЭ прыбыла на станцыю 1 верасьня. Інжынэр Запароскай АЭС у размове з украінскім выданьнем «Суспільне» сказаў, што ў інспэктараў МАГАТЭ не было прыватных размоваў з пэрсаналам захопленай станцыі. Паводле яго, генэральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі і інспэктараў расейскія вайскоўцы вадзілі па сваім маршруце.

Візыт агенцтва на ЗАЭС доўжыўся два дні, 1-2 верасьня. Потым асноўная частка дэлегацыі пакінула станцыю. У якасьці назіральнікаў засталіся два спэцыялісты МАГАТЭ, якія працягваюць працаваць на ЗАЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG