Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская наведала амбасаду Вялікай Брытаніі ў Вільні і пакінула ў кнізе для спачуваньняў запіс зь цёплымі словамі павагі ў адрас брытанскай каралевы Лізаветы II. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.
Ціханоўская выказвала спачуваньні каралеўскай сям'і ў дзень сьмерці Лізаветы II 9 верасьня.
«Яе Вялікасьць каралева Лізавета была цьвёрдай і справядлівай у самыя неспакойныя часы. Яе стойкасьць і служэньне будуць натхняць і далей», – напісала Ціханоўская ў твітары.
Пахаваньне брытанскай каралевы Лізаветы II пройдзе у панядзелак 19 верасьня ў Вэстмінстэрскім абацтве ў Лёндане.
Труна з целам каралевы 11 верасьня была перавезеная з шатляндзкага замку Балмарал, дзе яна памерла 8 верасьня, у Эдынбург. Увечары 13 верасьня яе на самалёце перавязуць у Лёндан.
14 верасьня труну перавязуць з Букінгемскага палацу ў Вэстмінстэрскі, дзе на працягу чатырох дзён будзе арганізаванае разьвітаньне з каралевай.
19 верасьня пройдзе дзяржаўнае пахаваньне — першае ў Брытаніі з часоў сьмерці Ўінстана Чэрчыля ў 1965 годзе.
Лукашэнка: «Эпоха праўленьня Яе Вялікасьці стала сымбалем служэньня свайму народу»
Свае спачуваньні каралю Злучанага Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі Карлу III, а таксама чальцам каралеўскай сям’і выказаў раней і Аляксандар Лукашэнка:
«Сямідзесяцігадовая эпоха праўленьня Яе Вялікасьці стала сымбалем сапраўднага служэньня свайму народу, залогам стабільнасьці і дабрабыту Злучанага Каралеўства і краін Садружнасьці на доўгія гады, — адзначыў Лукашэнка. — У Рэспубліцы Беларусь зь вялікай павагай і адказнасьцю ставяцца да маральнага запавету Яе Вялікасьці аб безальтэрнатыўнасьці далейшага руху чалавецтва па шляху добрасуседзтва і міласэрнасьці».
Каралева Лізавета II памерла ва ўзросьце 96 гадоў. Яна ўступіла на пасад у 1952 годзе і стала манархам з самым працяглым праўленьнем у гісторыі Вялікай Брытаніі і Ангельшчыны.
Яе старэйшы сын Чарльз, які стаў каралём Карлам ІІІ, адзначыў, што сьмерць Лізаветы II стала «момантам найвялікшага смутку» для яго і ўсіх чальцоў сям’і.
«Я ведаю, што яе страта будзе глыбока адчувацца ўсёй краінай, каралеўствамі, Садружнасьцю і незьлічоным мноствам людзей па ўсім сьвеце. У пэрыяд жалобы і перамен я і мая сям’я знойдуць суцяшэньне ў веданьні аб павазе і глыбокай прыхільнасьці, якімі каралева карысталася», — адзначыў ён.