«Цёплая ўсьмешка, ніякага патасу»
Ірына Маклейн, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Шатляндыі, расказала Свабодзе пра тое, як атрымала пэрсанальнае запрашэньне на ўрачыстае адкрыцьцё з удзелам каралевы аўтамабільнага моста праз заліў Форт у Эдынбургу 4 верасьня 2017 году.
Як расказала Свабодзе Ірына, запрашэньні на ўрачыстае адкрыцьцё давалі тым, хто зрабіў унёсак у мясцовае разьвіцьцё, а яна тады была старшынёй бацькоўскага камітэту ў школе, дзе вучыліся яе дзеці.
— Уражаньні: яна вельмі маленькая! І гэта быў першы мой у жыцьці рэвэранс, цёплая ўсьмешка, ніякага патасу, глядзіць проста ў вочы... Быў вельмі дажджлівы дзень, і ёй гэта не перашкодзіла...
«Запрашэньне захоўвалася як важны артэфакт сямейнай гісторыі»
Арцём Бабоўнікаў, які займаецца выяўленчым мастацтвам і гістарычным праектам «Зьберажом Масюкоўшчыну», падзяліўся на сваёй старонцы ў Інстаграме запрашэньнем для яго дзядулі і бабулі на ўрачысты вайсковы парад у Заходнім Бэрліне ў гонар дня народзінаў яе вялікасьці 24 траўня 1978 году.
— Гэта быў другі візыт каралевы ў Заходні Бэрлін. Мой дзед, Бабоўнікаў Уладзімір Гаўрыілавіч, на той момант займаў пасаду дырэктара міжсаюзнай ваеннай турмы Шпандаў ад савецкага боку. У гэтай турме знаходзіўся толькі адзін вязень: ваенны злачынца, намесьнік Адольфа Гітлера па партыі Рудольф Гес, які быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. Вартавалі турму чатыры краіны — ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя і СССР. Адпаведна, дырэктараў турмы Шпандаў было чацьвёра. Іх усіх можна ўбачыць на фота са сваімі жонкамі. Мае дзед і бабуля — другая пара зьлева. Сьвяточны парад прайшоў на знакамітым Майскім полі ў брытанскім сэктары Заходняга Бэрліну. Зь дзяцінства я памятаю, што ў маёй сям’і часта ўзгадвалі той урачысты парад, дарослыя з гонарам і пашанай абмяркоўвалі гэтую падзею, а гэтае запрашэньне захоўвалася як важны артэфакт сямейнай гісторыі.
«Мы нават ня ведалі, што каралева там будзе ехаць»
Ліст з падзякай ад каралевы выставіла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку актывістка беларускай дыяспары Дар’я Слабчанка.
Яе бацька, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Слабчанка, калі быў у камандзіроўцы ў Лёндане, узяў з сабой малюнкі і фатаздымак дачкі, маючы намер перадаць іх каралеве.
— Ня ведаю, як там яно перадавалася, мо нейкая скрыня была ці праз пэрсанал, але празь некаторы час прыйшоў адказ з падзякай ад каралеўскага імя, — згадвае Дарʼя. — А каралеву я пабачыла ў Канадзе, у Эдмантане. Яна праяжджала ў кабрыялеце каля крамы, дзе я працавала. Дык атрымалася выйсьці і павітаць. Усё было нязмушана, ніякіх асаблівых мераў засьцярогі, мы нават ня ведалі, што каралева там будзе ехаць.