Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня БАЖ заявіў, што Google выступае як распальвальнік вайны


Google вызначае заблякаваныя ў Беларусі сайты незалежных мэдыя і паніжае іх прыярытэт пры выдачы ў пошукавых запытах, заявіў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец падчас міжнароднага журналісцкага форуму 9 верасьня ў Літве.

Ён зазначыў, што пра гэтую праблему паведамілі прадстаўнікі некалькіх незалежных мэдыя, якія працягваюць працу па-за межамі Беларусі.

Паводле інфармацыі журналістаў, блякаваньне сайтаў беларускімі ўладамі Google «кваліфікуе як крытэрый ненадзейнасьці сайта і істотна паніжае выдачу ў пошукавых сыстэмах».

На гэты момант камунікацыя паміж журналісцкай супольнасьцю і карпарацыяй ні да чога не прывяла, канстатаваў Бастунец. Паводле яго, у Google адказалі, што «так уладкаваныя іх альгарытмы».

Так, напрыклад, пры пошуку інфармацыі пра Эміля Чэчку — польскага вайскоўца, які дэзэртаваў у Беларусь падчас міграцыйнага крызісу і пазьней быў знойдзены павешаным, — «пошукавая сыстэма выдае нататкі „Интерфакса“, „Спутника“ і іншых прапагандысцкіх СМІ». Кантэнт незалежных мэдыя на гэтую тэму, зьвярнуў увагу Бастунец, «знаходзіцца недзе далёка ўнізе».

Па словах старшыні БАЖ, аналягічная сытуацыя з пошукам інфармацыі па вайне ва Ўкраіне — у першую чаргу карыстальнікі бачаць афіцыйную інфармацыю ад уладаў Расеі і Беларусі, а не ад незалежных крыніц.

«Атрымліваецца, як кажуць калегі, Google выступае як распальвальнік вайны», — заявіў Бастунец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG