Пра гэта паведаміў спэцыяльны прадстаўнік ЗША па Паўночнай Карэі Сун Кім на трохбаковай сустрэчы з калегамі ў Сэуле.
«Паводле зьвестак ЗША, КНДР на сваім палігоне Пунгеры рыхтуецца правесьці сёмае ядзернае выпрабаваньне. Гэтыя зьвесткі адпавядаюць нядаўнім публічным паведамленьням КНДР», — заявіў Сун Кім.
У 2022 годзе Паўночная Карэя правяла сямнаццаць ракетных выпрабаваньняў, у тым ліку міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты. Гэтая хваля выпрабаваньняў і магчымая падрыхтоўка да ядзерных выбухаў, на думку іншага ўдзельніка сустрэчы, прадстаўніка Японіі Фунакошы Такехіра, падкрэсьліваюць неабходнасьць больш рашучага міжнароднага рэагаваньня.
У канцы траўня Паўночная Карэя запусьціла тры балістычныя ракеты ў бок Японскага мора. На наступны дзень пасьля запуску на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН ЗША прапанавалі рэзалюцыю аб уводзе дадатковых санкцый супраць КНДР. Расея і Кітай наклалі на яе вэта.
За апошнія 16 гадоў Рада Бясьпекі ААН неаднаразова ўзмацняла санкцыі, каб спыніць фінансаваньне паўночнакарэйскіх праграм стварэньня ядзернай зброі і балістычных ракет. Апошні раз міжнародныя санкцыі супраць Пхеньяна пашыралі ў 2017 годзе.