Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II. Прынц Чарлз стаў каралём Карлам ІІІ

абноўлена

Каралева Вялікай Брытаніі Лізавета II памерла ў сваім замку Балморал у Шатляндыі на 97-ым годзе жыцьця.

Як паведамляе BBC, пасьля сьмерці каралевы, новым каралём Вялікай Брытаніі адразу стаў прынц Чарлз.

Прынц Чарлз у Румыніі, 25 траўня 2022
Прынц Чарлз у Румыніі, 25 траўня 2022

Паводле традыцыі, адным зь першых дзеяньняў караля стала рашэньне, пад якім імем яму валадарыць. Ён выбраў імя Карл III. Прынц мог выбраць любое са сваіх чатырох імёнаў — Чарлз (Карл) Філіп Артур Джордж.

У першыя 24 гадзіны пасьля сьмерці маці Чарлз будзе афіцыйна абвешчаны каралём. Гэта адбудзецца ў палацы Сэнт-Джэймс у Лёндане, перад цырыманіяльным органам, вядомым як Рада ўступленьня (Accession Council).

Сымбалічным завяршэньнем уступленьня на манаршы пасад стане каранацыя, калі Чарлз будзе афіцыйна каранаваны. Гэта можа адбыцца празь нейкі даўжэйшы час. Каралева Лізавета ўступіла на трон у лютым 1952 году, але была каранавана толькі ў чэрвені 1953.

Пасьля сьмерці маці Чарлз узначаліў брытанскую Садружнасьць, аб’яднаньне 56 незалежных краін, у якіх пражываюць 2,4 мільярда чалавек. У 14 з гэтых краін, а таксама ў Вялікай Брытаніі, кароль зьяўляецца кіраўніком дзяржавы.

8 верасьня Букінгемскі палац распаўсюдзіў паведамленьне аб тым, што 96-гадовая каралева знаходзіцца пад назіраньнем лекараў, занепакоеных станам яе здароўя.

Паведамленьне аб гэтым было данесена да чальцоў парлямэнта падчас дэбатаў аб энэргетычным крызісе ў краіне. Спікер перапыніў выступленьні, каб паведаміць пра гэта.

У аўторак яна прыняла новую прэм’ер-міністарку Ліз Трас, насуперак традыцыі, не ў Букінгемскім палацы, а ў Балморале. У сераду ўвечары Лізавета, па рэкамэндацыі лекараў, прапусьціла прыём з Тайнай радай Вялікай Брытаніі, на якім Трас і яе міністры павінны былі прынесьці фармальную прысягу.

Лізавета II на працягу апошніх некалькіх месяцаў мела праблемы са здароўем: у кастрычніку 2021 года яна ўпершыню за восем гадоў была шпіталізаваная і правяла ў шпіталі ў Лёндане суткі. На патрабаваньні лекараў каралева часова адмовілася ад далёкіх паездак і пачала зьяўляцца на публіцы з кіем.

Ва ўзросьце 96 гадоў каралева Лізавета адзначыла 70-годзьдзе свайго ўступленьня на трон. Яна кіравала даўжэй, чым чацьвёра яе папярэднікаў, разам узятых. За гэты час пасьпелі зьмяніцца 14 брытанскіх прэм'ераў і столькі ж прэзыдэнтаў ЗША. З брытанскіх манархаў зь Лізаветай II параўнальная толькі каралева Вікторыя, якая кіравала 63 гады.

Каралева практычна не прымала ўдзелы ў сьвятах з нагоды 70-годзьдзя свайго ўзыходжаньня на пасад у пачатку чэрвеня, а ў ліпені 2022 году адмяніла свой заплянаваны ўдзел у цырымоніі адкрыцьця Гульняў Садружнасьці ў Бірмінгеме. На мінулым тыдні Лізавета ІІ прапусьціла традыцыйныя Гульні горцаў у мястэчку Брэмар на паўночным усходзе Шатляндыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG