Лінкі ўнівэрсальнага доступу

G7 падтрымала ініцыятыву ЗША абмежаваць цану расейскай нафты, у ЭЗ прапанавалі абмежаваць цану і на расейскі газ


Міністры фінансаў краін «вялікай сямёркі» (Вялікая Брытанія, Нямеччына, Італія, Канада, ЗША, Францыя, Японія) ухвалілі абмежаваньне цэнаў на расейскую нафту.

Як паведамляе Skynews, верхняя цана на расейскую нафту набудзе моц з 5 сьнежня 2022 году, на нафтапрадукты — з 5 лютага 2023 году.


Канцлер казначэйства Вялікай Брытаніі Надхім Захаві з гэтай нагоды сказаў:

«Мы скароцім магчымасьці Пуціна фінансаваць сваю вайну за кошт экспарту нафты, забараніўшы паслугі, такія як страхаваньне і прадастаўленьне фінансаваньня, для суднаў, якія перавозяць расейскую нафту вышэй за ўзгоднены ліміт цэнаў.

Мы аб’яднаныя супраць гэтай барбарскай агрэсіі і зробім усё магчымае, каб падтрымаць Украіну ў яе барацьбе за сувэрэнітэт, дэмакратыю і свабоду».

Напярэдадні расейскі віцэ-прэм’ер Аляксандар Новак заявіў, што Расея ня будзе пастаўляць нафту краінам, якія абмяжуюць цэны на яе.

Як паведамляў Белы дом, міністры фінансаў краін «Вялікай сямёркі» 2 верасьня абмяркоўвалі прапанаванае адміністрацыяй Байдэна абмежаваньне цаны на расейскую нафту.

«Мы лічым, што гэта самы эфэктыўны спосаб моцна ўдарыць па даходах Пуціна, што прывядзе ня толькі да іх падзеньня, але і да зьніжэньня сусьветных цэнаў на энэрганосьбіты, — заявіла прэс-сакратарка Белага дому Карын Жан-П’ер на брыфінгу для журналістаў 31 жніўня. — Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца дадаткова на гэтым тыдні, на сустрэчы міністраў фінансаў G7 у пятніцу». Словы спадарыні Жан-П'ер цытуе «Голас Амэрыкі».

Лідэры G7 вырашалі, якім чынам усталяваць верхнюю мяжу цаны расейскай нафты, а таксама разглядаюць і іншыя альтэрнатывы, у тым ліку блякаваньне яе транспартаваньня.

Нягледзячы на тое, што экспарт расейскай нафты апусьціўся да самага нізкага ўзроўню са жніўня мінулага году, экспартная выручка Масквы ў чэрвені павялічылася на 700 мільёнаў даляраў у месячным вылічэньні, бо цяперашнія цэны на 40% перавышаюць сярэдні паказчык 2021 году, паведаміла Міжнароднае энэргетычнае агенцтва ў ліпені.

Заходнія лідэры прапанавалі вырашыць гэтую праблему з дапамогай абмежаваньня цаны на нафту, якую маюць права плаціць нафтаперапрацоўчыя заводы і трэйдэры за расейскую нафту. Аднак некаторыя трэйдэры і аналітыкі нафтавага рынку выказалі сумневы ў тым, што абмежаваньне будзе дзейнічаць, бо Расея знайшла спосабы пастаўляць сваю нафту ў Азію без страхаваньня суднаў на Захадзе.

У групу G7 уваходзяць Вялікая Брытанія, Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія і Злучаныя Штаты. Многія краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну, якое Масква да гэтага часу называе «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», але ключавыя спажыўцы расейскай нафты — Кітай і Індыя — павялічылі імпарт з Расеі да рэкордных узроўняў, дамогшыся ад Расеі зьніжкі.

У Эўразьвязе прапанавалі абмежаваць цану і на расейскі газ

Для ЭЗ прыйшоў час увесьці абмежаваньне цэнаў на трубаправодны газ з Расеі, заявіла старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

«Я цьвёрда перакананая, што надышоў час абмежаваць цэны на расейскі трубаправодны газ, [які пастаўляецца] у Эўропу», — сказала Урзуля фон дэр Ляен журналістам у кулюарах сустрэчы нямецкіх кансэрватыўных заканадаўцаў у горадзе Мурнаў 2 верасьня, паведамляе Reuters.

Пры гэтым яна сказала, што верхняя мяжа цаны патрэбная, каб «даць адпор спробам прэзыдэнта Расеі маніпуляваць эўрапейскім энэргетычным рынкам».

Яна зазначыла, што гэтая мяжа можа быць прапанаваная на ўзроўні кіраўніцтва валютнага блёку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG