30 жніўня стала вядома, што родным журналіста Дзяніса Івашына патрэбна дапамога ў аплаце паслуг адваката. Для таго, каб заплаціць абаронцу Дзяніса, быў абвешчаны тэрміновы збор грошай. Неабходную суму сабралі за 3 дні.
Сваякі вельмі ўдзячныя ўсім за дапамогу. Пра гэта ў сацсетках напісала жонка палітзьняволенага журналіста Вольга Івашына:
«Нарэшце я магу шчыра падзякаваць ад імя Дзяніса Івашына і ўсіх нас за вашую чуйнасьць, дабрыню, спагаду, салідарнасьць і адкрытыя сэрцы!
Нягледзячы на тое, што нашая сумная эпапея доўжыцца ўжо амаль паўтара года, а агульнанацыянальная трагедыя — яшчэ даўжэй, вы знаходзіце для тых, хто мае патрэбу, сілы, сродкі, час і добрыя словы падтрымкі. Асабліва важна для мяне, што мы цяпер маем амаль пайменны сьпіс для малітвы за ахвярадаўцаў. Мяркую, з улікам усіх прапановаў дапамогі і ўжо пералічанага, гэтае пытаньне ўжо можна закрываць.
Цешыць, што такая хваля салідарнасьці датычыцца і іншых закладнікаў рэжыму ўнутранай акупацыі. Гэта значыць, што яму адназначна ёсьць чаго баяцца, таму і працягвае так шалець. А наш Дзяніс з кожным днём адчувае сябе ўсё лепш і лепш. Відаць, яму на адлегласьці неяк перадаюцца вашыя цеплыня й дабрыня. І мы цешымся з гэтае нагоды!
Барацьба за вызваленьне краіны трывае!» ПЕРАМОГА БУДЗЕ ЗА НАМІ!», — напісала жонка Дзяніса Івашына Вольга.
Кіраўнік Фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак 31 жніўня абвясьціў тэрміновы збор грошай у падтрымку палітвязьня, журналіста Дзяніса Івашына і ягонай сям'і.
Дзяніс Івашын — журналіст-расьсьледнік. Яго затрымалі пасьля публікацыі чарговай часткі расьсьледаваньня пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў менскім АМАПе. Ён супрацоўнічаў як валянтэр з камандай расьсьледнікаў InformNapalm, якая пісала пра ўплыў Расеі на Беларусь, Сырыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у газэце «Новы час», вядомы публікацыямі пра рэстарацыю «Поедем поедим», пабудаваную побач зь месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.
Івашына цяпер судзяць у Горадні. Закрыты судовы працэс над Івашыным пачаўся 15 жніўня ў будынку Горадзенскага абласнога суду. Блізкія загадзя ведалі, што працэс будзе закрытым праз «разгляд дзяржаўных таямніц».