Родным Аўтуховіча сабралі грошы на адвакатаў
Дачка Мікалая Аўтуховіча паведаміла, што за два дні неабыякавыя людзі сабралі патрэбныя грошы, каб аплаціць працу адвакатаў яе бацькі на найбліжэйшы час. гАгулам было сабрана больш за 8000 эўра.
Мікалая Аўтуховіча і шэраг зьвязаных зь ім, на думку сьледзтва, людзей затрымалі 1 сьнежня 2020 году.
Улады абвясьцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці і падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Мікалая абвінавачваюць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газэт. Ягоныя родныя адкрылі збор сродкаў на адвакатаў для Мікалая, бо грошы на іх аплату скончыліся.
Тэрміновы збор грошай у падтрымку палітвязьня Івашына
Кіраўнік Фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак абвясьціў тэрміновы збор грошай у падтрымку палітвязьня, журналіста Дзяніса Івашына і ягонай сям'і.
Пра гэта ён напісаў у Telegram.
Дзяніс Івашын — журналіст-расьсьледнік. Яго затрымалі пасьля публікацыі чарговай часткі расьсьледаваньня пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў менскім АМАПе. Ён супрацоўнічаў як валянтэр з камандай расьсьледнікаў InformNapalm, якая пісала пра ўплыў Расеі на Беларусь, Сырыю, Украіну і іншыя краіны. Таксама Івашын працаваў у газэце «Новы час», вядомы публікацыямі пра рэстарацыю «Поедем поедим», пабудаваную побач зь месцам масавых расстрэлаў беларусаў у Курапатах.
Івашына цяпер судзяць у Горадні. Закрыты судовы працэс над Івашыным пачаўся 15 жніўня ў будынку Горадзенскага абласнога суду. Блізкія загадзя ведалі, што працэс будзе закрытым праз «разгляд дзяржаўных таямніц».