Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцякаць, пакуль выпускаюць? Дазвол на выезд — апошняе, што ў беларусаў пакуль не адабралі


Ці захаваецца ў цяперашняй Беларусі права на свабодны выезд за мяжу?

Сёньня слаба верыцца ў тое, што рэжым Лукашэнкі, які імкліва дрэйфуе з колішняга параўнальна мяккага аўтарытарызму ў бок паўнавартаснай жорсткай дыктатуры, пакіне свае заходнія межы адкрытымі для ўласных грамадзян. Рэжым дасягнуў такой ступені дэспатыі, што любая лібэральная свабода выглядае ў ім чымсьці чужародным, недарэчным і часовым. Як пляма на маршальскім мундзіры дыктатара.

У сыстэме, створанай Лукашэнкам, не засталося амаль нічога са звыклага набору свабодаў, якімі карыстаюцца людзі на Захадзе — ні выбараў, ні свабоднай прэсы, ні права на выказваньне ўласнай думкі, ні справядлівага суду, ні права на пратэст... Нічога, апроч танных дэкарацый і муляжоў. Свабода выезду за мяжу — адзінае зь пераліку дэмакратычных здабыткаў пачатку 90-х, чым беларусы пакуль што маюць магчымасьць карыстацца.

Выпускаць ці не выпускаць за мяжу ўсіх ахвотных? Можна меркаваць, што Лукашэнка ў гэтай справе да канца пакуль так і ня вызначыўся. Ён далёка ня першы з дыктатараў, які сутыкнуўся з такой дылемай. З аднаго боку — вялікая спакуса выштурхнуць за кардон усіх «бэчэбэшнікаў», «неверагодных», «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» — і такім чынам бестэрмінова кіраваць паслухмяным, бяспраўным і бязмоўным насельніцтвам. З другога — як быць, калі гэты паток эміграцыі набудзе вялізныя маштабы, калі рэзка пачне скарачацца насельніцтва (і асабліва яго адукаваная частка, у найбольшай ступені схільная да пратэстаў супраць дыктатуры), а значыць, хваля эміграцыі паўплывае на эканоміку, на даходы казны, а ў выніку і на ўстойлівасьць рэжыму?

І адзін, і другі спосабы ў гісторыі выкарыстоўваліся дэспатычнымі рэжымамі ня раз.

Бунтаўшчыкоў — за мяжу!

Адным зь першых указаў рэакцыянэра і контрарэфарматара Аляксандра ІІІ — усяго празь месяц пасьля забойства ў 1881 годзе «нарадавольцамі» ягонага бацькі — стаў дазвол на свабодны выезд з Расеі ўсім, хто мае пашпарты. Здавалася б, вельмі дзіўны крок для аднаго з самых кансэрватыўных цароў, які ўсяго праз тры тыдні пасьля гэтага выдасьць свой славуты ўказ «Аб непарушнасьці самадзяржаўя». Але Аляксандар ІІІ дбаў зусім не пра свабоду перасоўваньня сваіх падданых. Разьлік быў на тое, што за мяжу ўдасца сплавіць усіх бунтаўшчыкоў, карбанарыяў, рэвалюцыянэраў, якія на той час былі вельмі актыўнымі ў імпэрыі і ўчынялі замах за замахам на аўгусьцейшых асобаў.

Помнік расейскаму цару Аляксандру ІІІ ў акупаваным Расеяй Крыме. Лівадзія, 2017
Помнік расейскаму цару Аляксандру ІІІ ў акупаваным Расеяй Крыме. Лівадзія, 2017

На памяці ў Аляксандра ІІІ быў ня надта ўдалы прыклад папярэднікаў, якія спрабавалі зрабіць роўна адваротнае — шчыльна закрыць краіну ад любых шкодных павеваў заходняй свабоды. Ягоны дзед Мікалай І, напрыклад, моцна напалоханы дзекабрыстамі і эўрапейскімі рэвалюцыямі, фактычна забараніў сваім падданым езьдзіць за мяжу, і найперш на вучобу (акрамя выключных выпадкаў, зь ягонай асабістай згоды). Працэдура атрыманьня ўсіх неабходных дакумэнтаў і дазволаў была тады настолькі складаная і дарагая, што яе маглі сабе дазволіць хіба што тагачасныя алігархі. Дый то ня ўсе. «Сонца рускай паэзіі» камэр-юнкер Аляксандар Пушкін, напрыклад, так і застаўся да канца жыцьця невыязным, хоць па-француску размаўляў ня горш, чым па-расейску, і вельмі марыў павандраваць па Францыі і Італіі.

Мікалай Паўлавіч казаў так:

«Маладыя людзі вяртаюцца часам у Расею з самымі непраўдзівымі пра яе паняцьцямі. Ня ведаючы ейных сапраўдных патрэбаў, законаў, нораваў, парадку, а нярэдка і мовы, яны зьяўляюцца чужымі пасярод усяго айчыннага».

Мікалай І таксама (задоўга да савецкіх правадыроў, а таксама Пуціна і Лукашэнкі) паклапаціўся пра тое, каб ягоных падданых не спакушалі лібэральнымі ідэямі тагачасныя «замежныя агенты» і «варожыя галасы»: пры ім была ўведзена крымінальная адказнасьць за публічныя расповеды пра тое, што ў Эўропе нібыта жывецца больш свабодна і заможна, чым у імпэратарскай Расеі.

Скончылася цараваньне Мікалая І, як вядома, ягонай разгромнай паразай у Крымскай вайне, якая паказала глыбокую тэхналягічную і ваенную адсталасьць Расеі ад цывілізаванага сьвету. Што ў пэўнай ступені было наступствам яе самаізаляцыі.

Часопіс The Economist з выявай на вокладцы прэзідэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з загалоўкам «Нарадзіўся цар». 2017
Часопіс The Economist з выявай на вокладцы прэзідэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з загалоўкам «Нарадзіўся цар». 2017

Разьлік Аляксандра ІІІ у пэўным сэнсе спраўдзіўся, хоць у пэрспэктыве прыхільнікам адсталага манархічнага ладу гэта ня надта дапамагло. Асяродкі расейскіх рэвалюцыянэраў-палітэмігрантаў, якія паўсталі ў Парыжы, Лёндане, Цюрыху ды іншых эўрапейскіх гарадах, зусім ня сьцішылі змаганьне з царскім рэжымам і яшчэ больш актыўна сталі рыхтаваць рэвалюцыю, перасылаючы з-за мяжы падрыўную літаратуру і падрыхтаваных агітатараў. Урэшце, і вырашальны эпізод бальшавіцкай рэвалюцыі — кастрычніцкі пераварот 1917 году — наўрад ці быў бы магчымы, калі б не заплямбаваны цягнік зь Леніным ды іншымі рэвалюцыянэрамі-эмігрантамі, клапатліва перапраўлены нямецкімі спэцслужбамі са Швайцарыі ў рэвалюцыйную Расею.

Контрарэвалюцыянэраў — не на Захад, а ў ГУЛАГ!

Бальшавікі, прыйшоўшы да ўлады, спачатку таксама не заміналі ўцёкам «варожых элемэнтаў» за мяжу, а нават і спрыялі ім. Згадайма хоць бы «філязофскі параход», на якім у 1922 годзе прымусова былі выпраўлены на Захад сотні прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты, якая не прыняла бальшавіцкую дыктатуру.

Леў Троцкі, Уладзімір Ленін, Леў Каменеў. Масква, 1920
Леў Троцкі, Уладзімір Ленін, Леў Каменеў. Масква, 1920

Леў Троцкі (тады яшчэ не палітэмігрант, а адзін з правадыроў рэвалюцыі) у інтэрвію амэрыканскай журналістцы Стронг назваў гэтую акцыю «гуманізмам па-бальшавіцку»:

«Мы гэтых людзей выслалі, бо расстраляць іх не было падставы, а цярпець было немагчыма».

Што праўда, бальшавіцкія правадыры, якія самі добра ведалі толк у рэаліях палітэміграцыі, паколькі пры царызьме гадамі хаваліся за мяжой, вельмі хутка адмовіліся ад гэтага адносна гуманнага мэтаду. Ужо з 1923-га «контрарэвалюцыянэраў» пачалі высылаць не на Захад, а ў паўночныя губэрні Расеі, на Салаўкі. Ну, а потым зьявіўся ГУЛАГ. Пра свабодны выезд за мяжу савецкія грамадзяне маглі толькі марыць — ажно да самых апошніх дзён СССР.

У стваральнікаў і кіраўнікоў таталітарнага СССР, якія ўжо ў сярэдзіне 20-х шчыльна закрылі мяжу для ўласных грамадзян, былі дзеля гэтага зусім рацыянальныя матывы. Па-першае, ад рэалій «самага перадавога грамадзкага ладу» маглі ўцячы дзясяткі мільёнаў людзей: чыімі рукамі тады будаваць камунізм? Па-другое, зьяжджала найперш інтэлектуальная эліта: а значыць, камуністычнаму рэжыму пагражала тэхналягічная адсталасьць. Па-трэцяе, нават з самых зацятых палітычных ворагаў можна выціснуць сякую-такую карысьць для дыктатуры пралетарыяту: няхай працуюць на ўранавых рудніках ці валяць лес у Сыбіры. Ну, а самых здольных — можна выкарыстаць у «шарашках» (гэта калі палітвязьні-навукоўцы нават за лягернымі сьценамі павінны былі працаваць на савецкую навуку).

Так званы філязофскі параход, які ў 1922 годзе вывозіў расейскую эліту ў эміграцыю з СССР
Так званы філязофскі параход, які ў 1922 годзе вывозіў расейскую эліту ў эміграцыю з СССР

І гэта, па вялікім рахунку, спрацавала на рэжым. Закаркаваная ад вонкавага сьвету краіна ўсё роўна нараджала таленты — пісьменьнікаў, навукоўцаў, спартоўцаў, артыстаў.... Ці меў бы СССР ядзерную зброю, калі б не акадэмік-дысыдэнт Сахараў? Ці магчымыя былі б дасягненьні ў асваеньні космасу, калі б не палітвязень-канструктар Каралёў? Што там яшчэ ў стандартным наборы рэкордаў, якімі ганарыліся ў СССР? Балет (зь вечным страхам прыстаўленых да артыстаў агентаў КДБ, што нехта ня вернецца з замежных гастроляў — і не вярталіся, гэта было нярэдкай зьявай)? Хакей (зь нязбыўнай марай усіх савецкіх «зорак» падпісаць кантракт з НХЛ — і некаторыя асабліва ўдачлівыя гэтага дасягалі — праўда, цаной страты савецкага грамадзянства)?

Салавецкі манастыр, які ў 1930-х гадах стаў часткай ГУЛАГу для палітычных вязьняў і духавенства
Салавецкі манастыр, які ў 1930-х гадах стаў часткай ГУЛАГу для палітычных вязьняў і духавенства

Дазвол на выезд: як гэта было ў Савецкім Саюзе

У позьнім СССР выезд за мяжу ўжо не лічыўся раўназначным здрадзе радзіме, як за Сталіным, але па-ранейшаму заставаўся прывілеем вельмі нямногіх. Паездка за рубеж (нават у краіны «сацыялістычнага лягеру» — Польшчу, Усходнюю Нямеччыну ці Вугоршчыну) вымагала для савецкага грамадзяніна шмат часу, цярпеньня і грошай. Патрабаваўся вялізны пералік дакумэнтаў. Шматлікія характарыстыкі і рэкамэндацыі. Даўгая падрабязная анкета, любы пункт якой (наяўнасьць сваякоў за мяжой, «ня тая» нацыянальнасьць, знаходжаньне падчас вайны на акупаванай тэрыторыі, допуск да дзяржаўных сакрэтаў) мог стаць падставай для адмовы. Тыдні два трэба было зьбіраць розныя мэдычныя даведкі — з падрабязнымі абсьледаваньнямі і здачай аналізаў. А яшчэ ж былі абавязковыя інструктажы спэцслужбаў — што рабіць, калі вас спрабуюць завэрбаваць; як пазьбягаць падазроных знаёмстваў; чым можна дыскрэдытаваць высокае званьне савецкага грамадзяніна.

Савецкі пашпарт і іншыя дакумэнты грамадзян СССР
Савецкі пашпарт і іншыя дакумэнты грамадзян СССР

Але найбольш адказнай часткай усёй працэдуры адбору была выязная камісія ў райкаме. Вэтэраны партыі павінны былі ўпэўніцца, што адпускаюць за кардон адданага справе Леніна грамадзяніна, які пайменна ведае членаў Палітбюро, можа назваць год заснаваньня РСДРП і газэты «Правда», а таксама арыентуецца ў рашэньнях апошняга зьезду КПСС. У залежнасьці ад таго, у якую краіну накіроўваўся кандыдат на выезд, амаль абавязковым было пытаньне пра лідэра камуністычнай партыі гэтай краіны. Навошта гэта было адпускніку, які зьбіраўся ў адпачынак на ўзьбярэжжа возера Балатон — вялікая савецкая таямніца.

Пытаньні, якія задавалі на камісіі, гучалі часта абсурдна і сьмешна. Але паспрабавалі б вы іранізаваць з гэтай нагоды. Любая памылка альбо неасьцярожная ўсьмешка маглі скончыцца адмовай. Аспрэчыць якую было практычна немагчыма: не існавала ў савецкім заканадаўстве такога мэханізму.

Лукашэнка: «Мы прымем меры да тых, хто зьехаў за мяжу»

Свабода выезду беларускіх грамадзян за мяжу на працягу амаль усіх 28 гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі была адносная. У Расеі ўжо ў 1993 годзе для выездаў былі скасаваныя ўсе абмежаваньні. У Беларусі ж на працягу многіх гадоў у пашпарце заставаўся абавязковы «дазвольны штамп» — накшталт тых, што існавалі ў СССР. Скасаваць яго пры жаданьні можна было адным прэзыдэнцкім указам, але Лукашэнка не сьпяшаўся. Найперш, відавочна, таму, што на гэтым штампе ўлады добра зараблялі: плата спаганялася асобна за кожны год ягонага дзеяньня. Праіснаваў гэты штамп ажно да 2007 году.

Апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька трымае свой пашпарт, на якім стаіць пячатка:У выездзе адмоўлена. 2008
Апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька трымае свой пашпарт, на якім стаіць пячатка:У выездзе адмоўлена. 2008

Стаўленьне Лукашэнкі да права грамадзян на свабоду перамяшчэньня па сьвеце зьмянялася ў залежнасьці ад палітычных абставінаў. З аднаго боку, ягоная даўняя мара — давесьці насельніцтва Беларусі да 15 мільёнаў чалавек. (А ў пэрспэктыве ён бачыў Беларусь нават з 20-мільённым насельніцтвам: апошні раз такімі пражэктамі дзяліўся з падначаленымі 3 жніўня 2017 году). З дасягненьнем гэтай мэты працэс масавай эміграцыі цяжкаспалучальны. І да падзей 2020 году Лукашэнка лічыў, што ў беларускіх грамадзян няма ніякіх падстаў зьяжджаць з радзімы:

«...Запомніце маё перакананьне і падумайце над ім: няма ў грамадзяніна Беларусі такой прычыны, па якой ён можа зьехаць з краіны. Няма такой прычыны, калі ён сапраўдны грамадзянін сваёй краіны». (2 сакавіка 2019 году).

Пасьля 2020 году стаўленьне Лукашэнкі да гэтай праблемы становіцца вельмі супярэчлівым. Псыхалягічная траўма ў выніку жнівеньскай рэвалюцыі была настолькі вострая, што рэжым, здавалася, ахвотна выкінуў бы за мяжу ўсіх «пратэстуноў» — як выштурхнуў Сьвятлану Ціханоўскую і спрабаваў выштурхнуць (але беспасьпяхова) Марыю Калесьнікаву. Выказваньні Лукашэнкі таго часу:

9 жніўня 2021:

«Мы прымем меры да тых, хто зьехаў туды (за мяжу.— РС) дзеля навучаньня, прамываньня мазгоў... Я даручыў міністру адукацыі, знаходзяцца самыя жорсткія рашэньні. Раз пайшлі на зачыстку — будзем чысьціць усё. ЭГУ скончыў — ну і працуй у Літве. Працуй, мы абыдземся, нічога страшнага... Там адзінкі выехалі, атрымалі адукацыю — ну там і жывіце».

24 жніўня 2021:

«Едзьце, вучыцеся. Але вы, калі ласка, там і заставайцеся. Таму што там ня столькі навучаюць — ім далёка да нашай адукацыі, паверце, далёка. Яны ім прамываюць мазгі і закідваюць да нас ужо як агентуру, з прамытымі мазгамі. Гэта ўжо ідэйныя, ну, калі ня ворагі, то праціўнікі нашай дзяржавы. І нам даводзіцца зь імі змагацца. Яны ўжо цяжкаперавыхавальныя».

Але што адметна: адначасова з гэтым у Беларусі са спасылкай на неабходнасьць антыковідных мераў былі ўведзеныя жорсткія абмежаваньні на выезд з краіны. І захоўваліся даволі працяглы час — ажно да сёлетняй вясны. Пры гэтым уезд у краіну ўвесь гэты час заставаўся адносна свабодны. І гэта міжволі схіляе да думкі, што галоўнай прычынай абмежаваньняў была зусім не пандэмія. Ускосна гэта прызнаў і сам Лукашэнка:

26 кастрычніка 2021:

«Нам падкідаюць ідэю: завязіце Pfizer, „Джонсан і Джонсан“, „Мадэрну“ ды іншае. Для чаго? Каб [людзі] маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць туды, да сваіх! Ехаць на Захад, інструкцыі атрымліваць! Вось для чаго ім гэта трэба!»

Няхай зьяжджаюць? Ці не выпускаць?

Дык усё ж няхай зьяжджаюць? Ці не выпускаць, бо там жа толькі «мазгі прамываюць» і «інструкцыі атрымліваюць»? Канчатковы адказ на гэтае пытаньне, выглядае, так і не сфармуляваны. Беларуская сухапутная мяжа ўрэшце пасьля пандэміі адкрылася. І ўлады з дапамогай памежных пераходаў пакрысе спускаюць пару грамадзкага незадавальненьня і напружаньня, дастаткова паблажліва назіраючы за ўцёкамі сапраўдных і ўяўных апазыцыянэраў, а таксама падсьледных і палітзьняволеных, асуджаных да «хіміі». (Не было б паблажлівасьці — такія ўцёкі былі б зьведзеныя на нішто).

Актывісты Беларусі падчас дэманстрацыі на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках-Берастовіцы ў знак пратэсту для ўзмацненьня санкцый супраць беларускага ўраду, 2021
Актывісты Беларусі падчас дэманстрацыі на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках-Берастовіцы ў знак пратэсту для ўзмацненьня санкцый супраць беларускага ўраду, 2021

Як доўга гэта працягнецца? Чамусьці мала верыцца ў тое, што рэжым Лукашэнкі, які імкліва дрэйфуе з колішняга параўнальна мяккага аўтарытарызму ў бок паўнавартаснай жорсткай дыктатуры, захавае свае заходнія межы адкрытымі. Рэжым дасягнуў такой ступені дэспатыі, што любая лібэральная свабода выглядае ў ім чымсьці чужародным, недарэчным і часовым. Як пляма на маршальскім мундзіры дыктатара.

У сыстэме, створанай Лукашэнкам, не засталося амаль нічога са звыклага набору свабодаў, якімі карыстаюцца людзі на Захадзе — ні выбараў, ні свабоднай прэсы, ні права на выказваньне ўласнай думкі, ні справядлівага суду, ні права на пратэст....Нічога, апроч танных дэкарацый і муляжоў.

Але справа ня толькі ў гэтым. Беларусь ужо сёньня сутыкаецца з эканамічнымі наступствамі масавай міграцыі. Амаль штомесяц — усё новыя антырэкорды па колькасьці занятых у эканоміцы. Правальная ўступная кампанія ў ВНУ: абітурыенты масава зьяжджаюць на Захад. Вялізны адток адмыслоўцаў (асабліва ў ІТ-сэктары, а таксама мэдыкаў, навукоўцаў, выкладчыкаў). Хранічны недабор прызыўнікоў на службу ў войска... Гэты сьпіс можна працягваць. Прывід усё больш яўнага эканамічнага заняпаду і тэхналягічнай адсталасьці маячыць на гарызонце.

Калі б не адкрытая ўсходняя мяжа, сам Лукашэнка, мяркую, ужо даўно вярнуўся б да старых правераных савецкіх практык. Сам ён у маладосьці (і да свайго дэпутацтва ў 90-я гады) бачыў замежжа хіба што праз калючы дрот на Берасьцейскай памежнай заставе. І ўспамінае той час з замілаваньнем і настальгіяй. Калі наважыцца закрыць свабодны выезд з краіны Расея (а там на тле вайны гэта можа адбыцца ў любы момант) — Лукашэнка будзе першы, хто тут жа кінецца ўзводзіць новую «жалезную заслону».

Дарэчы, ужо ў верасьні на восеньскай сэсіі дэпутатам прадпісана зацьвердзіць новы законапраект аб парадку выезду за мяжу, распрацаваны ў Лукашэнкавай адміністрацыі. Пакуль што выезд плянуецца забараніць «сілавікам» (бяз згоды начальства), а таксама фігурантам «палітычных» адміністратыўных спраў. Але што замінае ў любы момант пашырыць гэты пералік, аднавіць «дазвольныя штампы» ў пашпартах, а ўрэшце і стварыць новыя "выязныя камісіі? Дазвол на выезд — апошняе, што ў беларусаў гэтая ўлада пакуль не адабрала.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG