Палітзьняволеную Натальлю Ганчарэнку асудзілі на 3 гады «хіміі» і вызвалілі ў залі суду
31-гадовая Натальля Ганчарэнка знаходзілася пад вартай тры месяцы — з 31 траўня 2022 году. Яе затрымалі ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК), паведамляе «Вясна».
У «пакаяльным» відэа, якое зьявілася на праўладных тэлеграм-каналах, яна «прызналася» ў тым, што перакрывала рух транспарту падчас жнівеньскіх акцый пратэсту ў 2020 годзе, была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама зарэгістравалася ў пляне «Перамога».
30 жніўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску судзьдзя Юры Машкетаў пачаў разглядаць справу палітзьняволенай. 31 жніўня быў агучаны вырак: тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). Натальлю вызвалілі ў залі суду.
Вядома, што на працэсе «Менсктранс» выставіў пазоў за пяць эпізодаў на 98 тысяч рублёў — яго вынесьлі ў асобнае грамадзянскае вядзеньне.
За абразу Лукашэнкі жыхара Жыткавічаў асудзілі на 1,5 года калёніі
Суд Жыткавіцкага раёну вынес прысуд па справе мясцовага 40-гадовага жыхара Дзьмітрыя Крывулькі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу — «абраза прэзыдэнта» — за капіяваньне і разьмяшчэньне ў інтэрнэце допісу, які палічылі абразьлівым, паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Аношка, пракурор — Ігар Арцёменка. Вырак — 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.
Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Крывулька ў сваім акаўнце ў «Одноклассниках» «разьмясьціў відэаролік з гарачым і эмацыйным абмеркаваньнем палітычнай сытуацыі журналістамі іншай дзяржавы», у якім неаднаразова гучалі «рэплікі непаважлівага і абразьлівага характару» на адрас лідэраў некаторых краін, у тым ліку на адрас Лукашэнкі.
Працэс пачаўся яшчэ 2 жніўня, аднак узьнікла замінка з адвакатам, які папрасіў час для азнаямленьня з матэрыяламі справы.
Затрымалі фатографа і кіраўніка менскай кальяннай Івана Мураўёва.
Як паведамляе «Наша Ніва», Івана Мураўёва затрымалі ў Кальяннай №1. Папярэдне, Мураўёва абвінавачваюць па адным з «экстрэмісцкіх» артыкулаў, паведамляе выданьне.
Віцебскія ўлады зьліквідавалі Клюб аматараў амэрыканскага футболу
Паводле рашэньня Віцебскага абласнога суду, з 4 траўня грамадзкае аб'яднаньне «Клюб амэрыканскага футболу „Віцебскія Рысі“» знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Арганізацыя праіснавала без малога 6 гадоў і давала магчымасьць легальна папулярызаваць любімую многімі ў сьвеце гульню.
Ініцыятарам зьнішчэньня клюбу стала кіраўніцтва галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму, паведамляе «Віцебская Вясна».
Пачаўся суд над адміністратарам культурна-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans
Гомельскі абласны суд 1 верасьня пачаў разгляд крымінальнай справы адміністратара культурна-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans палітзьняволенага Мікіты Сьлепянка. Юнака абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім (ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».
Судовы працэс будзе весьці судзьдзя Васіль Бягун.
Мікіта Сьлепянок стварыў і адміністраваў культурна-гістарычны тэлеграм-канала Rezystans. Працаваў электрыкам у Гомлі, маляваў, спрабаваў пісаць музыку, вучыўся граць на гітары. Яго выклікалі на допыт у міліцыю 6 красавіка 2022 году, пасьля чаго затрымалі. Пазьней стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.
Да суду Мікіту трымаюць у СІЗА-3 Гомля.
Тэлеграм-канал Rezystans, у якім на сёньня 284 падпісчыкі, МУС прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем».
«УКантакце» заблякавала паблік «Это Минск, детка!» у Расеі
Прычына — патрабаваньне расейскай Генпракуратуры. Паблік асьвятляе палітыку і сацыяльнае жыцьцё ў Беларусі, вайну ва Ўкраіне. Адміністрацыя пабліку адрэагавала на блякаваньне доступу да старонкі ў РФ:
«Усе беларусы даўно ведаюць, што прызнаньне СМІ „экстрэмісцкім“ лукашэнкаўскім урадам — гарант якасьці, знак таго, што вы ўсё робіце правільна. ⟨...⟩ Мы змагаліся і будзем заўсёды змагацца за незалежнасьць Беларусі і ў пух і прах разносіць „русский мир“».
У траўні паблік папоўніў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі. Агулам на яго падпісана больш за 155 тысяч чалавек.