Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Goodbye, Gorby. Вайна абнуліла Міхаіла Гарбачова


Гарбачоў падчас візыту ў Менск. 26 лютага 1991
Гарбачоў падчас візыту ў Менск. 26 лютага 1991

Здаецца, толькі ў канцы жыцьця Міхаіла Гарбачова стала вядома, наколькі цесна ён быў зьвязаны з Украінай. На тле сёньняшняй вайны гэтыя повязі і гэты адыход выглядаюць асабліва сымбалічнымі.

У 2020 годзе выйшаў, мабыць, апошні вялікі дакумэнтальны фільм пра Міхаіла Гарбачова: «Горбачёв. Рай» рэжысэра Віталія Манскага.

Што ўразіла ў стужцы, дык гэта ня толькі жывы і сьветлы розум 90-гадовага немачнага Гарбачова, але і тое, наколькі гэты чалавек прасякнуты ўкраіншчынай і ўкраінскай культурай.

Гарбачоў быў напалову этнічным украінцам з паўкраінскага паселішча на Стаўрапольлі. Ягоная жонка Раіса Максімаўна таксама была этнічнай украінкай — прынамсі, напалову. Гарбачоў увесь фільм сьпявае ўкраінскія песьні, чытае ўкраінскія вершы, устаўляе ў размове ўкраінскія прымаўкі і фразы. Можна сапраўды паверыць у шчырасьць такіх людзей, як Гарбачоў, калі яны разважаюць пра нібыта адзінства расейцаў і ўкраінцаў — ну і беларусаў, як заўсёды, да купы.

Міхаіл Сяргеевіч мог бы застацца ў памяці як герой той наіўнай рэклямы Pizza Hut — Perestroika, Glasnost, раззбраеньне, новыя магчымасьці, падзеньне Бэрлінскага муру і «жалезнай заслоны». І ўсё гэта для мяне на тле дзяцінства, калі на ўсё глядзіш зь верай у хэпі-энд.

У канцы 80-х і на пачатку 90-х мы жылі ў галечы і паўгалодныя. Бабуля і дзед слалі нам у Маскву харчы зь Беларусі, а ў школе раздавалі гуманітарную дапамогу — дацкую тушонку і сухое малако. Тым ня менш гэта спалучалася з моцнай надзеяй і моцнай верай у лепшае, якія працягвалі жыць па вялікім рахунку да «ракіроўкі» Мядзьведзева з Пуціным у 2012 годзе.

Цяпер, вядома, усё гэта бачыцца зусім па-іншаму, чым нават год таму.

Украінскасьць нават для такіх напалову ўкраінцаў, як Гарбачоў, была пра сала, «горілку» і «Ніч яка місячна...». Ніяк не пра матэматыку, хімію ці палітыку на ўкраінскай мове. І Пуціна, якога з Украінай зьвязваюць ужо толькі нянавісьць, рэўнасьць і агрэсіўнае жаданьне падпарадкаваць, выгадавалі менавіта такія, як Гарбачоў.

Абаяльнасьць і харызма не пакінулі Міхаіла Сяргеевіча нават у глыбокай старасьці. Але апошні кіраўнік СССР увайшоў у гісторыю яшчэ і Чарнобылем, працягам вайны ў Аўганістане, масакрамі ў Рызе, Вільні і Тбілісі, працягам тыраніі і палітвязьнямі (Навадворская і Сахараў сядзелі ў ягоны час). Усё гэта яму наўрад ці можна дараваць.

Гарбачоў не хацеў распаду СССР. А значыцца, не хацеў адраджэньня Беларусі як сувэрэннай дзяржавы. Распад СССР быў вынікам ягоных памылак, а найперш — памылак ягоных папярэднікаў. Перабудова была шчырай, але няўдалай спробай менавіта захаваць савецкі рэжым. Проста рэформы пачаліся ўжо тады, калі выратаваць імпэрыю было, бадай, немагчыма.

Пасьля свайго фіяска 1991 году Гарбачоў за трыццаць гадоў не адзначыўся нічым пазытыўным і прымушаў за сябе толькі саромецца. Ён удзельнічаў у расейскіх выбарах з карыкатурнымі вынікамі. Рабіў палітычныя заявы рознай ступені неадэкватнасьці. Ён падтрымаў расейскую анэксію Крыму, і гэтым ягоную характарыстыку можна было б абмежаваць.

Расейскія шавіністы ненавідзяць Гарбачова і сьвяткуюць ягоную сьмерць. Сёлета таксама памерлі трое падпісантаў Белавескага пагадненьня: Шушкевіч, Краўчук, Бурбуліс. У жывых з тых падпісантаў цяпер застаўся толькі тагачасны прэм’ер-міністар Украіны Вітольд Фокін.

...Pizza Hut пакінула Расею ў чэрвені 2022 году. Настальгічны рэклямны ролік з 90-х глядзіцца цяпер як глупства і недарэчнасьць. Замілаваньне старога пакаленьня расейцаў Украінаю як краем варэнікаў і Тараса Бульбы выклікае агіду яшчэ большую, чым ролік з Гарбачовым і чым нашая прыкрая наіўнасьць усіх гэтых гадоў. Вайна Расеі супраць Украіны абнуліла ўсё. У тым ліку і Міхаіла Гарбачова.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG