Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з прэм’еркай Літвы Шыманіце, якая абяцала далей падтрымліваць беларусаў


Інгрыда Шыманіце ў офісе Сьвятланы Ціханоўскай
Інгрыда Шыманіце ў офісе Сьвятланы Ціханоўскай

«Пазыцыя Літвы пасьля 24 лютага не зьмянілася»,— заявіла Інгрыда Шыманіце.

30 жніўня прэмʼер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце наведала прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі ў Вільні, дзе абмеркавала са Сьвятланай Ціханоўскай сытуацыю ў Беларусі, удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны, становішча беларусаў, якія зьехалі з прычыны рэпрэсій.

Ціханоўская: дэмакратычныя сілы дабіваюцца вываду расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў сваім офісе з прэмʼер-міністаркай Літвы Інгрыдай Шыманіце. Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, прэмʼер-міністарка паразмаўляла з камандай Офіса Ціханоўскай і прадстаўнікамі навастворанага Аб’яднанага пераходнага кабінэту.

Ёй расказалі пра тое, як адбываецца праца над кабінэтам, а таксама пра кампаніі, якія дэмакратычныя сілы праводзяць у падтрымку Ўкраіны.

«Абмеркавалі сытуацыю ў беларускай эканоміцы і наступствы санкцыяў, а таксама верагоднасьць поўнага ўступленьня арміі Беларусі ў вайну супраць Украіны. Ціханоўская падкрэсьліла, што беларускае грамадзтва катэгарычна не падтрымлівае вайну і супраць уступленьня беларускіх войскаў, нягледзячы на спробы ціску і антыўкраінскую кампанію. Дэмакратычныя сілы дабіваюцца вываду расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі».

Ціханоўская расказала прэмʼер-міністарцы пра справу Мікалая Аўтуховіча і затрыманьне Мерыем Герасіменкі за выкананьне песьні «Акіяну Эльзы», пра падрыхтоўку пляну «Перамога» і праект «Беларускі гаюн», у якім да 30 000 чалавек зьбіраюць інфармацыю пра перамяшчэньні расейскіх і беларускіх войскаў. Яна таксама адзначыла важнасьць падтрымкі беларускіх СМІ і праваабаронцаў.

Акцэнт на візавых праблемах беларусаў

Падчас гутаркі бакі абмеркавалі сытуацыю з шэнгенскімі візамі.

«Ціханоўская падкрэсьліла важнасьць працягу выдачы беларусам візаў. Пры гэтым павінны быць пашыраныя індывідуальныя санкцыйныя сьпісы, каб сілавікі, чыноўнікі, памагатыя рэжыму ня мелі магчымасьці свабодна падарожнічаць і зарабляць у Эўразьвязе, як было раней. Ціханоўская папрасіла зьвярнуць увагу на беларускіх студэнтаў, многія зь якіх перад самым пачаткам навучальнага году маюць праблемы з атрыманьнем візаў. Разглядаецца магчымасьць стварэньня міжведамаснай групы з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, каб вырашаць візавыя і міграцыйныя пытаньні.

Што заявіла Шыманіце

«Ад самага пачатку рэпрэсій у Беларусі, і асабліва з пачаткам вялікай хвалі рэпрэсій пасьля чарговых скрадзеных Лукашэнкам прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, Літва стала часовым домам для беларусаў, вымушаных уцякаць са сваёй краіны. Запэўніваю вас, што гэтая пазыцыя не зьмянілася пасьля 24 лютага — мы будзем і далей рабіць усё, каб прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасьці і СМІ былі ў бясьпецы ў Літве і маглі годна жыць і працаваць», — перадае словы прэмʼер-міністаркі яе прэс-служба.

Падчас сустрэчы ў офісе Ціханоўскай
Падчас сустрэчы ў офісе Ціханоўскай

Шыманіце адзначыла, што цяпер, калі вочы ўсяго сьвету прыкаваныя да Украіны, якая ваюе, Літва ня можа забываць і павінна працягваць падтрымліваць беларусаў у іх барацьбе за дэмакратыю.

«Літва будзе і далей імкнуцца захаваць справу свабоды Беларусі ў міжнародным парадку дня, падтрымлівала і будзе падтрымліваць патрабаваньні беларусаў аб спыненьні рэпрэсій у краіне, вызваленьні і поўнай рэабілітацыі палітвязьняў, правядзеньні свабодных і дэмакратычных выбараў», — заявіла прэмʼерка Літвы.

Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала вынікі сустрэчы з Інгрыдай Шыманіце:

«Я падзякавала спадарыні Шыманіце за падтрымку Літвы, за цьвёрдасьць і пасьлядоўнасьць. Ужо два гады Літва працягвае прымаць беларускіх палітычных уцекачоў, рэпрэсаваных, беларускія кампаніі і недзяржаўныя арганізацыі. Літва заступаецца за беларусаў на міжнароднай арэне і не дае спакою памагатым рэжыму. У справе візаў я патлумачыла, чаму важна адрозьніваць беларусаў і рэжым. Нам важна ўзмацняць сувязі паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. Пры гэтым важна выпрацаваць мэханізм, каб памагатыя рэжыму і прыхільнікі вайны не маглі злоўжываць адкрытасьцю Эўропы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG