У Магілёве сілавікі затрымалі цэлую сям’ю — «за ўдзел у акцыях у 2020 годзе»
Супрацоўнікі 11-га ўпраўленьня ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі (Магілёў) і мясцовага АМАПу затрымалі мужа і жонку — Яўгена і Вольгу Пруднікавых, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы Mayday.team. Фармальнай прычынай для затрыманьня стала тое, што сямейная пара езьдзіла ў 2020 годзе на акцыі пратэсту ў Менск.
Вядома, што ў доме сямʼі быў праведзены ператрус.
У затрыманай сям’і Пруднікавых ёсьць гадавалае дзіця. Яўген Пруднікаў працуе ў Магілёўскіх электрычных сетках, а Вольга Пруднікава (па непацьверджаных зьвестках) — у РУП «Белфармацыя».
«Прыяжджаў АМАП, білі палітычных». Праваабаронцам стала вядома пра пабіцьцё на «хіміі» ў Крупках
Праваабаронцам паведамілі, што 23 жніўня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 39 у Крупках прыяжджалі супрацоўнікі АМАПу і білі «палітычных». Прычыны такой увагі да людзей, асуджаных на «хімію» з палітычных матываў, невядомыя.
«Прыяжджаў АМАП, білі „палітычных“ і прымушалі крычаць: „Люблю Лукашэнку, люблю АМАП“». Пад канец сказалі, што прыехалі па даручэньні начальніка ўстановы Мацука.
«Палітычных па два чалавекі заводзілі ў ленпакой, ставілі да сьценкі і малацілі кулакамі і дубінкамі. Пыталіся артыкул, а калі чулі: „Палітычны артыкул“, то яны казалі: „Наш кліент“ і малацілі. Некаторых палітычных нават ні разу ня ўдарылі, а ў астатніх ногі сінія», — расказалі праваабаронцам сьведкі.
Па зьвестках праваабаронцаў, у папраўчай установе адкрытага тыпу № 39 ў Крупках знаходзіцца як мінімум 14 чалавек, асуджаных з палітычных матываў.
Затрыманьні ў Менску
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне Кірыла і Марыі Ясінскіх, якія жывуць у ЖК «Каскад». У віну ім ставяць удзел у акцыях пратэсту з выхадам на дарогу, дваровыя чаяваньні ў «Каскадзе», а таксама падпіску на «экстрэмісцкія» twitter-акаўнты, піша «Вясна».
Таксама стала вядома, што ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Менску Натальлю Азарэвіч. Паводле сілавікоў, 40-гадовая жанчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Затрымалі жонку палітвязьня Анатоля Латушкі
Праваабаронцам стала вядома, што ўчора затрымалі жонку палітвязьня Анатоля Латушкі — Алену. У яе дома адбыўся ператрус паводле арт. 342 КК. Дзе яна цяпер — невядома.
Палітвязень Анатоль Латушка — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі.
Узбудзілі справу «аб адмаўленьні генацыду беларускага народу»
Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу «па факце распаўсюджваньня групай неўстаноўленых асобаў на інтэрнэт-рэсурсах „Флагшток“ і „Зеркало“ інфармацыі аб адмаўленьні генацыду беларускага народу», паведамляе BPN са спасылкай на прэсавую службу ведамства.
«Проціпраўныя дзеяньні кваліфікаваныя па ч.1 арт.130-2 Крымінальнага кодэксу», — адзначаецца ў рэлізе Генпракуратуры.
Частка 1 артыкула 130-2 «Адмаўленьне генацыду беларускага народу» прадугледжвае пакараньне арыштам, або абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.