«Пэўнае супрацоўніцтва, скажу так, працягваецца. Але мы бачым, як паступова дэградуюць тыя сувязі, якія былі наладжаны, напэўна, нават дзесяцігодзьдзямі. Гэта трэба канстатаваць, гэта так», — паведаміў Сяргей Шлычкоў.
«Нейкая частка праектаў, якія рэалізаваліся збольшага па ініцыятыве Эўразьвязу, яшчэ намі працягваецца — дзейныя праекты з тэрмінам іх завяршэньня 2024–2025 гг.», — зазначыў кіраўнік ДКНТ.
Ён лічыць цяперашняе становішча «шляхам у нікуды».
«На жаль, пераможцаў тут ня будзе. Разрывы сувязяў паміж навукоўцамі, як правіла, паказваюць, што цярпяць усе».
Шлычкоў таксама паведаміў, што плянуецца павелічэньне фінансаваньня зь дзяржаўнага бюджэту на навуковыя распрацоўкі і тэхналёгіі: «Плянаваньне бюджэту на наступны год на ўзроўні камітэту скончана. Мы канстатуем павелічэньне аб’ёму фінансаваньня прыкладна на 20–25%. Гэта прыблізна 506 млн рублёў».