«Каля 50 разоў адгукалася на вакансіі — нуль»
У людзей, якія застаюцца ў Беларусі, цяпер узьнікаюць цяжкасьці з пошукам працы: вакансій няшмат. Спэцыялістка ў сфэры мастацтвазнаўства расказала Свабодзе, што ўжо два гады шукае працу, хоць скончыла курсы, каб зьмяніць спэцыяльнасьць.
«Я працавала ў дзяржаўнай творчай ВНУ навуковым супрацоўнікам. Жнівень 2020-га стаў апошняй кропкай, хоць пра зьмену працы я думала даўно. Прычына — стаўленьне да працаўнікоў у дзяржустановах (аб’юзэрскае, шчыра кажучы) і мізэрны заробак. Я была першай, хто сышоў. Пасьля звольніўся ці быў звольнены ўвесь мой аддзел. Я не пляную вяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, таму нават ня вельмі і глядзела такія вакансіі», — расказвае суразмоўца.
Спэцыялістка мае навуковую ступень, скончыла курсы дызайну, але з пошукам працы па-ранейшаму складана.
«У 2020-м я атрымала адукацыю ў сфэры дызайну інтэрʼера. Скончыла курсы UX/UI-дызайну. Спрабавала шукаць працу — на жаль, нічога. Каля пяцідзесяці разоў адгукалася на вакансіі — нуль. Няма вопыту. І неверагодна стары ўзрост (!) (мне менш за 40). Вось так... Відавочна, што IT-сфэра ў Беларусі амаль усё — пахавана альбо выехала», — кажа суразмоўца.
Яшчэ адна спэцыялістка працуе ў сфэры архітэктуры, геапляністам. Яна працуе як ІП, але буйны заказчык, зь якім яна раней супрацоўнічала, займеў праблемы праз вайну і палітычны крызіс.
«Я была бяз працы амаль тры месяцы: люты, сакавік і красавік. Зараз я канчаю ўжо пачатыя праекты, а ўсё новае, што яны плянавалі, цяпер прыпыненае. Я дараблю рэшту, і трэба нешта думаць далей, бо гэта быў буйны і асноўны працадаўца. Ісьці ў дзяржаўную ўстанову мне не цікава. Думаем з мужам пра пераезд», — кажа суразмоўца.
Глядзім, колькі цяпер прапануюць розным спэцыялістам.
Інжынэр
- Інжынэру-энэргетыку ў Баранавічах гатовыя плаціць да 1000 рублёў на месяц. З патрабаваньняў — вышэйшая адукацыя.
- Вядучаму інжынэру па эксплюатацыі і рамонце абсталяваньня ў Белдзяржфілярмоніі прапануюць месячны заробак у 600 рублёў, патрабуюць ад кандыдатаў профільную вышэйшую адукацыю.
- Вядучаму інжынэру ў Цэнтры інфармацыйных тэхналёгій Менгарвыканкаму прапануюць 960–1260 рублёў.
- Інжынэру-канструктару на «Бабруйскім машынабудаўнічым заводзе» прапануюць да 850 рублёў на стаўку.
- Галоўнаму інжынэру ў «Прамсувязі» прапануюць 2150 рублёў, патрабуюць вышэйшую адукацыю, пажадана ў БДУІРы, досьвед працы на вытворчасьці ў галіне радыёэлектронікі, праектаваньні радыёэлектронікі. Таксама трэба ведаць заканадаўства па ахове працы і пажарнай бясьпекі. Абавязковая таксама станоўчая характарыстыка з ранейшай працы.
- Самы вялікі заробак інжынэру, які знаходзім, прапануе арганізацыя «Будсувязь-2008». Там абяцаюць да 5000 рублёў, для чаго трэба мець вышэйшую адукацыю, ад 7 гадоў стажу і ведаць ангельскую і кітайскую мовы.
Агулам у агульнарэспубліканскай базе вакансій для інжынэраў 3364 вакансіі.
Архітэктар
- У Магілёўскай вобласьці шукаюць галоўнага архітэктара праекту ў «Сэрвалюкс Агра», прапануюць 1500 рублёў на месяц.
- У Берасьцейскім гарадзкім цэнтры архітэктуры і будаўніцтва галоўнаму архітэктару праекту гатовыя плаціць 1200 рублёў.
- У Менску кампанія «Маналіткомплекс-інвэст» шукае архітэктара на 1500 рублёў у месяц. З патрабаваньняў — тэхнічная адукацыя, добрае веданьне кампутара і профільных праграмаў.
- У агульнай рэспубліканскай базе вакансій агулам 35 вакансій па такой спэцыяльнасьці. Самы высокі заробак па гэтай спэцыяльнасьці знаходзім у кампаніі «КН архітэктс», прапануюць 2000 рублёў.
Эканаміст
- Вядучаму эканамісту ў «Белаграпрамбанку» ў Менску гатовыя плаціць да 1860 рублёў на месяц. З патрабаваньняў — вышэйшая адукацыя і 5 гадоў стажу.
- У цэнтар інфармацыйных тэхналёгій Менгарвыканкаму эканаміста шукаюць на 1000 рублёў на месяц. З патрабаваньняў — толькі вышэйшая адукацыя.
- Найбольшы заробак для эканаміста знаходзім у адной з кампаній Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», там прапануюць да 3660 рублёў.
Агулам, згодна з рэспубліканскім банкам вакансій, краіне патрэбныя 384 эканамісты.
Бухгальтар
У Мазыры на Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат шукаюць эканаміста на 1200 рублёў. Патрабуюць вышэйшую адукацыю і 5 гадоў стажу.
Галоўнаму бухгальтару ў «Савушкін Орша» гатовыя плаціць 1000 рублёў на месяц, патрабаваньне — вышэйшая адукацыя.
У Менску, у кампанію «Ан Гарант Нерухомасьць», шукаюць бухгальтара на 1800 рублёў. Патрэбна вышэйшая эканамічная адукацыя.
Найбольшы заробак для гэтай спэцыяльнасьці знаходзім у «Белаграпрамбанку»: намесьніку галоўнага бухгальтара гатовыя плаціць 6970 рублёў.
Агулам праз рэспубліканскую базу вакансій шукаюць 758 бухгальтараў.
Лекар
У агульным рэспубліканскім банку вакансій і рэзюмэ 5591 вакансія для лекараў. Гэта амаль 6% ад усіх вакансій па Беларусі.
- Большасьць заробкаў, якія прапануюць лекарам на поўную стаўку, — ад 1000 да 1300 рублёў. Вышэйшыя знайсьці досыць складана.
- Самы высокі заробак для лекара не на кіраўнічай пасадзе знаходзім у 5-й гарадзкой клінічнай лякарні ў Менску. Анэстэзіёлягу-рэаніматолягу тут прапануюць ад 4811 да 7018 рублёў.
Праграміст
У ІТ традыцыйна вышэйшыя заробкі, чым у сярэднім па Беларусі. Напрыклад, Middle+ JavaScript developer можа разьлічваць на заробак $2400–4500. Ёсьць магчымасьць працаваць дыстанцыйна.
- Junior/Middle DevOps можа разьлічваць на заробак ад 700 даляраў.
- Bubble-распрацоўшчык узроўню Junior — на заробак ад 800 даляраў. Але такія заробкі ў прыватных кампаніях.
Вакансіі для праграмістаў ёсьць і ў агульным рэспубліканскім банку вакансій.
- Напрыклад, інжынэру-праграмісту ў «Гроднаэнэрга» прапануюць 1600 рублёў, інжынэру-праграмісту ў Менгарвыканкаме — 1245 рублёў.
Сярэдні заробак, паводле Белстат, у Беларусі за чэрвень склаў 1626 рублёў.