Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 жніўня: прызначылі дату суду над Ксеніяй Луцкіной; Мікалая Казлова вінавацяць у кіраваньні «радыкаламі»

абноўлена

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1301 чалавека. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Чэмпіёну Эўропы далі пяць гадоў «хатняй хіміі»

Чэмпіёна Эўропы і віцэ-чэмпіёна сьвету ў гандболе Міхаіла Міхуту асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі» за рэпосты і камэнтары пра Лукашэнку.

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, у чэрвені 2020 году «ЎКантакце» Міхута зрабіў некалькі рэпостаў, якія «абразілі гонар і годнасьць Лукашэнкі ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй Беларусі, а таксама нанесьлі шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады».

Затрыманьні за падпіску на «экстрэмісцкі канал» і абразу міліцыі

ГУБАЗіК затрымаў жыхара Магілёва Ўладзімера Макоўскага, паведамляе «Вясна». Паведамляецца, што мужчына нібыта прайшоў рэгістрацыю ў пляне «Перамога», а таксама быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне лекаркі-анестэзіёляга-рэаніматоляга Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі Вольгі Барушкі. На «пакаяльным відэа» 35-гадовая жанчына кажа, што затрыманая праз камэнтары ў інтэрнэце — нібыта яна абражала супрацоўнікаў міліцыі.

Справа Казлова зьвязаная з пратэстамі жніўня 2020-га

Некаторыя падрабязнасьці абвінавачаньня, выстаўленага кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову, раскрыў для БелТА начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Сяргей Паско. Карыстаючыся сучаснай тэрміналёгіяй сілавікоў, ён расказаў, што пратэсты жніўня 2020 году былі «масавымі бясчынствамі», а Казлоў нібыта кіраваў «радыкальна настроеным натоўпам» на загад сваіх «куратараў», загадваючы перакрываць дарогі і замінаць праезду тэхнікі.

Мікалая Казлова разам зь іншымі актывістамі АГП затрымалі 27 ліпеня. На пачатку жніўня стала вядома, што яго абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 342 КК («Навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці»).

Да гэтага Мікалай Казлоў адбыў трохмесячны тэрмін арышту паводле крымінальнага артыкула 407 («Адкрыцьцё дадзеных папярэдняга сьледзтва»), у канцы сакавіка 2022 году ён выйшаў на волю.

Справу стрыечнага брата Латушкі перадалі ў суд

Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску накіравала ў суд крымінальную справу стрыечнага брата Паўла Латушкі Анатоля Латушкі, а таксама Алены Маліноўскай і Ліліі Ананян. Пра гэта паведаміла прэс-служба пракуратуры.

Фігурантаў абвінавачваюць у:

  • злосным хуліганстве — нібыта яны наносілі фарбай надпісы на маёмасьці некалькіх прадпрыемстваў, шкоду ацанілі больш як у 3 тысячы рублёў (ч. 2 арт. 339 КК — да 6 гадоў пазбаўленьня волі);
  • перашкодзе ажыцьцяўленьню права на ўдзел у рэфэрэндуме, працы Цэнтравыбаркаму —быццам яны разьмяшчалі ўлёткі з заклікамі да байкоту (ч. 2 арт. 191 КК — да 5 гадоў пазбаўленьня волі);
  • зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў — спалілі дзяржаўны сьцяг і разьмясьцілі відэа ў інтэрнэце (арт. 370 КК — да 3 гадоў пазбаўленьня волі).

Аднаму з абвінавачаных (яго імя не ўдакладняецца) таксама інкрымінавалі:

  • незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных — разьмясьціў улёткі з асабістымі дадзенымі (ч. 3 арт. 203-1 КК Беларусі — да 5 гадоў пазбаўленьня волі)
  • удзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 — да 4 гадоў пазбаўленьня волі).

Усе трое пад вартай.

Латушку, Маліноўскую і Ананян затрымалі ў ноч на 31 студзеня сёлета за тое, што яны нібыта малявалі на паштовых скрынях у пад’ездах дома гістарычны герб «Пагоня». Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

45-гадовы Анатоль Латушка — стрыечны брат беларускага палітыка, кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і члена Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былога дыплямата і чыноўніка Паўла Латушкі. У Беларусі на Паўла Латушку ўлады завялі восем крымінальных спраў.

Прызначана дата суду над палітзьняволенай Ксеніяй Луцкіной

Былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну пачнуць судзіць 1 верасьня ў Менскім гарадзкім судзе, піша «Вясна». Разглядаць справу будзе судзьдзя Тацяна Фалькоўская. Пакуль дакладна не вядома, ці будзе паседжаньне адкрытым.

Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году ў Менску, з таго часу яе ўтрымліваюць у СІЗА-1. Жанчыне выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.

За кратамі ў Луцкіной моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу — у 2014 годзе Ксеніі зрабілі апэрацыю і выдалілі дзьве пухліны ў мозгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG