Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фальшывае братэрства аднаго Каіна і двух Абэляў. Параза Ўкраіны можа азначаць канец Беларусі


Падбітая расейская ваенная тэхніка ў цэнтры Кіева, жнівень 2022
Падбітая расейская ваенная тэхніка ў цэнтры Кіева, жнівень 2022

Ёсьць нейкае ірацыянальнае адчуваньне, што ўкраінцы цярпяць і пакутуюць як быццам бы за нашы беларускія слабасьць і нерашучасьць. А перадусім — за нашу няўдачлівасьць.

Яны вядуць тую ж вайну, у якой мы дагэтуль цярпелі ў асноўным паразы — нават выйшаўшы сотнямі тысяч на плошчы ўсёй Беларусі ў 2020 годзе. І яны могуць перамагчы, як перамагалі ў мінулых бітвах гэтай вайны ў 2005 і 2014 гадах, калі Расея спрабавала ўсталяваць ва Ўкраіне свой дыктатарскі рэжым.

Мая бабуля па пашпарце ўкраінка. Мае продкі былі запароскімі казакамі і захоўвалі казацкую ідэнтычнасьць нават праз 150 гадоў пасьля таго, як расейцы расфармавалі Запароскую Сеч.

Мой прадзед скончыў мастацкую вучэльню ў Кіеве і быў сярод тых, хто распрацоўваў дызайн заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, пра які цяпер усе ведаюць.

Двое з маіх дзяцей пахрышчаныя ва Ўкраінскай грэка-каталіцкай царкве. Бо ў Маскве доўгі час не было беларускіх каталіцкіх сьвятароў (цяпер ёсьць). А ўкраінскія ўніяцкія набажэнствы, вы не паверыце, да нядаўняга часу штомесяц паўпадпольна ў Маскве адбываліся.

Многія з нас маюць такія ж сувязі з Украінай.

Так атрымалася, што я нават нарадзіўся 24 жніўня, за некалькі гадоў перад тым, як Украіна стала незалежнай. І таму ў апошнія гады гэты дзень нязьменна пачынаўся для мяне тэлетрансьляцыяй параду на Храшчаціку. Летась я яшчэ жыў у пуцінскай Маскве, і ўкраінскі парад успрымаўся мной як своеасаблівая маленькая духапад’ёмная прыемнасьць, дадатковая безнадзейная сублімацыйная «хвіга ў кішэні». Сумная праява стану ўнутранай эміграцыі, якая з таго часу ператварылася ў эміграцыю рэальную.

І ў Дзень Незалежнасьці Ўкраіны мы ўсе павінны маліцца за гэты край і за гэтых людзей, якія застаюцца прыкладам адвагі і непахіснасьці ў змаганьні за свабоду і годнасьць.

Падбітая расейская ваенная тэхніка ў цэнтры Кіева, 20 жніўня 2022
Падбітая расейская ваенная тэхніка ў цэнтры Кіева, 20 жніўня 2022

Хочам мы гэтага ці не, Украіна ваюе ня толькі за сябе, але і за нас. Ва ўкраінскім Прычарнамор’і і на Данбасе зараз вырашаецца лёс усяго нашага рэгіёну. І ўсе міжнародныя высілкі, усе міжнародныя санкцыі павінны цяпер быць скіраваныя толькі на адно: забесьпячэньне ваеннай перамогі Ўкраіны над сіламі зла, тыраніі і нянавісьці.

Пуцін лічыць, што Ўкраіна і Беларусь не павінны быць незалежнымі дзяржавамі. Таму перамога Ўкраіны над ім будзе новым шанцам для перамогі Беларусі. А параза Ўкраіны можа азначаць канец Беларусі.

Таму полк імя Каліноўскага, полк «Пагоня» і шматлікія іншыя беларускія добраахвотнікі, якія ваююць поруч з украінцамі, цяпер знаходзяцца на самым перадавым фронце барацьбы ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Усяляк дапамагаць ім — абавязак усіх беларусаў.

Вядома, мы маем што закідаць украінцам. Так, яны ў сваёй масе нічога ня ведаюць пра Беларусь, не цікавяцца ёю і недаацэньваюць яе. Многія ўкраінцы недаацэньваюць тыранію Лукашэнкі, а некаторыя да нядаўняга часу нават замілоўваліся ёю на тле ўкраінскага беспарадку і карупцыі. Цяпер праз Лукашэнку яны выдаляюць беларускіх пісьменьнікаў з курсу школьнай літаратуры і прыбіраюць некаторыя беларускія назвы з вуліц.

Сьвята Дзяржаўнага сьцяга Ўкраіны. Кіеў, 23 жніўня 2022
Сьвята Дзяржаўнага сьцяга Ўкраіны. Кіеў, 23 жніўня 2022

Але, зрэшты, яны і не абавязаныя ведаць нас, вучыць нашу літаратуру. І не абавязаныя мець вуліцы, названыя збольшага за савецкім часам у гонар стандартнага набору беларускіх гарадоў ці дзеячоў. Як і мы не абавязаныя чытаць іхную літаратуру ці называць вуліцы ў гонар такога ж стандартнага і зацьверджанага камуністычнымі бюракратамі набору з тарасаў шаўчэнак і багданаў хмяльніцкіх.

Лукашэнка і Пуцін канчаткова зьнішчылі хлусьлівую каляніяльную ілюзію «рэспублік-сёстраў» і «трыадзінай Русі». Крывадушнае ўсходнеславянскае братэрства аказалася братэрствам аднаго Каіна і двух Абэляў.

Манумєнт Дружбы, вядомы як «Тры сястры», узведзены ў 1975 годзе на стыку межаў Украіны, Беларусі і Расеі. Усе дзяржаўныя сьцягі тут ужо зьнялі, у Кіеве вырашылі яго зьнесьці
Манумєнт Дружбы, вядомы як «Тры сястры», узведзены ў 1975 годзе на стыку межаў Украіны, Беларусі і Расеі. Усе дзяржаўныя сьцягі тут ужо зьнялі, у Кіеве вырашылі яго зьнесьці

Але паміж Беларусьсю і Ўкраінай калісьці можа зьявіцца шчырае нармальнае добрасуседзтва. Як паміж самадастатковымі людзьмі, што ветліва паважаюць адно аднаго і добра сябруюць бяз брэжнеўскіх пацалункаў і без лукашэнкаўскіх чарак з-пад гарэлкі, разьбітых аб крамлёўскі паркет.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 па 2023 год сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG