Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рачкова, Альхмам, Лебедзева. Якое сваё мінулае хавае прапагандыстка Ксенія Лебедзева


Ксенія Лебедзева (зьлева)
Ксенія Лебедзева (зьлева)

Прапагандыстка зь беларускай дзяржаўнай тэлевізіі Ксенія Лебедзева трапіла ў эпіцэнтар чарговага скандалу. Літоўскі юрыст Мантас Данелюс у інтэрвію «Нашай ніве» і «Зеркалу» прызнаўся, што перадаваў інфармацыю і відэа ад добраахвотніка палку імя Каліноўскага Віктара «Лешага» Савіча Ксеніі Лебедзевай. У размовах з журналістамі Мантас сказаў, што Лебедзева — супрацоўніца КДБ, для яго гэта не сакрэт.

Свабода расказвае гісторыю жыцьця Ксеніі Лебедзевай, пацікавіўшыся ў былых работнікаў БТ, ці сапраўды палітычныя журналісты зьяўляюцца супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Ксенія Лебедзева стала вядомая шырокай публіцы ў верасьні 2020 году, калі пачала асьвятляць жаночыя маршы, што праходзілі ў той час па суботах. Рабіла гэта даволі агрэсіўна і саркастычна. Да гэтага Лебедзева не была ў сьпісах тых журналістаў БТ, што рабілі рэпартажы на палітычныя тэмы.

Калі прагледзець старонкі Ксеніі Лебедзевай у сацсетках, то можа скласьціся ўражаньне, што яна хавае сваё мінулае. Усе яе сацсеткі старанна пачышчаныя і амаль стэрыльныя. У іх немагчыма нічога знайсьці пра тое, чым яна займалася яшчэ да БТ. Тым ня менш Свабодзе ўдалося высьветліць некаторыя падрабязнасьці.

Бацька — міліцыянт, маці — настаўніца расейскай мовы

Ксеніі Лебедзевай 34 гады. Пры нараджэньні яна мела прозьвішча Рачкова. У інтэрвію блогеру Аляксею Голікаву казала, што нарадзілася ў Магілёўскай вобласьці, а ў сам абласны цэнтар пераехала пазьней.

Свабодзе стала вядома, што бацька Ксеніі Пётра Рачкоў быў міліцыянтам, працаваў участковым інспэктарам у Магілёве. У 1997 годзе пайшоў у адстаўку ў званьні капітана міліцыі.

Маці Ксеніі Валянціна Рачкова — настаўніца расейскай мовы і літаратуры. Яна папрацавала ў розных сярэдніх і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах Магілёва. Цяпер яна намесьніца дырэктара па навучальнай працы ў Буйніцкай сярэдняй школе, што пад Магілёвам.

Спадарыня Валянціна даволі актыўная ў сацыяльных сетках. Зь яе акаўнта ў «Аднаклясьніках» можна зрабіць выснову, што жанчына ганарыцца працай дачкі. Шмат посьціць здымкаў з суполак «Люблю Расею», «Прыгажосьць Расеі». Падтрымлівае дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.

Валянціна Рачкова брала ўдзел у працы выбарчых камісій, была вылучэнкай ад «Белай Русі».

Таксама ў Ксеніі ёсьць малодшы брат Уладзімер, розьніца ва ўзросьце 5 гадоў. У чэрвені 2022 году ён зарэгістраваўся ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка ў адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва.

«Паўторна завалодала грашовымі сродкамі»

Сама Ксенія пасьля школы паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя Рымскага-Корсакава на спэцыялізацыю «Акадэмічны хор». Практыку праходзіла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры опэры і балету ў якасьці дырыгента. Валасы тады мела яшчэ рудыя, а ня чорныя.

Потым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры, дзе правучылася два гады. Вучобы там так і ня скончыла.

Адметна, што якраз у гэты час Ксенія Рачкова трапляе ў поле зроку міліцыі. Гэтую гісторыю ў нядаўнім відэа расказалі экс-сілавікі з аб’яднаньня ByPol.

«Рачкова К. П., будучы генэральным дырэктарам ВУП па аказаньні паслуг „Тэатар Акропаль“, пад выглядам атрыманьня грошай у якасьці аплаты за курсы радыёвядоўцаў, ня маючы намеру выконваць абавязкі і ня маючы такой магчымасьці, 13.02.2009 шляхам падману і злоўжываньня даверу паўторна завалодала грашовымі сродкамі грамадзянкі **** у памеры 590 тысяч рублёў», — гаварылася ў міліцэйскай зводцы.

Насамрэч гэта не такая вялікая сума, паводле тагачаснага курсу — 210 даляраў. Крымінальным перасьледам для Ксеніі Рачковай гісторыя ня скончылася. На форумах «Онлайнера» па сёньня застаецца «галінка» з абмеркаваньнем махінацый «Тэатру Акропаль». Быў таксама вялікі рэпартаж на тэлеканале СТБ, дзе прамым тэкстам гаварылася, што «Тэатар Акропаль» «разьвёў на грошы вучняў, арандатараў і кур’ераў».

Праца на жаночым партале

Вышэйшую адукацыю Ксенія атрымала ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова. Вучылася завочна на факультэце славянскай філялёгіі на спэцыяльнасьці «журналістыка». Дыплём атрымала ў 2016 годзе.

Падчас вучобы супрацоўнічала з жаночым выданьнем velvet.by. Там пісала пад імем Ксенія Альхмам, і гэта быў не псэўданім. У той час яна выйшла замуж за іншаземца, а таксама прыняла іслам.

«Не магу пахваліцца, што я добрая мусульманка, але мне камфортна ў гэтай рэлігіі», — пісала яна ў сваім блогу. У Лебедзевай-Альхмам шмат публікацый тычыліся якраз моды ў ісламскім сьвеце. У астатнім яна пісала на тэмы касмэтыкі, догляду скуры, вопраткі і падобных.

Тагачасныя супрацоўнікі «Вельвета» кажуць, што бліскучымі тэксты Альхмам назваць было нельга, даводзілася іх правіць, было шмат артаграфічных памылак, але сваё жанчына брала напорам. І сёньня можна ўбачыць, што з правапісам Ксенія ня надта сябруе. У той жа перапісцы з Мантасам папярэджвае яго: «Не хрони переписку». У камэнтах на «Вельвеце» магла спакойна напісаць нешта кшталту «на шахмотной доске».

Яшчэ падчас працы на жаночым партале яна апісала гісторыю свайго разводу — маўляў, не захацела ехаць з мужам у незнаёмую краіну. Прозьвішча Лебедзева, хутчэй за ўсё, ад другога мужа. Зь ім журналістка таксама разьвялася. Пра два няўдалыя шлюбы яна расказвала ва ўжо згаданым інтэрвію блогеру Голікаву. Дзяцей у Лебедзевай няма.

Была ў Малахава, фоткалася з Салаўёвым

Дзесьці ў 2016 годзе Ксенія Лебедзева трапляе на Беларускую тэлевізію. Кажа, што спасылку з вакансіяй ёй скінула мама. Пра палітыку Лебедзева ў той час не пісала і не гаварыла. Яна езьдзіла на мясакамбінаты, расказвала пра зборы журавін і кавуноў, наведвала будаўнічыя пляцоўкі. Пры гэтым былыя калегі кажуць, што ўвесь час яна марыла трапіць у палітычны аддзел, дзе большыя заробкі.

Вясной 2018 году Лебедзева трапіла ў журналісцкую паездку ў Маскву. Там яна была госьцяй ток-шоў Андрэя Малахава «Жывы эфір», была ў рэдакцыях Russia Today і тэлеканалу «Расея», наведвала прэзэнтацыю кнігі Ўладзіміра Салаўёва.

Лебедзева сярод іншых прапагандыстаў на цырымоніі падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму 4 сакавіка 2022 года
Лебедзева сярод іншых прапагандыстаў на цырымоніі падпісаньня рашэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму 4 сакавіка 2022 года

Не ў санкцыйных сьпісах, падзяка ад Лукашэнкі

Як ужо адзначалася вышэй, сапраўды зорны час для Ксеніі Лебедзевай пачаўся пасьля таго, як яна стала асьвятляць жаночыя маршы ў верасьні 2020 году. У інтэрвію «Советской Белоруссии» Лебедзева казала, што гэта была яе ўласная ініцыятыва. Усе свае рэпартажы яна суправаджала саркастычнымі камэнтарамі пра ўдзельніц мерапрыемстваў, спрабуючы выставіць іх у непрывабным сьвятле.

У выніку ўжо ў верасьні 2020 году яна прысутнічала на таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. А ў студзені 2021 году атрымала падзяку за сваю працу ад імя Лукашэнкі.

На сёньняшні дзень Ксенія Лебедзева, разам з Рыгорам Азаронкам і Людмілай Гладкай, — у ліку галоўных прапагандыстаў дзяржаўных СМІ. Яна асьвятляе рэзанансныя судовыя працэсы, дзе судзяць палітвязьняў, робіць сюжэты пра полк Каліноўскага. Лебедзева цяпер мае сваю аўтарскую перадачу «Гэта іншае» на «Беларусь-1», а таксама вядзе аднайменны тэлеграм-канал — асаблівай папулярнасьцю ён не карыстаецца. У санкцыйныя сьпісы заходніх краін прапагандыстка не трапляла.

Зрэшты, Лебедзева амаль і не бывала за мяжой. Яна лятала зь «Белавія» ў Палангу на адкрыцьцё адпаведнага рэйсу, там яны, дарэчы, і пазнаёміліся з Мантасам Данелюсам. Таксама некалькі разоў адпачывала ва Ўкраіне.

Лебедзева з групай беларускіх прапагандыстаў у акупаваным расейцамі Марыюпалі. Чэрвень 2022
Лебедзева з групай беларускіх прапагандыстаў у акупаваным расейцамі Марыюпалі. Чэрвень 2022

«Цалкам рэальна, што журналісты супрацоўнічаюць»

Свабода спытала ў дзьвюх былых журналістак Белтэлерадыёкампаніі, ці рэальна, што Лебедзева і іншыя палітычныя аўтары дзяржаўных СМІ супрацоўнічаюць з КДБ.

Першая суразмоўца сышла з БТ яшчэ задоўга да падзей 2020 году, яна працавала ў тым ліку ў прэзыдэнцкім пуле.

«У мае часы такое немагчыма было ўявіць, я з такім ніколі не сутыкалася. Але мне здаецца, што цяпер такое сапраўды можа адбывацца. З розных крыніц я атрымліваю інфармацыю пра стан рэчаў на БТ; мне кажуць, што там супрацоўнік КДБ на пасадзе намесьніка старшыні, зьмянілася шмат усяго, таму цалкам рэальна, што і журналісты супрацоўнічаюць. Мае часы былі яшчэ дастаткова лібэральныя ў параўнаньні з тым, што адбываецца цяпер. Мне здаецца, там цяпер цалкам працуюць па ўказаньнях спэцслужбаў, а не ідуць у творчасьць», — кажа былая журналістка пулу Лукашэнкі.

Другая суразмоўца сышла з тэлевізіі на хвалі падзей 2020 году. Асабіста яна ня мае сумневу, што асноўныя прапагандысты супрацоўнічаюць са спэцслужбамі.

«Па маіх зьвестках, усе, хто займаецца на дзяржаўных тэлеканалах палітычнымі тэмамі, супрацоўнічаюць з КДБ. Ні для кога з работнікаў тэлевізіі гэта не сакрэт. Калі да 2020 году гэта хутчэй трымалі ў сакрэце, то цяпер саромецца перасталі», — мяркуе журналістка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG