Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дугін уцякаў ад прыхільнікаў БНФ, а дачка сябравала з Азаронкам. Што зьвязвае Аляксандра і Дар’ю Дугіных зь Беларусьсю


Аляксандар Дугін
Аляксандар Дугін

Увечары 20 жніўня пад Масквой выбухнуў аўтамабіль, на якім ехала расейская палітоляг і журналістка Дар’я Платонава, дачка філёзафа Аляксандра Дугіна. Жанчына загінула на месцы, ёй было 30 гадоў.

Паводле адной з вэрсій, у аўтамабілі меўся ехаць сам Дугін, але ў апошні момант перасеў у іншую машыну. Расейскія праваахоўнікі мяркуюць, што гэта быў замах на забойства.

Свабода паглядзела, што зьвязвае Аляксандра і Дар’ю Дугіных зь Беларусьсю.

Аляксандру Дугіну 60 гадоў. Яго называюць адным з ідэолягаў эўразійства і «русского мира». У шматлікіх прамовах, артыкулах і інтэрвію ён прапагандаваў ідэі вайны і забойстваў.

У 1993 годзе Дугін выступае адным з заснавальнікаў Нацыянал-бальшавіцкай партыі Расеі, якая ўвабрала ў сябе ідэалёгіі нэабальшавізму і нэафашызму. Кіраўніком партыі быў пісьменьнік Эдуард Лімонаў.

У сьнежні 1994 году Дугін і Лімонаў прыяжджаюць зь лекцыяй у Менск. Яны меліся выступаць у ДК тонкасуконнага камбінату. Аднак сустрэча так і не адбылася. Яе сарвалі прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту, якія прыехалі туды проста зь мітынгу.

Тагачасная прэса пісала, што ў ДК чуліся крыкі: «Фашысты, прэч зь Беларусі!». Ахоўвалі Дугіна і Лімонава чальцы беларускага аддзяленьня РНЕ, многія зь якіх мелі фашыстоўскую сымболіку.

Урэшце Лімонаў і Дугін уцяклі з сустрэчы праз акно ў грымэрцы. Пазьней Лімонаў успамінаў, што іх затрымалі супрацоўнікі КДБ на кватэры лідэра гурту «Красные звезды» Ўладзімера Селіванава, адвезьлі ў КДБ, там дапыталі, а пасьля выслалі зь Беларусі.

Дугін сьцьвярджаў, што на іх напалі людзі зь бітамі і пнэўматычнай зброяй, але відавочцы кажуць, што нічога такога не было і блізка. «Гэта быў адзін з самых адрэналінавых момантаў у маім жыцьці. Практычна зона баявых дзеяньняў», — казаў Дугін.

Пасьля гэтага выпадку наведваць Беларусь больш не рызыкавалі ні Лімонаў, ні Дугін.

Дугін лічыць, што Беларусь — частка «рускага народу», але з сваёй ідэнтычнасьцю, на якую не зьвяртае ўвагі Лукашэнка. Тым ня менш у інтэрвію ён нярэдка называў сябе «фанатам Лукашэнкі».

Падчас падзеяў 2020 году Дугін казаў, што гэта «ганьба не Лукашэнкі, а Расеі». У дні пратэстаў ён казаў, што ідэя саюзнай дзяржавы пацярпела крах. Сьвятлану Ціханоўскую Дугін называў «унучкай сусьветнага ўраду». Ён заклікаў Беларусь правесьці рэфэрэндум аб уваходжаньні ў склад Расеі.

Дар’я Платонава (Дугіна) была палітычнай аглядальніцай «Міжнароднага эўразійскага руху», які заснаваў яе бацька. У 2022 годзе трапіла ў санкцыйны сьпіс Вялікай Брытаніі за тое, што «зьяўляецца крыніцай дэзынфармацыі ў дачыненьні да Ўкраіны».

Дар’я Дугіна актыўна падтрымлівала вайну ва Ўкраіне, нават стала адной з аўтарак «Кнігі Z», дзе будзе расейскі погляд на вайну. Яе тэлеграм-канал таксама зьмяшчае ў назьве літару Z. У чэрвені 2022 году наведала Марыюпаль і Данецк, была на заводзе «Азоўсталь».

Падчас той паездкі пазнаёмілася з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам. Пасьля гэтага бывала госьцяй яго перадач, нават адмыслова пісала для тэлеграм-каналу Азаронка.

Расказвала, што ёй вельмі падабаецца «сонечны настрой» тэлеграм-каналу «Пул первого».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG