Аляксандар Канюк вызвалены ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Армэніі ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 17 красавіка, паведаміла ягоная прэс-служба.
64-гадовы Аляксандар Канюк узначальваў беларускую амбасаду ў Ерэване зь лістапада 2020 году. Перад гэтыя пасьля пачатку хвалі масавых рэпрэсіяў у Беларусі яго зьнялі з пасады генэральнага пракурора Беларусі (яе ён займаў з 2011 году да верасьня 2020-га). З красавіка 2009 году ён быў судзьдзёй і намесьнікам старшыні Вярхоўнага Суда.
Падчас працы Канюка амбасадарам Беларусі ў Армэніі адбылося абвастрэньне адносінаў паміж Менскам і Ерэванам.
13 чэрвеня 2024 году армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка — праз заявы апошняга аб згаданым канфлікце на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым ў сярэдзіне траўня. Ён сказаў пра гэта ў кантэксьце заяваў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.
Пасьля гэтага ў чэрвені 2024 году Армэнія адклікала зь Беларусі свайго амбасадара Разьміка Хумарана для кансультацыяў. У адказ у Менск вярнуў з Армэніі свайго амбасадара Аляксандра Канюка (мяркуючы па інфармацыі МЗС, Канюк вярнуўся ў Ерэван у канцы лета).
Нікол Пашыньян раней неаднаразова крытыкаваў АДКБ, у тым ліку Расею і Беларусь, за ненаданьне дапамогі падчас канфлікту Армэніі і Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху. Пасьля другой вострай фазы ў верасьні 2023 году канфлікт завяршыўся скасаваньнем самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, якую ў тым ліку ў ваенным пляне падтрымліваў Ерэван, і пераходам рэгіёну пад кантроль Азэрбайджану. Армэнія афіцыйна замарозіла, а фактычна спыніла ўдзел у АДКБ. Умовай зьмены стаўленьня да АДКБ Пашыньян назваў сыход зь яе Беларусі, а таксама прабачэньні Лукашэнкі армянскаму народу за словы падтрымкі Баку падчас вайны 2020 году.
Адначасова Ерэван стаў сыгналізаваць пра гатоўнасьць да збліжэньня з Эўразьвязам. 4 красавіка прэзыдэнт Армэніі Ваагн Хачатуран падпісаў закон «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэнія ў Эўрапейскі зьвяз».
Форум