Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзед сказаў ня лезьці ў палітыку. Але не атрымалася». Вялікая гутарка з моладзевай актывісткай і ўнучкай Шушкевіча Станіславай Гліньнік


Станіслава Гліньнік
Станіслава Гліньнік

Унучка Станіслава Шушкевіча расказала пра сваю мару стаць біяхімікам, дыплём з подпісам Лукашэнкі, эміграцыю, жаданьне вярнуцца ў Беларусь і пра тое, чаму шмат людзей ня вернецца, нават калі ў краіне адбудуцца зьмены.

Пагаварылі з сузаснавальніцай Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве Стасяй Гліньнік, якая 10 гадоў жыве ў Польшчы.

У другой клясе прыйшла да настаўніцы хіміі і пачала займацца

Стася Гліньнік нарадзілася ў Менску ў 1994 годзе. Яе бацька — архітэктар, рэстаўратар, а маці — кампазытарка.

— Раскажыце пра сябе, пра сваё дзяцінства. Дзе вы вучыліся?

— Я адвучылася 9 гадоў у 7-й менскай гімназіі (гэта былая 54-я школа ў раёне вуліц Захарава — Пуліхава). Яна не лічылася школай для дзяцей прадстаўнікоў апазыцыі, хутчэй там было больш дзяцей прадстаўнікоў бізнэсу. У маёй школе вучыліся некалі Павал Латушка, Анатоль Котаў, Ільля Салей (яго я яшчэ памятаю, ён крыху старэйшы). А на клясу пазьней за мяне вучыўся хлопец, якога я добра памятаю, бо былі ў адной кампаніі. А потым ён выступаў дзяржабвінаваўцам у справах палітвязьня Сьцяпана Латыпава і байкераў. Калі зьявілася мапа «Кібэрпартызанаў» з тых, хто «здаваў» суседзяў, я таксама шмат людзей з нашай школы знайшла. Дарэчы, туды трапілі тыя, пра каго я так і думала.

Пасьля 9-й клясы я паступіла ў Ліцэй БДУ на хіміка-біялягічны профіль.

Каб не палітычная сытуацыя ў краіне, мне здаецца, так і займалася б я ўсё жыцьцё біятэхналёгіямі. Бо пасьля ліцэю пайшла на біяфак БДУ — прынялі без іспытаў.

Станіслава Гліньнік
Станіслава Гліньнік

— А чаму менавіта біяфак? Дзед — вядомы фізык, чаму ягоную справу не працягнулі?

— Дзед — фізык, а бабуля была біяхімікам, працавала больш за 30 гадоў ва Ўладзівастоку. Мая прабабуля столькі разоў паўтарала ў нашым доме фразу, што «трэба ісьці ў навуку, бо яны (ўладатрымальнікі) у гэтым нічога не разумеюць», і я ўжо разумела, што выбар ёсьць толькі паміж рознымі галінамі навук. Напэўна, не гуманітарныя, бо я ніколі ня мела схільнасьці да гісторыі. Геаграфія — гэта ўвогуле маё слабое месца, бо настаўніца геаграфіі ў школе была жонкай былога наглядчыка ў ссылцы, куды быў сасланы мой прадзед. І ён у 1990-х скончыў жыцьцё самагубствам. Так што з геаграфіяй ня склалася.

А вось зь біялёгіяй і хіміяй усё было добра. Я яшчэ ў 2-й клясе прыйшла да настаўніцы хіміі (хоць вывучэньне прадмета з 7-й клясы пачыналася), і тая пачала са мной займацца. Так што я раней за ўсіх пачала вучыць хімію.

«Аўтаматам была залічаная ў „фонд адораных дзяцей“ пры Лукашэнку»

— Вас прынялі на біяфак без іспытаў. Чаму, зь якой прычыны?

— За алімпіяду. Але гэта была не звычайная алімпіяда, дзе спаборнічаюць у ведах, а практычная.

Мы расьцілі новы сорт газонаў — солеўстойлівы. І з гэтым солеўстойлівым газонам я паехала ў Турэччыну на алімпіяду, атрымала там «срэбра». Аўтаматам была залічаная ў «фонд адораных дзяцей» пры Лукашэнку. А гэта азначае, што я іду на профільны факультэт па-за конкурсам, без іспытаў. Я год адвучылася на біяфаку.

Сьмешна было трымаць гэты дыплём з подпісам Лукашэнкі. Калі я ўжо паступала вучыцца на праграму Каліноўскага ў Польшчу, дзед паказваў гэты дыплём з подпісам Лукашэнкі і жартаваў: «Паглядзіце, каго бяруць на праграму Каліноўскага!»

— Ну, калі вы самі згадалі свайго знакамітага дзеда, асабістае пытаньне: што самае галоўнае вам даў дзядуля?

— Сказаў ня лезьці ў палітыку. Але не атрымалася. У дзеда не было ніякага жаданьня паўстаць перада мной такой значнай інтэлектуальнай фігурай. Наадварот, ён хацеў быў сябрам, па лесе са мной гойсаць, а не апавядаць пра важныя гістарычныя постаці. З усіх сваіх падарожжаў і сустрэч ён больш усялякія сьмешныя гісторыі расказваў.

— А чаму вы сышлі зь біяфаку? Колькі вы там правучыліся?

— У 2012 годзе, калі былі парлямэнцкія выбары, я працавала ў гостэле, і мы далі памяшканьне незалежным назіральнікам. Нас усіх затрымалі — і пастаяльцаў гостэлу, і супрацоўнікаў. Так што зь біяфаку мне давялося сысьці не па сваёй волі.

Станіслава Гліньнік
Станіслава Гліньнік

Спачатку ў Варшаве вывучала спадчыну Савецкага Саюзу, але вярнулася да хіміі і біялёгіі

— Як вы апынуліся ў Польшчы?

— Па праграме Каліноўскага. Дырэктар праграмы пераканаў мяне пайсьці ў Варшаўскі ўнівэрсытэт у Studium Europy Wschodniej — на вывучэньне спадчыны Савецкага Саюзу і савецкай прасторы. Але я хутка зразумела, што гэта не маё, ня тое, што я хачу дасьледаваць. Праўда, там былі прадметы кшталту «homo sovieticus», і гэта было цікава. Прадмет выкладаўся праз савецкую культуру: мы чыталі «Масква — Петушкі» Венядзікта Ерафеева і творы Сьвятланы Алексіевіч.

— Але я ведаю, што вы і цяпер працягваеце вучыцца. Дзе і на каго?

— Зараз я атрымліваю дыплём «інжынэра гастраноміі і гатэльнай справы» ў Szkołе Głównеj Gospodarstwa Wiejskiego w Warszawie (гэта такі польскі «наргас»). Ёй столькі ж гадоў, колькі і Варшаўскаму ўнівэрсытэту.

То бок я зноў вярнулася да біялёгіі і хіміі. Аб’ядналі гастранамічныя тэхналёгіі з дыеталёгіяй. Гэта, скажам так, «выдумляньне» новых прадуктаў. І дадаткова — мэнэджмэнт. Гэта менавіта маё. Мне заўсёды цікава ўсё, зьвязанае з хіміяй і біялёгіяй.

«Хаб — такое месца, дзе мы рады бачыць усіх, хто штосьці робіць для Беларусі»

— Вы сузаснавальніца вельмі папулярнай варшаўскай пляцоўкі — Беларускага моладзевага хаба. Раскажыце гісторыю яго стварэньня.

— Моладзевы хаб мы стваралі зь сябрамі, зь якімі пазнаёміліся на акцыях салідарнасьці ў Варшаве. Спачатку мы ўвайшлі ў склад сузаснавальнікаў Цэнтру беларускай салідарнасьці. Але нядоўга мы там былі, выйшлі адтуль у студзені, засталіся фактычна на вуліцы. Шукалі, што рабіць далей, працягвалі дапамагаць беларусам.

На шчасьце, разам з фондам Аляксея Лявончыка ў лістападзе 2021 году мы стварылі вось гэтую пляцоўку, тут я сузаснавальніца і намесьніца дырэктара.

— А як удалося атрымаць такое шыкоўнае памяшканьне ў самым цэнтры Варшавы, на пляцы Канстытуцыі?

— За будынак мы змагаліся паўгода. Быў абвешчаны дзяржаўны конкурс для некамэрцыйных арганізацый. Мы змагаліся з польскімі правымі партыямі і выйгралі. Нас сур’ёзныя людзі прасілі адмовіцца, мы не пагадзіліся.

Станіслава Гліньнік каля Беларускага моладзевага хабу
Станіслава Гліньнік каля Беларускага моладзевага хабу

Прымалі ў моладзевым хабе і Сьвятлану Ціханоўскую, і Зянона Пазьняка, і анархістаў з хрысьціянскімі дэмакратамі

— Якімі мерапрыемствамі, што зладзілі тут, ганарыцеся?

— Шмат чаго было. У нас адбываецца па 80 мерапрыемстваў у месяц. Мне вельмі прыемна, што мы прымалі тут і Сьвятлану Ціханоўскую, і Зянона Пазьняка. З апошняга я асабіста ганаруся тым, што мы адсюль зладзілі прэс-канфэрэнцыю валянтэраў з Марыюпалю, якія больш за 100 дзён былі ў палоне. Яны выехалі, наагул ня ведалі пра ўкраінскія арганізацыі, якія ёсьць у Варшаве, выйшлі на Сьцяпана Пуцілу. Сьцёпа напісаў нам, мы ім дапамаглі зьвязацца з кім трэба.

Мне падаецца, што хаб — гэта такое месца, дзе мы рады бачыць усіх, хто штосьці робіць для Беларусі, нават калі ў іх ёсьць канфлікты з кімсьці іншым. Для нас галоўнае — каб людзі не падтрымлівалі Лукашэнку і рэжым. Калі гэты чалавек працуе дзеля Беларусі, мы заўсёды рады яго бачыць, вітаць, нягледзячы на тое, з кім ён супрацоўнічае з апазыцыі. Таму ў нас тут і анархісты ладзілі свае мерапрыемствы, і хрысьціянскія дэмакраты, і амаль штотыдзень праходзяць біблейскія чытаньні. Анархісты ладзілі сустрэчы па працоўным праве і нават вучылі, як распазнаць агентуру. Шмат культурных мерапрыемстваў тут праводзіцца. Але мне больш падабаецца, калі мы ладзім імпрэзы пра грамадзянскую актыўнасьць.

Для мяне вельмі важна зараз займацца беларускім моладзевым хабам, я ўжо амаль не зьяўляюся нідзе як палітычны актывіст. Не далучаюся да палітычных груповак, не бяру ўдзелу ў нейкіх канфэрэнцыях, плятформах. Мне шмат прапаноўвалі — і я адмовілася. У мяне ёсьць хаб, у мяне ёсьць каманда, і я разумею, што тут я змагу зрабіць больш.

Для мяне вельмі важна тое, што мы робім у хабе кожны дзень. Тут я бачу і разумею нашы вынікі працы.

Станіслава Гліньнік
Станіслава Гліньнік

«У першую хвалю шмат людзей на энтузіязьме вернецца, а пазьней зноў зьедзе»

— Такое ўражаньне, што вялікая частка грамадзка актыўных людзей у Беларусі знаходзіцца за кратамі, вялікая частка зьехала ў Польшчу, Літву, іншыя краіны. Моладзь атрымлівае адукацыю за мяжой, інтэгруецца ў эўрапейскае грамадзтва. Што да айцішнікаў, мне падаецца, што наўрад ці яны вернуцца. А вось неабыякавая актыўная моладзь вернецца? Будзе каму адраджаць тую Беларусь, аднаўляць, адбудоўваць?

— Вернуцца такія, як я, заўзятыя, у якіх ёсьць мэта вярнуцца. Але іх ня так шмат. А што тычыцца айцішнікаў і многіх іншых адмыслоўцаў, трэба стварыць умовы, каб яны вярнуліся, зьнізіць падаткі, магчыма, каб было па што вяртацца. Гэта пытаньне, мне падаецца, ня столькі ідэалягічнае, колькі эканамічнае.

— Але зразумела, што так хутка ўсё не адродзіш, не адновіш.

— Не абавязкова, каб усе беларусы былі ўнутры краіны. Нам таксама патрэбна лабіяваньне інтарэсаў Беларусі за мяжой, патрэбныя людзі, якія маглі б з-за мяжы прывозіць інвэстыцыі ў Беларусь. У сучасным сьвеце, мне здаецца, большасьць кампаній — міжнародныя. Калі будзе прадстаўніцтва беларускіх арганізацый за мяжой, прадстаўніцтва міжнародных арганізацый у Беларусі — патрэбныя будуць беларусы, якія будуць гэтым займацца. Іншая справа — ці будуць яны плаціць падаткі ў Беларусі. Беларусь зараз амаль выключаная зь міжнародных дамоваў аб супольным падаткаабкладаньні. Там шмат над чым трэба будзе працаваць.

Мне падаецца, што ў першую хвалю шмат людзей на энтузіязьме вернецца, а пазьней зноў зьедзе. Я рэалістка ў гэтым пляне.

Але калі ў іх зьявіцца шанец у Беларусі стаць кімсьці, кім яны не змаглі стаць за мяжой, яны вернуцца абавязкова.

— Але вы дакладна вернецеся?

— Я ўжо 10 год вяртаюся (цяжка ўздыхае). Не салодкі хлеб на эміграцыі. І я на падсьвядомасьці адчуваю, што я не асымілююся тут. Мне спачатку падавалася, што я асымілююся, калі ўвайду ў польскае асяродзьдзе, але ў мяне тут няма блізкіх сяброў — палякаў.

І мэты, якія я перад сабой стаўлю, — яны ў Беларусі. Я вельмі добра разумею, чым і як я буду займацца ў Беларусі. Гэта можа зьмяніцца, але зараз я добра ўяўляю.

«Я закаханая ў Лынтупы, у Каптаруны, у Блакітныя азёры»

— Раскажыце, чым канкрэтна марыце займацца па вяртаньні ў Беларусь, калі гэта не сакрэт.

— У нас ужо некалі быў (але яго закрылі) культурніцкі цэнтар на мяжы зь Літвой у Пастаўскім раёне. Я б хацела займацца разьвіцьцём рэгіёнаў: рэгіянальным турызмам, разьвіцьцём той галіны, у якой я спэцыялізуюся: экапрадукцыяй, экафэрмамі, сацыяльным бізнэсам для мясцовага грамадзтва.

Я добра разумею, адкуль грошы браць, каб там усё хутка запрацавала. Бо я проста закаханая ў Пастаўскі раён, хоць я сама зь Менску і каранёў там у мяне няма. Я закаханая ў Лынтупы, у Каптаруны, у Блакітныя азёры, бо там на вельмі высокім узроўні захавалася беларуская культура. Не агратрэш, а сапраўдная чысьціня беларуская. Там здольныя людзі, якія павандравалі, бачылі Польшчу і Літву, у іх былі праграмы абмену, яны ведаюць, як яны хочуць жыць. Мне вельмі хацелася б разьвіваць гэты рэгіён.

Станіслава Гліньнік
Станіслава Гліньнік

«І ва Ўкраіны, і ў Беларусі — адзін і той жа вораг, ну адзін і той жа!»

— У 2020 годзе ва ўсім сьвеце быў усплёск цікавасьці да Беларусі. Зараз у прыярытэце Ўкраіна. Вы адчуваеце зьніжэньне градуса цікавасьці да праблем Беларусі, заўважаеце, што пра Беларусь у сьвеце паступова забываюцца?

— Я адчуваю зьмены стаўленьня да Беларусі такімі хвалямі. Але гэта ў першую чаргу залежыць і ад саміх беларусаў — што яны робяць, як яны рэагуюць. Калі б усе беларусы (а частка так зрабіла) пачалі сябе супрацьпастаўляць Украіне, то зараз мы былі б яшчэ ў горшай сытуацыі, і пра нас яшчэ горш бы казалі, чым пра рускіх. І ва Ўкраіны, і ў Беларусі — адзін і той жа вораг, ну адзін і той жа!

Мяркую, што сьвет дзеліць беларускае грамадзтва на дзяржаву і беларусаў. Але дзяржава нейкая занадта вялікая! У Лукашэнкі вельмі вялікая армія, безьліч і чыноўнікаў, і мянтоў, і іх жонак, дзяцей.

А з вайной усё яшчэ і абвастрылася. Мы не ўяўлялі, што ў гэтым жыцьці нам калісьці давядзецца несьці адказнасьць за тое, што з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты, і пасьля глядзець у вочы нашым сябрам з Украіны.

Беларусы зараз шмат дапамагаюць украінцам, а тыя ўвогуле часьцяком ня ведаюць, што ў нас былі пратэсты, што ў нас адбывалася з 2020 году і дагэтуль. Здавалася б, ужо нікому ня трэба тлумачыць, хто такі Лукашэнка. Але цяпер мы для ўкраінцаў краіна, зь якой ляцяць ракеты. Зразумела, што з гэтага пункту гледжаньня яны нас любіць ня будуць. Але гэта ўжо наша справа — данесьці, хто мы, з кім мы і куды мы ідзем.

Украіну будуць падтрымліваць і зараз. Калі б Захад падтрымаў тады Беларусь, можа, не было б таго, што адбываецца ва Ўкраіне цяпер. І я маю вельмі вялікі спадзеў, што гэта зразумеюць у Эўропе.

Бо мне гэта вельмі нагадвае «міратворчую палітыку» ў 1930-я гады зь Нямеччынай. Нядаўна быў вельмі файны выпуск студэнтаў паліталёгіі і міжнародных дачыненьняў Оксфардзкага ўнівэрсытэту. 26 лютага, праз 2 дні ад пачатку вайны ва Ўкраіне, у іх была цырымонія атрыманьня дыплёмаў як патэнцыйных эўрапейскіх палітыкаў. І ўсе яны напісалі ў фэйсбуку: «Наша галоўная мэта — ня стаць такімі палітыкамі, якія зараз ёсьць у Эўразьвязе, каб не паўтарылася такая сытуацыя, якая ёсьць зараз ва Ўкраіне».

«Спадзяюся, што да новых выбараў, да 2025 году, мы не дацягнем. Перамены адбудуцца раней»

— А зараз Эўропа павернецца да Беларусі?

— Таксама шмат што залежыць ад саміх беларусаў. Калі створыцца столькі колаў, як было перад канфэрэнцыяй «Новая Беларусь» у Вільні, і кожны будзе лётаць да эўрапейскіх палітыкаў, а тыя ня будуць ведаць, з кім камунікаваць, хто галоўны і хто за што адказвае — тады, відаць, не. Калі вось гэта аб’яднаньне на канфэрэнцыі ў Вільні (якое, як мне падалося, адбылося) будзе ня толькі на словах і паперы, калі яно запрацуе, гэта будзе дастаткова для эўрапейскіх палітыкаў.

— Калі вы былі ў Беларусі апошні раз? Якой запомнілі краіну?

— Я езьдзіла адмыслова на маршы пратэсту пасьля выбараў, была ў Менску зь верасьня да канца кастрычніка 2020 году. Менск тады быў увесь у бел-чырвона-белых сьцягах.

Горад я не пазнала — гэта быў горад шчасьлівых людзей! Я акурат застала найлепшы момант, калі людзей павыпускалі, трапіла ў такую адлігу, калі на касах зьбіралі чаявыя «на са-бач-ку», у барах былі кактэйлі «Грай», «Жыве Беларусь», сьцягі луналі па ўсім горадзе, ва ўсіх было б-ч-б на вокнах і бальконах, на кожным слупе і ліхтары налепкі. Я такога ніколі ў жыцьці ня бачыла!

Упершыню ў Менску пабачыла, што ў кожнай краме вітаюцца, у мэтро ўсе ўсьміхаюцца і вачыма шукаюць сваіх аднадумцаў. Я вельмі рада, што ня бачыла, што было потым, што я захоўваю ў сабе вось гэты Менск.

— Калі, на ваш погляд, у Беларусі адбудуцца перамены?

— Я спадзяюся, што да новых выбараў, да 2025 году, мы не дацягнем. Я мяркую, што перамены адбудуцца раней, бо столькі трываць ужо немагчыма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG