Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фыркаць на беларусаў несправядліва. Мы таксама ў 1981-м пратэставалі мірна і мусілі паддацца», — польскі публіцыст


Мітынг 23 жніўня 2020. Менск
Мітынг 23 жніўня 2020. Менск

Палітычная рэвалюцыя правалілася, але перамагла грамадзянская. Лукашэнка ніколі ня верне таго, што страціў. Ніводзін лідэр ня вечны, і рана ці позна ўзьнікнуць вонкавыя фактары. Падзеньне Пуціна — адзін з магчымых, піша польскі сацыёляг і публіцыст Славамір Серакоўскі.

Серакоўскі — адзін з самых уплывовых польскіх інтэлектуалаў. Ён рэдактар «Палітычнай крытыкі», аўтар найбуйнейшых польскіх выданьняў: Gazeta Wyborcza, Polityka, Onet. Публікуецца ў New York Times, Financial Times, Foreign Policy, The Guardian, Die Zeit, Le Monde. Стыпэндыят унівэрсытэтаў Гарварду, Прынстану і Ейла. Ён часта піша пра падзеі ў Беларусі, цікавіцца Ўсходняй Эўропай. Менавіта Серакоўскі нядаўна ініцыяваў збор сродкаў у Польшчы на «Байрактар» для Ўкраіны. Увесь жнівень 2020 году Серакоўскі правёў у Беларусі.

Прыводзім скарочаную вэрсію артыкулу Серакоўскага з сайту ўплывовага польскага часопісу Polityka.

«Беларусы ня могуць змагацца так, як украінцы»

«Больш за два дзесяцігодзьдзі дыктатар будаваў сыстэму такім чынам, каб не дапускаць ніякіх незалежных дзеяньняў. Рабочых наймалі на фабрыкі так, каб паставіць лёс цэлых сем’яў у залежнасьць ад дзяржаўных кампаній з дапамогай крэдытаў, кватэр, лякарняў, дзіцячых садкоў і г. д. Але перш за ўсё Лукашэнку ўдалося выхаваць цэлае пакаленьне бязьлітасных бандытаў для выкарыстаньня ў спэцслужбах. Іх колькасьць нечуваная для Эўропы (у Беларусі адна з найбуйнейшых у сьвеце палітычных паліцый). У адрозьненьне ад украінцаў, беларусы ня мелі апазыцыі ў парлямэнце і больш чым у палове мясцовых органаў улады (як у Заходняй Украіне). У іх не было ні алігархаў, ні зброі, ні грошай.

Славамір Серакоўскі
Славамір Серакоўскі

Таксама несправядлівымі зьяўляюцца сёньняшнія параўнаньні з украінцамі і фырканьне: «Яны павінны ваяваць, як яны». У сьнежні 1981 году палякі таксама пратэставалі мірна, бо маглі толькі так. І ў сьнежні ім давялося паддацца. Пасьля 16 месяцаў дзейнасьці 10-мільённая «Салідарнасьць» была разгромленая за некалькі дзён, але міт захаваўся. Мільён чалавек выехалі з Польшчы, а астатнія засталіся і не забыліся, як трэба выходзіць на вуліцы. Падпольле ў нас арганізавалася гэтак жа, як яно сёньня добра разьвітае ў Беларусі. Доступ да інфармацыі поўны, але, вядома, неафіцыйны, і жорстка караецца.

«Гэта ўжо не безабароннае грамадзтва»

«Так, палітычная рэвалюцыя правалілася, але грамадзянская перамагла. Лукашэнка ніколі ня верне таго, што страціў. Лёс дзяржавы ў апошняй інстанцыі ўсё роўна вырашае грамадзтва, таму што ні адзін лідэр ня вечны і рана ці позна ўзьнікнуць зьнешнія фактары. Падзеньне Пуціна — адзін з магчымых. І беларусы ўжо не без зброі. Ва Ўкраіне тысячы зь іх ваююць у беларускіх батальёнах, паказваючы іншым прыклад, здабываючы славу таксама сярод прызыўнікоў беларускага войска.

У Беларусі ўжо ёсьць вопытныя камандзіры. У беларусаў нават ёсьць партызанскія сілы, якія фактычна дэзарганізавалі рух расейскай арміі. Гэта было настолькі эфэктыўна, што чыгуначнікаў калечаць, забіваюць ці саджаюць на некалькі гадоў. Усё таму, што яны разьбіралі пуці, зьнішчалі рэлейныя станцыі, адключалі вагоны. Побач зь імі працавалі кібэрпартызаны, якія на два тыдні ўзялі пад кантроль IT-сыстэму дзяржаўнай чыгункі. Гэта ўжо не безабароннае грамадзтва. А пратэсты 2020 года паказалі, што беларусы могуць хутка вучыцца і эфэктыўна арганізоўвацца.

«Параза Расеі будзе першай магчымасьцю»

«Роўна праз два гады пасьля гэтых пратэстаў усе палітычныя сілы дамовіліся і быў створаны беларускі ўрад у выгнаньні на чале са Сьвятланай Ціханоўскай. Відавочнай зьменай зьяўляецца тое, што ўрад мае ўласнае ўзброенае плячо. Больш за 200 тысяч беларусаў зарэгістраваліся дзеля таго, каб у пераломны момант выступіць супраць улады — у тым ліку сілавым мэтадам. Першая магчымасьць зьявіцца тады, калі ў Крамлі будзе хаос у выпадку паразы Расеі ў вайне з Украінай, што вельмі магчыма.

«Вольная Беларусь, вольная Ўкраіна»

«Ня будзем забываць, што большасьць беларусаў супраць Лукашэнкі, лідэры апазыцыі сядзяць за кратамі, маладым журналістам выносяць вялізныя прысуды. Маштабы рэпрэсій паказваюць, наколькі нізка Лукашэнка ацэньвае сваю падтрымку сярод беларусаў.

Вольная і незалежная Беларусь нам патрэбная з тых самых прычын, што і вольная і незалежная Ўкраіна. Там Пуцін хоча ўвесьці „русский мир“, які беларусам „пасуе“ гэтаксама, як і ўкраінцам. Давайце дапаможам беларускай апазыцыі, значная частка якой дзейнічае ў Польшчы. Давайце змагацца з праявамі стыгматызацыі, якія ўзьнікаюць, а значыць, з рэпрэсіямі рэпрэсаваных. Давайце дапамагаць ім, як дапамагалі нам у 1980-я гады, палякам давялося чакаць свайго шанцу некалькі гадоў. Але атрымалі яго ў 1989 годзе. Атрымаюць і беларусы. Добра, каб яны памяталі нашу дапамогу так, як яе запомняць украінцы. Гэта нашы гістарычныя посьпехі, якія могуць вызначаць нашую бясьпеку на стагодзьдзі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG