Словы Марфы Рабковай прыводзіць праваабарончы цэнтар «Вясна».
«Для мяне ўжо сапраўдны цуд адбываецца, калі даходзяць лісты не ад родных людзей. У апошнія паўгода з карэспандэнцыяй адбываюцца вялікія напружанасьці. Як, у прынцыпе, ня толькі з карэспандэнцыяй, столькі ўсяго адбываецца. Бачыла такі выраз: «Ня дай вам Бог жыць у эпоху пераменаў». Мне здаецца, што так жа можна сказаць і пра пэрыяд застою. У любым выпадку, сьвет не стаіць на месцы, разьвіваецца. Таму, хочам мы гэтага ці не, а перамены спасьцігнуць нас усіх. Навыкі хуткага навучаньня, адаптыўнасьці, выразнага мысьленьня — самыя запатрабаваныя ў 21 стагодзьдзі.
Трэба ўмець падладжвацца пад новыя рытмы існаваньня. Гэта тычыцца ўсіх узроўняў грамадзтва — ад адзінкавага чалавека да дзяржавы. Гэта я ўсё да таго, што прагрэс непазьбежны, яго можна толькі затармазіць, а спыніць — немагчыма.
Калі вярнуцца да маёй рэчаіснасьці, то мае справы, у цэлым, у парадку. Цяпер паміж судовымі пасяджэньнямі невялікі перапынак. Рыхтуемся да важнай часткі разбору — спрэчак. Яны будуць доўжыцца прыблізна 2 тыдні, потым апошняе слова і прысуд. Думаю, што ў пачатку верасьня ўсё скончыцца. Таму маральна рыхтуюся да таго, што пакіну сьцены СІЗА ў хуткім часе і пераеду ў калёнію. Нават ня верыцца, што гэта можа адбыцца. Асабліва калі столькі часу ўжо правёў у адным месцы. Самі суды трохі стамляюць, асабліва ў пачатку, але потым прывыкла да таго, што кожны будні дзень на іх катаюся.
Стала менш пасьпяваць чытаць, але з апошняга, што прачытала, — малы збор твораў Сяргея Даўлатава — «Зона», «Кампраміс», «Запаведнік», «Нашы» і «Філіял». Да гэтага я не чытала Даўлатава, вельмі мне спадабаўся гэты аўтар — выдатны гумар і лёгкая манера напісаньня. А зараз чытаю цудоўную кнігу «Калі я вярнуся, будзь дома» Эльчына Сафарлі. Зусім невялікая кніга, вельмі цудоўна напісаная. Шмат выпісваю з гэтага твору цытат. Напрыклад: «Не шукай ідэальны сьвет, на зямлі яго няма. Прыгажосьць суседнічае з пачварствам, шчырасьць — з крывадушнасьцю, прызнаньне — з забыцьцём. Ёсьць тое, што мы ня ў сілах зьмяніць, — прымі і працягвай шлях. Прыняць — ня значыць апусьціць рукі. Дапамагай, чым можаш, як атрымаецца — кожны дзень адкрывае для гэтага магчымасьці». Я яшчэ не дачытала гэтую кнігу, але вельмі раю.
А зь фільмаў, нядаўна па ТБ паказвалі вельмі добры фільм — «Мяне завуць Кхан». Глядзела яго яшчэ на волі, момантамі цяжкі, але момантамі вельмі жыцьцесьцьвярджальны, які выклікае сьлёзы кранальнасьці.
У думках моцна вас абдымаю. Беражыце сябе і ня падайце духам, усё абавязкова наладзіцца».
Судовы працэс над каардынатаркай Валянтэрскай службы «Вясны» Марфай (Марыяй) Рабковай, а таксама валянтэрам «Вясны» Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязьнямі пачаўся ў Менскім гарадзкім судзе 25 красавіка. У першы ж дзень судовы працэс зрабілі закрытым.
Рабкову судзяць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі з заявай у падтрымку Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.
Адрас палітзьняволенай: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Марыі Аляксандраўне Рабковай.