Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым шкодныя размовы пра нязломнасьць палітвязьняў


Дзе могуць шукаць дапамогі людзі, у каго не хапае сілаў на тое, каб падтрымліваць сацыяльна прымальны вобраз бясстрашных гераінь і герояў?

У 2020 годзе, калі толькі пачалася вялізная хваля палітычных крымінальных справаў, быў такі грамадзкі кансэнсус — мы казалі, што вось-вось пераможам і палітвязьні ня будуць доўга сядзець. Гэтак жа большасьць рэагавала і на першыя палітычныя прысуды. «Яны столькі сядзець ня будуць» даносілася з кожнага праса і з кожнага другога акаўнту ў сацыяльных сетках.

Цяпер палітвязьні пачынаюць выходзіць з турмы, адседзеўшы поўныя тэрміны. І пры гэтым сацыяльнай нормай робіцца казаць, што турма нікога ня ломіць, і што не такі гэта і страшны досьвед. Яшчэ адзін папулярны наратыў тычыцца таго, што палітзьняволеныя насамрэч свабаднейшыя за турэмшчыкаў і ўвогуле людзей сыстэмы.

Я разумею лёгіку такой рэакцыі на беларускую рэальнасьць, але ўсё гэта выглядае як татальнае адмаўленьне рэчаіснасьці і ўцёкі ва ўнутраную міграцыю з той жудаснай катастрофы, у якой апынулася беларускае грамадзтва. Вядома ж, прыямней суцяшаць сябе думкамі, што ў турме ня так і страшна і ўвогуле можна прачытаць шмат кніжак і «падкачаць» мышцы, але ня варта забываць, як шмат турма адбірае ў кожнага і кожнай, хто трапляе за краты. Рамантызаваць турму ніякім чынам нельга, бо гэта шкодзіць самім палітвязьням. А яшчэ трэба памятаць, што палітзьняволеныя атрымліваюць за кратамі адмысловае стаўленьне, якое адрозьніваецца асаблівай бесчалавечнасьцю.

Палітвязьняў катуюць фізычна і псыхалягічна, пагражаюць іх родным, абмяжоўваюць перапіску, кідаюць у карцэр. Іншым зьняволеным часам забараняюць зь імі нават проста размаўляць. Палітвязьняў ставяць на «прафіляктычны ўлік», што яшчэ больш ускладняе турэмны побыт. А яшчэ ў турме паціху губляюцца навыкі жыцьця ў звычайным соцыюме і празь непатрэбнасьць зьнікае здольнасьць плянаваць нешта больш-менш глябальнае.

Чалавек там жыве па раскладзе і мусіць цалкам падпарадкоўвацца чужым патрабаваньням. Самае жудаснае, што гэта немагчыма зьмяніць. Гэта ня праца, зь якой можна звольніцца, і не сям'я, зь якой можна сысьці. Турэмны вопыт нельга проста спыніць, калі падаецца, што хопіць ужо. Дакладней, яго нельга па жаданьні замяніць на іншы — больш прыемны вопыт. А спыніць можна, але спосаб толькі адзін – самагубства.

Вядома, гэта ўсё гучыць менш прывабна за навіны пра тое, як Марфа Рабкова апранула на свой суд майку з надпісам «Добі добры эльф», ці як Марыя Калесьнікава працягвае фарбаваць вусны чырвонай памадай. Але рэальнасьць увогуле рэдка бывае прывабнай, а цяперашняя — дык проста поўны жах. І вельмі важна разумець, што і Рабкова, і Калесьнікава, і ўсе астатнія выйдуць з турмы зусім ня тымі, кім яны былі раней.

Месяцы ў адзіночнай камэры і — наадварот — запоўненыя камэры без вэнтыляцыі, немагчымасьць разьвітацца з блізкімі, які памерлі, пакуль чалавек быў у зьняволеньні, адсутнасьць кантролю над сваім побытам, неабходнасьць жыць у маленькай прасторы зь незнаёмымі людзьмі ў вельмі стрэсавай сытуацыі – усё гэта не мінае проста так. І я абсалютна перакананая, што робячы цяпер акцэнт на гераічнасьці і мітычнай свабодзе палітзьняволеных, а не на жудаснасьці гэтай сыстэмы, мы ім не дапамагаем.

Аказалася, што людзі ўсё ж адседжваюць поўныя тэрміны, і мы не гатовыя прызнаць гэтую сваю паразу. Таму мы ня кажам пра тое, як турма гэтых палітвязьняў пакалечыла, і як мы зараз мусім ім дапамагчы хоць троху зьменшыць страты і аднавіць здароўе, а суцяшаемся расповедамі пра гераічнасьць і нязломнасьць тых, каму давялося прайсьці празь пекла. Але дзе тады могуць шукаць дапамогі людзі, у каго не хапае сілаў на тое, каб падтрымліваць сацыяльна прымальны вобраз бясстрашных гераінь і герояў?

Нам бы рабіць зараз комплексную рэабілітацыю для людзей, якія выходзяць з турмаў, але на гэта, здаецца, няма ні матэрыяльных, ні чалавечых рэсурсаў, ні нават здольнасьці прызнаць праблему. З гераічным эпасам жыць прасьцей і прыямней, а мы ўсе вельмі стаміліся і абіраем яго, а не балючую праўду пра тое, як турма калечыць. А палітвязьні, выходзячы з турмы, трапляюць у новую пастку. І цяпер гэта пастка, якую ствараем для іх мы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG