Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі мы хочам застацца дзяржаваю з самастойнай эканомікай, трэба памяншаць эканамічную залежнасьць ад Расеі», — эканаміст Крук


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Ілюстрацыйнае фота

Эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік дасьледніцкага цэнтру BEROC Зьміцер Крук прагназуе, наколькі ўпадзе беларуская эканоміка сёлета, і заяўляе, што ўжо зараз дзеля ратаваньня беларускай эканомікі трэба ставіць пытаньне аб эканамічным адмежаваньні ад Расеі.

Сьцісла:

  • Да канца 2022 году ВУП, хутчэй за ўсё, працягне зьніжацца, падзеньне можа быць прыблізна на 6 працэнтаў.
  • Цяпер сытуацыя падобная да крызісу 2011 году.
  • Расейская эканоміка ў бліжэйшым часе ня будзе станоўча разьвівацца, яе чакае стагнацыя і падзеньне.
  • Калі не пачаць пазбаўляцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі, то гэта можа скончыцца поўнай стратай эканамічнага сувэрэнітэту

— ВУП Беларусі за 6 месяцаў сёлета ўпаў на 4,2%. Такога зьніжэньня не было з 90-х гадоў. Якім можа быць вынік усяго году і ці абмяжуецца гэты абвал толькі 2022 годам?

— Важна разумець, зь якога ўзроўню адбываецца гэтае падзеньне. З даволі добрага выніку 2021 году, калі быў той самы экспартны бум. Але гэтым падзеньнем мы адкочваемся на ўзровень эканомікі канца 2017 году. Да канца 2022 году ВУП, хутчэй за ўсё, працягне зьніжацца, падзеньне можа быць прыблізна на 6 працэнтаў.

— Але з улікам таго, што адбылося, — заходнія санкцыі і зьнікненьне для Беларусі ўкраінскага рынку, які займаў трэцяе месца ў замежнагандлёвым абароце — можна лічыць, што гэтыя лічбы падзеньня не такія і вялікія.

— Рэч у тым, што канчатковы пункт эфэкту гэтых прычынаў яшчэ не дасягнуты, уплыў санцыяў і страты ўкраінскага рынку расьцягнецца ў часе. У цэлым можна гаварыць, што ад моманту пачатку падзеньня ВУП агульнае зьніжэньне можа скласьці нават да 20 працэнтаў. Але гэтыя 20 працэнтаў могуць расьцягнуцца на некалькі гадоў.

Стратэгія ўладаў у тым, што яны спрабуюць змагацца з гэтак званым «другасным» эфэктам падзеньня эканомікі. Гэта калі ў людзей менш грошай, яны менш купляюць, больш эканомяць — адпаведна зьніжаецца гандлёвы абарот і гэтак далей. Таму яны плацяць заробкі нават на тых прадпрыемствах, прадукцыю якіх ніхто не купляе ці ў якіх значна падае вытворчасьць.

— Адкуль яны бяруць на гэта грошы? Прымушаюць банкі даваць крэдыты такім прадпрыемствам ці друкуюць новыя грошы?

— Пакуль яны выкарыстоўваюць «падушку бясьпекі», назапашаную падчас экспартнага буму 2021 году. Нагадаю, што ён адбыўся на фоне аднаўленьня эканомікі пасьля ковіднага падзеньня ў 2020 годзе. Тады і дзяржаўны, і прыватны бізнэс даволі хутка адаптаваўся да новых транспартных і лягістычных умоваў. Цяпер сытуацыя падобная да крызісу 2011 году, калі сканцэнтраваліся да пэўнага часу прыхаваныя наступствы праблемаў некалькіх гадоў.

— Здаецца, найбольшы ўдар санкцыі і вайна ва Ўкраіне нанясуць на нафтаперапрацоўчай галіне. Якая там сытуацыя і ці ўдаецца ўладам кудысьці перанакіраваць экспарт — у Расею ці ў іншыя краіны?

— Улады апошнім часам зрабілі таямніцай афіцыйную статыстыку ў гэтай галіне, перакрылі доступ да зьвестак, раней адкрытых для ўсіх. Але аналіз нават ускосных зьвестак дае падставы меркаваць, што экспарт, у тым ліку на Захад, цалкам не спыніўся. Напрыклад, у красавіку можна было назіраць нейкі дзіўны ўсплёск экспарту нафтапрадуктаў у Польшчу. Цалкам магчыма, што гэта такая схема, калі праз Польшчу нафтапрадукты ішлі ва Ўкраіну.

— Безумоўна, у сувязі з падзеньнем ВУП узьнікаюць сацыяльныя праблемы. Ці будуць улады паводле сваёй традыцыі «размазваць іх тонкім пластом па ўсёй паверхні» — то бок не дапусьцяць банкруцтва ці нават рэструктурызацыі нават самых хранічна нерэнтабэльных прадпрыемстваў, вылучна дзеля сацыяльных прычынаў?

— Ня толькі дзеля сацыяльных прычынаў, але і каб унікнуць таго «другаснага эфэкту» крызісу, пра які я казаў у пачатку. Але такая палітыка мае сэнс, калі вы ўпэўнены, што крызіс часовы і хутка скончыцца. Аднак зараз відавочна, што гэты крызіс ня скончыцца так хутка, як ковідны. Рэзэрвы, якія кідаюць зараз для тушэньня — гэта згаданая падушка бясьпекі і бюджэт.

Што адбываецца зь бюджэтам — галоўнае пытаньне, бо ўлады і тут хаваюць многія зьвесткі. Хутчэй за ўсё, бюджэт будзе дэфіцытны.

— Выступаючы на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», вы прапанавалі тэзіс: Беларусі трэба як мага хутчэй і актыўней адыходзіць ад прывязаньня да расейскай эканомікі. Гэты тэзіс раней можна было пачуць ад апазыцыйных палітыкаў, але не ад эканамістаў. Чым бы вы патлумачылі ягоную неабходнасьць?

— Усе эканамісты разумеюць, што на сёньня эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі вельмі вялікая.

Па-першае, незалежна ад таго, якім будзе вынік вайны Расеі і Ўкраіны, расейская эканоміка бліжэйшым часам ня будзе станоўча разьвівацца, яе чакае стагнацыя і падзеньне. Гэта надоўга, і нашае прывязаньне да Расеі — вялікі бар’ер для будучыні беларускай эканомікі. Больш за тое, гэтая залежнасьць ужо не дазваляе казаць пра незалежную эканамічную палітыку і незалежнае разьвіцьцё. Таму сёньня мы ня маем альтэрнатывы — калі мы проста хочам застацца дзяржаваю зь незалежнай і самастойнай эканомікай, то трэба ўсяляк памяншаць эканамічную залежнасьць ад Расеі.

— Ці цяперашняя ўлада разумее гэтыя дастаткова відавочныя рэчы? А другое — ці гатовая яна прадпрымаць хаця б асьцярожныя і непублічныя крокі ў гэтым кірунку?

— Разумеюць і разумелі заўсёды. Але ў іх успрыманьні гэта «20 гадоў удавалася, можа, удасца і зараз». Аднак вайна ва Ўкраіне ўсё мяняе. Калі не пачаць пазбаўляцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі, то гэта можа скончыцца поўнаю стратаю эканамічнага сувэрэнітэту. Думаю, беларускія эканамічныя чыноўнікі гэта разумеюць, але дзеля палітычных прычынаў ня могуць сказаць, што праект «саюзнай дзяржавы» сябе вычарпаў і стаў шкодным для Беларусі.

Больш складанае пытаньне з ЭАЭС (Эўразійскім эканамічным саюзам). Там, калі дасягнуць нейкай каардынацыі з Казахстанам і Армэніяй, то можна зрабіць неабходнае адмежаваньне ад Расеі не такім рэзкім і балючым.

— Але нават калі ўявіць неймавернае і дапусьціць, што цяперашнія ўлады Беларусі нешта пачнуць рабіць дзеля пазбаўленьня залежнасьці ад Расеі — што яны могуць зрабіць на фоне заходніх санкцыяў, куды яны могуць «пераарыентавацца»?

— Для ўладаў зараз няма фактычна шанцаў «павярнуць» на Захад ці нават проста пагражаць Расеі нейкім геапалітычным «шпагатам». Калі ж казаць пра дэмакратычны транзыт і пра новую ўладу ў Беларусі — то пасьля зьняцьця санкцыяў мы павінны ставіць пытаньні аб зьмяншэньні эканамічнай залежнасьці ад Расеі, аб выхадзе з «саюзнай дзяржавы».

У якой форме будзе супрацоўніцтва з Захадам? Я лічу, найлепшы варыянт — гэта пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Адрозна ад пэрспектывы ўступленьня ў Эўразьвяз, гэта значна больш рэалістычны варыянт.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG