Сахашчык пакуль адмаўляецца даваць інтэрвію, але зрабіў невялікае выключэньне для Свабоды. Адказы даваў ідучы, падчас невялікай прагулкі ад Лукіскага пляцу ў Вільні да Катэдральнага.
— Ці цяжка Вам далося рашэньне пайсьці ў палітыку?
— Па-першае, я іду сюды часова. Мая мэта — нечага дабіцца і вярнуцца да таго занятку, які меў дагэтуль. Калі сытуацыя так склалася, што неабходны мой удзел і дапамога, то я абавязаны так зрабіць з увагі на праблемы, якія ёсьць на маёй радзіме.
— Магчыма, некаторыя скажуць: чаму вам, паважанаму афіцэру, не жылося ў Беларусі?
— Калі ў краіне парушаюцца базавыя правы чалавека, то я лічу, што гэта кепска.
— У 2020 годзе вы выходзілі на пратэсты ў Берасьці. Што тады стала падставай для такога кроку?
— Тое, што ў некалькіх маіх знаёмых, маіх работнікаў, здарыліся вялізныя праблемы. Камусьці прастрэлілі нагу куляй, якая павінна была быць гумавай, а выявілася зусім іншай. Дзяўчыну, дачку маёй добрай знаёмай, згвалтавалі так, што пасьля гэтага яна засталася калекай — і фізычнай, і псыхалягічнай. Шмат людзей пабілі і арыштавалі проста так, бо яны апынуліся ня ў тым месцы. Як да такога можна ставіцца, калі маеш сумленьне?
— Вы вялі бізнэс у тым ліку ў Беларусі, ці разумелі, што можаце яго страціць?
— Усе людзі, якія прымалі ўдзел у пратэстах, пацярпелі. І калі прымаецца рашэньне, то трэба разумець, што могуць пацярпець, можа пацярпець бізнэс. Затое перад сваім сумленьнем будуць сябе нармальна адчуваць.
— Ці засталіся ў вас знаёмыя дзейныя афіцэры ў беларускай арміі? Якія ў іх настроі?
— Розныя. Ёсьць і такія, што падобныя да нашых. Сацыялёгіі цяпер няма, калі мне нехта скажа, што мае інфармацыяю аб настроях, то я расьсьмяюся. Усе баяцца дзяліцца сваёй думкай, але я ведаю, што настроі вельмі розныя.
— Вайну ва Ўкраіне яны падтрымліваюць?
— Як можна падтрымліваць вайну? Я нават не разумею гэтага. Вядома, не.
— Наколькі вядома, вы шмат разоў ад лютага бывалі ва Ўкраіне, што там убачылі?
— Ніводная краіна сьвету не бывае гатовай да вайны. Вайна — гэта ненармальны стан грамадзтва. Але людзі абараняюць сваю радзіму і будуць працягваць гэта рабіць. Украінцы маюць высокі баявы дух, высокую нацыянальную сьвядомасьць.
— Ці кантактуеце Вы з палком імя Кастуся Каліноўскага?
— Вядома. Для іх няма аптымальнай фігуры, бо ня маюць адзінага лідэрства і не аддаюць канкрэтную перавагу. Але я лічу: мне ёсьць што ім прапанаваць, ёсьць якую дапамогу аказаць. Думаю, мы будзем карысныя адны для адных. І, магчыма, аб’яднаемся.
— На канфэрэнцыі шмат гаварылася пра сілавы сцэнар для Беларусі. Азараў, Пракоп’еў, Шчыгельскі мяркуюць, што гэта адзіны варыянт, якія застаўся. Вы трымаецеся той жа думкі?
— Не, я лічу, што гэта крайні варыянт, які мы разглядаем. Спадзяюся, што знойдзем іншыя варыянты.
— Але не выключаеце, што зброю, магчыма, давядзецца выкарыстоўваць?
— Можа быць. Калі б у беларускага народу ў 2020 годзе было б зусім крыху зброі на руках, то было б зусім па-іншаму. Карныя органы ў такім разе не дазволілі б сабе так паводзіцца і чыніць такую сваволю. Яны рабілі гэта толькі таму, што разумелі: перад імі бяззбройныя людзі.
— Распрацаваны вамі знак «Чорнага арла» сапраўды было складаней атрымаць за крапавы барэт?
— Я лічу, што нашы выпрабаваньні мелі больш карысны і ўжытковы характар для службы ў арміі. Уладальнікі крапавых барэтаў ацэньвалі нашыя выпрабаваньні як вельмі сур’ёзныя.
— Як вы ацэньваеце рашэньні, прынятыя на канфэрэнцыі «Новая Беларусь»?
— Я быў бы задаволены жыць у мірнай Беларусі і ня ўдзельнічаць ні ў чым. Калі такой магчымасьці няма, то даводзіцца выбіраць.
— Наколькі гэта рэальна — хутка вярнуцца дадому?
— Калі нічога не рабіць, то нерэальна. Калі ж мы будзем працаваць, то рэальнасьць зьяўляецца.