У жніўні 2020 году жыцьцё многіх беларусаў разьдзялілася на «да» і «пасьля». Пачуўшы заяву Цэнтральнай выбарчай камісіі пра 80% галасоў за Лукашэнку, людзі выйшлі на вуліцы і не пакідалі іх, нягледзячы на надзвычайную жорсткасьць сілавікоў. Улады выкарысталі супраць народу сьвятлашумавыя гранаты, гумовыя кулі, вадамёты. У праекце фатографа Віялеты Саўчыц героі расказваюць, які сьлед на іхных целах пакінулі падзеі 9–11 жніўня і што значаць для іх гэтыя шнары.
Марыя Зайцава
21 год, жыве і працуе ў Празе
9 жніўня 2020 году 19-гадовую Марыю кантузіла. Аскепак сьвятлашумавой гранаты трапіў у галаву і локаць. Ёй зрабілі апэрацыю ў Менску, потым Марыя выехала ў Чэхію на рэабілітацыю. За два гады ўсе раны зажылі, Марыі аднавілі барабанную балону, аднак яна страціла слых на правае вуха.
— Ля стэлы мы бачылі выбухі сьвятлашумавых гранат. Мы думалі, што гэта пужалкі, якія выбухаюць удалечыні, сьвішчуць і прыгожа сьвецяцца. Было ня страшна. Мы крычалі: «Міліцыя з народам», «Апусьціце шчыты», «Мы за мір», а потым нас закідалі сьвятлашумавымі гранатамі.
Мы стаялі зь сябрам у апошнім шэрагу счэпкі. Гранаты кідалі пад ногі, яны каціліся і выбухалі за нашымі сьпінамі. Я адразу ж страціла прытомнасьць. Адразу пасьля выбухаў нічога ня памятаю — кантузія, пералом чэрапа.
Буйны аскепак гранаты трапіў у локаць. Найбольшы шнар — тут.
Дыягназ — пералом скроневай часткі лобнай косткі справа, разрыў барабаннай балоны, зрух унутранага вуха. Гэта азначае, што я практычна нічога ня чую правым вухам.
Крыўдна было, калі лекары ня вылечылі вуха, хоць абяцалі, што слых адновіцца. Я зразумела, што ахвяравала нечым, што ўжо не змагу аднавіць.
Цяпер я навучылася з гэтым жыць. Я так і не паставіла слыхавы апарат. Мне было цікава, як вуха будзе аднаўляцца. Магу чуць вельмі нізкія гукі ці вельмі высокія. Нельга апускацца ў ваду глыбей, чым на 2 мэтры. Але я ўсё роўна ня ўмею плаваць. У мяне не перакошаны твар, я не засталася бяз вока. Я, вядома, ужо не змагу паслухаць музыку, як раней, але нічога страшнага. Не такая сур'ёзная страта.
10 жніўня, пасьля апэрацыі, я пазваніла маме зь лякарні. Кажу: «Я ў лякарні ў Менску». Адразу пытаньне: «І што ты там робіш? Хто цябе прасіў туды ехаць? Гэта твая віна. Твая памылка. Правільна зрабілі, што вас разганяюць. Гэта ўсё Захад, твая Ціханоўская. Я ж табе казала…» Акрамя гэтага, я нічога не пачула. Ніводнага слова падтрымкі.
Думаю, я ўсё роўна пайшла б на пратэст 9 жніўня, але надзела б каску.
Георгі Стайкоўскі
34 гады, працуе кур’ерам у Варшаве
10 жніўня ў раёне Пушкінскай сілавікі разганялі пратэстоўцаў сьвятлашумавымі гранатамі. Адна трапіла ў нагу Георгія. Яму прыйшлося ампутаваць ступню да пяткі. Доўгі час ён мог перасоўвацца толькі на вазку. У Польшчы яму паставілі пратэз на нагу. Цяпер ён ходзіць і езьдзіць на ровары, працуючы кур’ерам.
— Людзей было мора. Горка ад гатэлю «Арбіта», ад Пушкінскай да Лядовага — усё было забіта.
Як я адчуваў, граната ўпала за 3–4 мэтры. Яркі выбліск — і глушыць. Аскепкі сьвятлашумавой гранаты чапляюць, разьдзіраюць красоўку. Я крыху прапоўз. Мяне падхапілі пад рукі, не пабаяліся аднесьці ў машыну, хоць нага была раздробленая і салён залівала крывёй.
Раніцай я ачнуўся пасьля апэрацыі і паглядзеў на нагу: гэта быў морак, можна было папросту здымацца ў фільме жахаў.
Паставілі дыягназ: выбухная траўма, траўматычная ампутацыя дыстальнага аддзелу правай ступні.
Жыцьцё падзялілася на „да“ і „пасьля“. Я доўга ачуньваў. Не, не шкадаваў, што пайшоў на пратэст. Вінаваціў сябе, што «лахануўся», што мне прыляцела, што непаваротлівы.
На трэці дзень пасьля раненьня мне патэлефанавала былая жонка. Спытала, што адбылося. Кажу: «Нагі няма. Пятка ёсьць, ступні няма». У адказ: «Чаго ты папёрся туды? Мала табе яшчэ дасталося». Я паклаў слухаўку.
Працэс рэабілітацыі быў складаны. Усьвядоміць, што ты без нагі, — складана. Спачатку я перасоўваўся на вазку, потым крыху на мыліцах, потым расхадзіўся. У Польшчы мне паставілі пратэз.
Я ведаў, што адказ сілавікоў будзе жорсткі. 2010 год ужо вучыў гэтаму. Але калі б мяне гэта спыніла, я нікуды б не пайшоў. Ляжаў бы дома на канапе, глядзеў АНТ, атрымліваў асалоду ад стабільнасьці, раніцай хадзіў бы на завод, жыў ад заробку да заробку, а дома павесіў бы партрэт Лукашэнкі.
Прайшло два гады. Рубцы, вядома, засталіся. Але мне пашанцавала. Мог бы застацца ня толькі без нагі, але і бяз слыху. А так абышоўся лёгкім спалохам.
Натальля Лубнеўская
29 гадоў, працуе журналісткай «Нашай Нівы»
10 жніўня Натальля асьвятляла пратэсты каля станцыі мэтро «Маладзёжная» для «Нашай Нівы». Падчас разгону баец спэцназу стрэліў журналістцы ў нагу гумовай куляй. Больш за месяц Натальля правяла ў лякарні, а пасьля вярнулася да журналісцкай працы.
— Выбег атрад спэцназаўцаў, у бок пратэстоўцаў пачалі страляць. Я надалей здымала на мабільны. У нейкі момант адчула, што нешта апякло мяне каля нагі. Не адразу зразумела, што здарылася. Калі бегла празь пешаходны пераход, пабачыла, што на назе рана. Па джынсах сьцякала кроў.
Самога моманту стрэлу я ня бачыла. Куля, відаць, выпала, калі я зрабіла пару крокаў. Праз два тыдні сьведка падзеяў прыслаў нам відэа з момантам стрэлу. Было бачна, што баец стаяў за 10 мэтраў і стрэліў прыцэліўшыся.
Асноўнае пачуцьцё — неразуменьне: навошта? Дзеля абароны? Не. Мы стаялі ў іншым баку, абазначаныя як «Прэса», у руках былі не камяні, а тэлефоны. І гэта ня тая гісторыя, якую пасьля можна з саслужыўцамі абмяркоўваць і хваліцца: «Кляс, я там падстрэліў дзеўку!»
Я правяла ў лякарні 38 дзён. Паставілі дыягназ „агнястрэльнае раненьне“. Некалькі тыдняў я была ў гіпсе, нага ня рухалася, патрэбны быў час, каб аднавіць мабільнасьць. Каля месяца я хадзіла на заняткі ЛФК. Функцыянальнасьць нагі вярнулася толькі праз 2 месяцы пасьля выпіскі.
Праз два гады можна сказаць, што ўсё цалкам аднавілася, застаўся толькі сьлед. Я стала больш злою пасьля таго, што са мной адбылося.
Не шкадую, што была там. Гэта вельмі натуральна, калі ты журналіст і асьвятляеш падзеі, якія адбываюцца ў горадзе. Шкадаваць мусіць той, хто гэта ўчыніў, а ня я.
У мяне ёсьць знаёмы плястычны хірург, які прапаноўваў зрабіць што-небудзь са шнарам. Але я пакуль вырашыла не чапаць яго, пакінуць як ёсьць. Для мяне гэта напамін пра тыя падзеі і пра тую несправядлівасьць да мяне. Гэта пазнака, што я не хачу забываць, дараваць тое, што здарылася. Таму я вырашыла пакінуць яго як ёсьць.
Аляксандар Садоўскі
38 гадоў, працуе кур’ерам у Празе
Аляксандра паранілі падчас пратэстаў 9 жніўня. У Беларусі яму зрабілі чатыры апэрацыі, дасталі зь цела дзьве гумовыя кулі. Пасьля ён адправіўся на рэабілітацыю ў Чэхію.
— Шчыты рассоўваюцца — бабах! Разумею, што па мне ўжо прыляцела. Я думаў, боль будзе мацнейшы. Паварочваюся — мне страляюць наўздагон у сьпіну. Калі б мяне схапілі зь дзьвюма дзіркамі, хто б выклікаў лекара? Скапыціўся б. Таму я так пёр, абганяў людзей, мэтраў 100–150 бег. Спыніўся — стаю ў крывішчы.
Потым прывезьлі ў шпіталь. Я сказаў, што вайсковы білет у штанах, і вырубіўся. Расплюшчваю вочы — рукі прывязаныя. Узгадваю, што са мною адбылося.
У нас стралялі мэтраў з 10–15. Хірург з вайсковага шпіталя казаў, што ўнутры кулі быў сталёвы стрыжань. Дактары мяркуюць, што лепш бы стралялі баявымі кулямі. Баявая куля праляцела б наскрозь або затрымалася, а гумовая раскалашмаціла ўсе ўнутраныя органы.
Мне паставілі дыягназ: траўма некалькіх нутрачэраўных органаў, сьляпое кулявое раненьне аддзелаў тоўстай кішкі, страўніка, дыяфрагмы, правага паясьнічнага аддзелу, адкрытыя аскепкавыя пераломы рэбраў, удар галаўнога мозгу.
Зрабілі калястамію — вывелі кавалачак кішкі сьпераду. Паўгода я не хадзіў «па-вялікаму». Ужо ў Празе мне зрабілі апэрацыю, мяне зашпаклявалі.
Нягледзячы на тое, што са мной адбылося, я пайшоў бы другі раз на пратэст. Шкадую, толькі, што не дадушылі. Але цяпер я не пайшоў бы туды зь белай стужкай.
Канстанцін Ільчанка
35 гадоў, працуе ў IT, жыве ў Варшаве
9 жніўня на пратэсьце ў нагу Канстанціна трапіў аскепак гранаты. На месцы траўмы застаўся шнар, які візуальна нагадаў яму пэрсанажа мультфільму — ката Фэлікса. На месцы шнара Канстанцін хоча нанесьці тату.
— Бах! Усё белае, усё шуміць. Я ўпаў. Ляжу пару сэкундаў, думаю, трэба ўставаць, бегчы, інакш зловяць. Устаю, бягу, нічога не адчуваю. Нешта мокрае ў красоўцы, гляджу на нагу — крывішча. Выклікалі хуткую, адвезьлі ў вайсковы шпіталь.
Граната ўзарвалася блізка да нагі. Там цяпер няма кавалка цягліцы — проста дзірка. Пашанцавала, што не зачапіла судзіны, усе вены цэлыя. Два тыдні я правёў у лякарні. Калі дакрануцца да гэтага месца на назе, то не да канца адчуваю дотык — трохі страчана тактыльнасьць. Моцна пашанцавала, што ня трапіў на Акрэсьціна. Там было б горш. Тое, што здарылася са мной, — касмэтычныя непрыемнасьці. Я ні пра што не шкадую. Пасьля здарэньня ў мяне было шмат злосьці, зьявілася жаданьне браць вілы.
Хачу, каб на месцы шнара было тату. Шнар выглядае так, быццам гэта твар. Я скінуў фота раны сябрам у чат — мы калектыўна прыйшлі да таго, што ідэальна пасуе кот Фэлікс (герой мультфільмаў). Я думаў, што ўсё зажыве хутка, але скура ўвесь час зьмяняецца, крыху ссоўваецца. Хочацца, каб шнар цалкам зажыў, каб тату потым не памяняла форму і ня стала крывым. У будучыні хачу зрабіць.
Максім Дзьмітракоў
36 гадоў, праваабаронца, жыве ў Беластоку
9 жніўня Максіма паранілі гумовымі кулямі, а 10-га ён паехаў дапамагаць параненым на Пушкінскай і вывозіць людзей. Праз два тыдні пасьля раненьня зьвярнуўся ў шпіталь. Яму зрабілі апэрацыю. Ён стаў валянтэрам «Вясны», назіраў за парушэньнямі на судах.
— Мы чулі нейкі пляскат, але ня ведалі, што гэта. Стралялі з-за сьпінаў амапаўцаў. Не было такога, што нехта выходзіў са зброяй і страляў. Я ня ведаў, адкуль вядуць стральбу, пакуль не атрымаў першыя кулявыя раненьні. Спачатку быў болевы шок, балела ў розных месцах.
Не сказаць, што было страшна — было незразумела, чаго чакаць. Зьявіліся думкі, ці змагу вярнуцца дадому жывым. Пачалі ляцець сьвятлашумавыя гранаты. Адна з гранат трапіла ў чалавека побач. Аскепкамі мне пасекла нагу, стала вельмі горача, апякло скуру. Я пераключаўся на тых, хто быў побач, дапамагаў параненым.
На наступны дзень, 10 жніўня, я паехаў дапамагаць параненым на Пушкінскую.
Тыдзень з нагі выцякала нешта падобнае да апаленай плястмасы, але я апрацоўваў усё хлёргексыдынам і думаў, што ўсе будзе добра. Атрымалася па-іншаму. 22 жніўня паднялася тэмпэратура, я ня мог разагнуць нагу — і паехаў у лякарню. Мне паставілі дыягназ „выбухная траўма, аскепкавыя раненьні, апёкі трох ступеняў“.
У мяне было параненае калена, аскепкі зайшлі з двух месцаў даволі глыбока. Адзін аскепак прайшоў са сьцягна да калена. На руцэ застаўся шнар ад кулі, якая прайшла збоку і пакінула сьляды.
Я не шкадую, бо для мяне 9 жніўня — гэта сьвята, дзень нараджэньня сапраўднай беларускай нацыі.