Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская вызначыла 7 прыярытэтных кірункаў для супольнай дзейнасьці дэмакратычных сіл


Сьвятлана Ціханоўская перад канфэрэнцыяй у Вільні, 8 жніўня 2022
Сьвятлана Ціханоўская перад канфэрэнцыяй у Вільні, 8 жніўня 2022

Пра гэта лідэр беларускай апазыцыі заявіла на канфэрэнцыі дэмакратычных сіл «Новая Беларусь», што праходзіць у Вільні.

7 прыярытэтных кірункаў паводле Сьвятланы Ціханоўскай:

  • абарона незалежнасьці Беларусі і нацыянальных інтарэсаў краіны, а таксама спыненьне выкарыстаньня беларускай тэрыторыі для любой агрэсіі супраць трэціх краін;
  • узмацненьне нацыянальнай ідэнтыфікацыі, падтрымка папулярызацыі беларускай мовы;
  • узмацненьне ўнутранага і вонкавага ціску на рэжым, у тым ліку актывізацыя дзейнасьці для завядзеньня справаў у міжнародных судах за яго ўдзел у агрэсіі супраць Украіны і за злачынствы супраць беларусаў;
  • дапамога незалежным сродкам масавай інфармацыі;
  • дапамога беларусам у вырашэньні іхных праблемаў, а таксама сем’ям палітвязьняў;
  • распрацоўка дарожнай карты пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі;
  • рэарганізацыя руху для больш эфэктыўнай працы.

Таксама на канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасьці стварыць калектыўны орган для дасягненьня мэтаў новай Беларусі.

«Як бы мяне ні называлі — хатняй гаспадыняй, брытанскай каралевай, засланым агентам, гэта ні ў якім выпадку ня зьменіць жыцьцё майго суседа па пляцоўцы, і менавіта таму наша з вамі задача стварыць дзейнае аб’яднаньне, не дазволіць рэжыму, прапагандзе і асабістым абразам разьяднаць нас і даць апанэнтам нагоду для трыюмфу».

Паводле яе, кожнаму, хто будзе далучацца да супольнай працы, давядзецца ісьці на кампрамісы.

«Нам усім трэба будзе памятаць, што ў палітыцы не існуе паняцьця „мне не падабаецца“, ёсьць толькі паняцьце, ці дапаможа гэта людзям, перад якімі мы адказныя», — перакананая яна.

«Мы павінны стварыць калектыўны орган кіраўніцтва і ўхваленьня рашэньняў, і там маюць быць прафэсійныя, аўтарытэтныя і сьмелыя людзі. Там абавязкова мусяць быць людзі, якія адказваюць за бясьпеку, за эканоміку, за службу выведкі. Гэта вельмі складаныя задачы, і людзі, якія за іх возьмуцца, будуць рызыкаваць ня толькі сваёй рэпутацыяй, але і бясьпекай, як сваёй, гэтак і сваіх блізкіх, паколькі яны стануць вялікай праблемай для рэжыму», — дадала Ціханоўская.

«Досьвед апошніх двух гадоў навучыў мяне не спадзявацца на цуд. Калі нешта павінна быць зроблена, трэба браць і рабіць», — адзначыла яна.

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што неабходна разам зрабіць усё, каб вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў, правесьці сумленныя і дэмакратычныя выбары, адстаяць незалежнасьць Беларусі і вывесьці з краіны замежныя войскі, адхіліць нелегітымны рэжым ад улады і забясьпечыць, каб у краіне працавалі дэмакратычныя інстытуты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG