Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 4 менскіх адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі, сярод іх — палітвязень Віталь Брагінец


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

4 жніўня ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі правялі чарговую атэстацыю адвакатаў — кваліфікацыйная камісія пазбавіла ліцэнзій чатырох юрыстаў. Сярод іх — палітвязень Віталь Брагінец, заўважыў праект інфармацыйнай падтрымкі адвакатаў «Право на защиту».

Па выніках атэстацыі камісія прыняла рашэньне адклікаць ліцэнзіі ў адвакатаў Ларысы Атаманчук, Віталя Брагінца і Ілоны Залуцкай, паколькі іх выключылі зь Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў «за ўчыненьне правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката». Адваката Сяргея Афонскага пазбавілі ліцэнзіі празь «немагчымасьць выкананьня адвакатам сваіх прафэсійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі», паведамляе Мінюст.

Адносна адвакаткі Маі Аляксандравай прынята рашэньне аб няпоўнай адпаведнасьці патрабаваньням заканадаўства з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсьць месяцаў.

Адвакат Віталь Брагінец быў затрыманы ў сябе дома сёлета 23 траўня — за «непадпарадкаваньне» яго пакаралі 15 днямі арышту. Ён мусіў выйсьці на волю 7 чэрвеня, аднак пазьней стала вядома, што Віталь затрыманы па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Брагінец быў абаронцам адваката Андрэя Мачалава, таксама пазбаўленага ліцэнзіі ў Беларусі, супраць якога завялі крымінальную справу за «выкарыстаньне заведама фальшывага дакумэнта». З прычыны арышту Брагінца Андрэй Мачалаў застаўся ў судзе без абаронцы.

Адвакатка Ларыса Атаманчук раней абараняла Сяргея Вазьняка, даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Ўладзімера Някляева. Пасьля акцыі пратэсту ў сьнежні 2010 году яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак або падрыхтоўкі да іх, і асудзілі на два гады ўмоўна. Таксама Ларыса Атаманчук прадстаўляла ў судзе інтарэсы «Белорусской деловой газеты», журналісткі Тацяны Бублікавай, фатографа Вадзіма Заміроўскага і аўтара «Нашай Нівы» Юрыя Алейніка, адлічанага з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце па палітычных матывах.

У 2017 годзе Атаманчук узнагародзілі нагрудным знакам адрозьненьня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў «Ганаровы адвакат» 2-й ступені за бездакорную працу ў адвакатуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG