Даклад падрыхтавалі вонкавыя кансультанты і юрысты Цэнтру правоў чалавека ААЮ, таму ў дакумэнце гаворыцца, што яго нельга разглядаць як афіцыйную пазыцыю ўсёй арганізацыі.
У дакладзе адзначаецца, што ўлады Беларусі выкарыстоўваюць карныя інструмэнты супраць тых юрыстаў, якія крытыкуюць урад альбо аказваюць юрыдычную дапамогу пратэстоўцам ці прадстаўнікам апазыцыі. «Пазбаўленьне ліцэнзій, якое разглядаецца ў гэтым дакладзе, гэта частка шырэйшай мадэлі рэпрэсій супраць юрыдычнай прафэсіі ў Беларусі, і гэтая мадэль уключае ў сябе розныя формы запалохваньня, перасьледу і ўрадавага кантролю», — гаворыцца ў дакумэнце.
Камісія Міністэрства юстыцыі 19 лютага пазбавіла ліцэнзій адвакатаў Людмілу Казак, Канстанціна Міхеля, Максіма Конана і Міхаіла Кірылюка з фармулёўкамі, у якіх гаварылася пра «дыскрэдытацыю» імі прафэсіі і пра дзеяньні, «несумяшчальныя» з адвакацкай дзейнасьцю. Аднак у дакладзе Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў адзначаецца, што гэтыя адвакаты прадстаўлялі інтарэсы людзей у «палітычна далікатных» справах, у тым ліку ў справах аб затрыманьні пратэстоўцаў і прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі, а таксама рабілі публічныя заявы ці, як мяркуецца, пратэставалі супраць парушэньня вяршэнства закону ў Беларусі.
«Пазбаўленьне іх ліцэнзій грунтавалася на адвольных падставах і служыла таму, каб запалохваць, перашкаджаць і перасьледаваць юрыстаў і ўмешвацца ў іх працу, а таксама парушала іх фундамэнтальныя правы», — гаворыцца ў дакладзе.
Аўтары дакладу таксама зьвяртаюць увагу на прапанаваныя ўладамі зьмены ў закон аб адвакацкай дзейнасьці, якія, на іх думку «яшчэ больш падарвуць незалежнасьць адвакатаў і юрыдычнай прафэсіі». Паводле дакладу, перасьлед адвакатаў, а таксама прапанаваныя зьмены ў закон «парушаюць фундамэнтальныя прынцыпы, якія абараняюць незалежнасьць юрыдычнай прафэсіі і яе ролю ў абароне правоў чалавека і вяршэнства закону ў дэмакратычным грамадзтве».
У дакладзе згадваюцца іншыя выпадкі, калі беларускіх адвакатаў пазбаўлялі ліцэнзій пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і наступных за імі пратэстаў, гаворыцца пра «крымінальныя абвінавачаньні, зьвязаныя з прафэсійнай дзейнасьцю», супраць адвакатаў Максіма Знака, Ільлі Салея і Ліліі Ўласавай.
Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association) — аб’яднаньне юрыстаў ЗША, якое прымае ў свае члены таксама і юрыстаў іншых краін. Гэта адна з найбуйнейшых асацыяцый у сьвеце, цяпер яна абʼядноўвае больш за 400 тысяч чалавек з усяго сьвету, сярод якіх шмат і студэнтаў юрыдычных факультэтаў унівэрсытэтаў. Сярод асноўных мэтаў арганізацыі — распрацоўка этычных стандартаў для юрыстаў розных спэцыялізацый.