Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Вялікай Брытаніі: дзеяньні расейскай арміі падарвалі бясьпеку Запароскай АЭС


Запароская АЭС да акупацыі Расеяй
Запароская АЭС да акупацыі Расеяй

Украінская нацыянальная энэргетычная кампанія «Енергоатом» 5 жніўня заявіла, што Запароская АЭС працуе згодна з нормамі ядзернай, радыяцыйнай і экалягічнай бясьпекі.

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявіла аб імавернасьці падрыву бясьпекі Запароскай АЭС і яе эксплуатацыі пасьля дзеяньняў Расеі на гэтым аб’екце.

«Расейскія сілы, пэўна, дзейнічаюць у раёнах, прылеглых да электрастанцыі, і выкарысталі артылерыйскія падразьдзяленьні, дысьлякаваныя ў гэтых раёнах, для абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі на заходнім беразе Дняпра», — адзначаюць брытанскія выведнікі.

Паводле выведкі Вялікай Брытаніі, расейскія сілы таксама маглі выкарыстоўваць больш шырокую тэрыторыю навокал Запароскай АЭС, у тым ліку і горад Энэргадар, для адпачынку сваіх сіл, выкарыстоўваючы ахоўны статус атамнай станцыі, каб зьнізіць рызыкі для сваёй тэхнікі і пэрсаналу ад начных украінскіх атак.

Украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што расейскія войскі стала абстрэльваюць з акупаванай тэрыторыі населеныя пункты Днепрапятроўскай вобласьці — Нікапаль, Марганец і іншыя.

Як акупавалі расейцы ЗАЭС

Расея захапіла Запароскую АЭС 4 сакавіка. Ад абстрэлаў расейскімі войскамі ў навучальным корпусе электрастанцыі адбыўся пажар, а побач пасьля захопу яны разьмясьцілі вялікую колькасьць вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў.

За час расейскай акупацыі Запароская АЭС некалькі разоў страчвала сувязь з МАГАТЭ, а саму станцыю, як заяўляе ўкраінскі бок, незаконна наведваюць супрацоўнікі «Росатаму».

Кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі неаднаразова заяўляў аб жаданьні наведаць Запароскую АЭС, аднак украінскі бок пакуль не даў адпаведнага дазволу, бо асьцерагаецца, што такім чынам МАГАТЭ легітымізуе расейскую акупацыю станцыі.

У часе свайго выступу на дзясятай аглядавай канфэрэнцыі краін дагавору аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі Рафаэль Гросі заявіў, што сытуацыя на Запароскай АЭС з кожным днём становіцца ўсё больш пагрозьлівай.

«Пакуль трывае гэтая вайна, бязьдзейнасьць недапушчальная. Калі адбудзецца аварыя на Запароскай атамнай электрастанцыі, мы ня зможам абвінаваціць стыхійнае бедзтва. Нам давядзецца адказваць толькі перад сабой», — адзначыў ён.

Рафаэль Гросі яшчэ раз заклікаў дазволіць місіі МАГАТЭ наведаць Запароскую АЭС.

Украінская нацыянальная энэргетычная кампанія, апэратар атамных АЭС «Енергоатом» раніцай 5 жніўня заявіла, што Запароская АЭС працуе згодна з нормамі ядзернай, радыяцыйнай і экалягічнай бясьпекі.

Усе энэргаблёкі абслугоўвае ўкраінскі пэрсанал.

«ЗАЭС дагэтуль акупаваная і кантралюецца расейскімі вайскоўцамі. Улічваючы гэта, дзеяньні захопнікаў немагчыма спрагназаваць, і пагроза фізычнай бясьпецы станцыі застаецца», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG