«Увесь арсэнал увезенай цяжкай тэхнікі з усім боекамплектам знаходзіцца цяпер зусім побач з абсталяваньнем, якое забясьпечвае працу турбагенэратара», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле «Энэргаатаму», у прыватнасьці, вайсковы арсэнал разьмешчаны ў непасрэднай блізкасьці да галоўнага баку з алівай, якая астуджае паравую турбіну. Там таксама ёсьць небясьпечны вадарод, які выкарыстоўваецца для астуджэньня генэратара.
«Вайсковая тэхніка захопнікаў зрабіла немагчымым доступ спэцыялізаваных пажарных і іншых машын да машыны энэргаблёку № 1. Такім чынам, рызыка пажару шматкроць расьце, а яго тушэньне робіцца вельмі праблематычным», — адзначылі ў прадпрыемстве.
«Энэргаатам» папярэджвае, што пажар у машыннай залі можа адбыцца праз выпадковую дэтанацыю боекамплекту.
«Акупанты працягваюць цынічна парушаць абсалютна ўсе нормы і патрабаваньні пажарнай, ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі працы АЭС, захоўваючы цяжкую вайсковую тэхніку, боекамплект да яе, зброю і выбухоўку ў машыннай залі энэргаблёку найбуйнейшай у Эўропе атамнай электрастанцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
«Энэргаатам» зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам прыняць меры для найхутчэйшага вызваленьня Запароскай АЭС, каб гарантаваць бесьперабойную і бясьпечную працу станцыі.
Напярэдадні НАЭК «Энэргаатам» паведамляла, што расейскія захопнікі запатрабавалі ад адміністрацыі Запароскай АЭС адкрыць ім машынныя залі на энэргаблёках для разьмяшчэньня тэхнікі і зброі.
З 4 сакавіка Запароская АЭС была захоплена расейскімі войскамі. Таксама пад акупацыяй знаходзіцца і горад-спадарожнік ЗАЭС — Энэргадар. Энэргетыкі неаднаразова заяўлялі, што войскі РФ ператвараюць Запароскую АЭС у вайсковую базу і выкарыстоўваюць яе як шчыт.