Горадзенскі аблвыканкам прыпыніў рашэньне Астравецкага райвыканкаму аб наданьні раённай бібліятэцы імя Адама Мальдзіса. Рашэньне зьмясьціла ў сваім тэлеграм-канале прарасейская актывістка Вольга Бондарава, якая актыўна падтрымлівае Лукашэнку.
Інфармацыя пра тое, што Астравецкай раённай бібліятэцы далі імя знакамітага ўраджэнца раёну прафэсара Адама Мальдзіса, зьявілася ў ліпені. Прарасейскія тэлеграм-каналы абурыліся гэтым, у тым ліку Бондарава. Яны сталі пратэставаць і абражаць Мальдзіса, называючы яго «палянафілам» і «калябарантам».
Першапачаткова ўпраўленьне культуры Горадзенскага аблвыканкаму заяўляла, што рашэньне аб наданьні імя Мальдзіса бібліятэцы адмяняцца ня будзе, але ня будуць вешаць і памятнай дошкі.
Адам Мальдзіс — доктар філялягічных навук, аўтар унікальных дасьледаваньняў у галіне гісторыі беларускай літаратуры. У 1962–1991 гадах працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР. Быў стваральнікам і дырэктарам Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны.
Мальдзіс памёр сёлета 3 студзеня. 7 жніўня споўніцца 90 гадоў з дня яго нараджэньня. Яго пахавалі ў вёсцы Задворнікі Астравецкага раёну, на малой радзіме літаратуразнаўцы.