Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына бясплатна аддасьць яшчэ адзін Bayraktar для Ўкраіны, грошы на які сабралі ў Польшчы, у тым ліку беларусы


Літоўскі Bayraktar для Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Літоўскі Bayraktar для Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Турэцкая кампанія Baykar падорыць падорыць Украіне чарговы Bayraktar. 22,5 мільёна злотых на бесьпілотнік зьбіралі грошы ў Польшчы, у тым ліку каля тысячы беларусаў.

Аб рашэньні паведаміў ініцыятар збору, польскі журналіст Славамір Серакоўскі, які атрымаў ліст ад кіраўніцтва Baykar.

«Мы ўражаныя ўдзелам сотняў тысяч польскіх грамадзянаў у кампаніі, арганізаванай вамі. Мы хочам быць часткай вашага руху гуманітарнай салідарнасьці і робім прапанову. З улікам вашай кампаніі мы дамо Bayraktar ТВ2 народу Ўкраіны, каб яны маглі лепш абараняць сваю радзіму», — гаворыцца ў лісьце.

Серакоўскі дадаў, што па дамоўленасьці з украінскім і турэцкім бакамі сродкі, сабраныя ў Польшчы на бесьпілотнік (22,5 млн злотых), будуць перададзеныя на гуманітарную дапамогу. Сродкі звыш гэтай сумы будуць пералічаныя ў фонд Узброеных сіл Украіны. Гаворка ідзе пра 1,8 млн злотых.

Славамір Серакоўскі зазначыў, што збор падтрымалі 215,6 тысячы жыхароў Польшчы, у тым ліку каля тысячы беларусаў.

«Таму ў мяне ёсьць такое паведамленьне для ўсіх, хто дапамагае мне наўпрост і для грамадзкіх дзеячаў, якія нас падтрымалі, і найперш для 215 600 палякаў і полек (і амаль 1000 беларусаў і беларусак): вы будзеце ўдзельнічаць у абароне Ўкраіны ад Расеі, а таксама ў гуманітарнай дапамозе грамадзтву», — напісаў ён.

У красавіку Літва ініцыявала кампанію збору сродкаў на набыцьцё бесьпілётніка для Ўкраіны. Тады за тры дні ўдалося сабраць 5 мільёнаў эўра на Bayraktar. Але кіраўніцтва кампаніі-вытворцы заявіла, што іх настолькі ўразіла акцыя, што яны вырашылі падарыць бесьпілётнік.

Таксама ў чэрвені ва Ўкраіне фонд Сяргея Прытулы абвясьціў збор сродкаў на тры бесьпілётнікі. Але фонд Прытулы сабраў 600 мільёнаў — гэтых сродкаў хопіць на куплю чатырох дронаў. Кампанія BAYKAR заявіла, што таксама бясплатна перадасьць Украіне тры бесьпілётнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG