Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На мяжы можна прастаяць нават 17 гадзін». Ці паехалі турысты з Польшчы, Літвы і Латвіі ў Беларусь пасьля ўвядзеньня «бязьвізу»?


Закрыты памежны пераход у Кузьніцы на беларуска-польскай мяжы, 9 ліпеня 2022
Закрыты памежны пераход у Кузьніцы на беларуска-польскай мяжы, 9 ліпеня 2022

Грамадзянам Літвы і Латвіі беларускія ўлады дазволілі прыяжджаць бязь візы 15 красавіка. 1 ліпеня да іх далучылі і грамадзян Польшчы. Жыхары Горадні і Берасьця расказалі Свабодзе, ці паболела пасьля гэтага замежных турыстаў у іхных гарадах.

Бязьвізавы рэжым для грамадзян 70 краін Беларусь упершыню ўвяла ў лютым 2017 году. Спачатку ён быў 5-дзённы, пасьля павялічыўся да 10 дзён. Прыяжджаць бязь візы замежнікам у Беларусь дазвалялася альбо праз Нацыянальны аэрапорт, альбо праз наземныя памежныя пераходы пры ўмове наведваньня памежных пераходаў і набыцьця некаторых паслуг у мясцовых турапэратараў. Пасьля падзей 2020 году беларускія ўлады сьпіс «бязьвізавых» замежнікаў скарацілі. Адтуль, напрыклад, прыбралі грамадзян ЗША.

У сярэдзіне красавіка 2022 году афіцыйны Менск нечакана адмяніў беларускія візы для літоўцаў і латышоў. Спачатку на месяц, пасьля да канца 2022 году. 1 ліпеня да іх дадаліся грамадзяне Польшчы. Ці паехалі яны ў Беларусь, скарыстаўшы Лукашэнкаву ласку, Свабодзе расказалі жыхары Горадні і Берасьця.

«Літоўцаў даволі шмат, а вось палякаў няма»

Найбліжэйшы шлях з Польшчы ў Горадню ляжыць праз памежны пераход у Кузьніцы. Ён быў закрыты ў лістападзе 2021 году праз крызіс з удзелам уцекачоў з Сырыі і Іраку і дагэтуль ня дзейнічае. Таму, каб даехаць ад польскай мяжы да Горадні, цяпер трэба дабірацца не 20 кілямэтраў, а каля 70 — ад пераходу ў Баброўніках. Вось як апісвае сытуацыю Свабодзе жыхар Горадні.

«Няма ў нас палякаў, амаль няма, — кажа суразмоўца. — Мне падаецца, што толькі тыя, хто да якіх сваякоў прыяжджае па нейкіх вельмі сямейных справах. Але і такіх няшмат зусім. Учора я бачыў у горадзе цэлы аўтобус літоўцаў, а палякаў як не было, так і няма. Тое самае, што і раней (да ўвядзеньня бязьвізавага ўезду для грамадзян Польшчы з 1 ліпеня. — РС)».

Суразмоўца дадае, што палякаў не відаць нават на запраўках на выездах з Горадні. У адрозьненьне ад тых жа літоўцаў, напрыклад.

«Літоўцаў даволі шмат, саляравозаў, стаяць на старэнькіх „пасатах“ на запраўках, у чэргах на мяжы, — расказвае гарадзенец. — А вось палякаў няма. Да ўсяго гэтага (пандэміі, пратэстаў і пачатку вайны. — РС) палякаў шмат было ў горадзе».

«Да 1 ліпеня палякі зьвярталіся, паўтара чалавека на месяц»

Супрацоўніца адной з горадзенскіх турфірмаў пацьвярджае, што польскія турысты не сьпяшаюцца карыстацца раптоўным «бязьвізам» ад афіцыйнага Менску.

«Да пандэміі польскіх турыстаў у Горадні было шмат, прыяжджалі цэлымі групамі, аўтобусамі, адразу на некалькі дзён, — расказвае яна. — Гэта літоўцы бралі туры на адзін дзень, а палякі ехалі адразу на 2–3 дні. У Горадні спыняліся, пасьля ехалі на месца нараджэньня Чэслава Немэна, у Наваградак, яшчэ некуды. Зараз гэтага нічога няма, не дапамог і „бязьвіз“ з 1 ліпеня. Яны не вяртаюцца пакуль усё адно».

Па словах суразмоўцы, пытаньні выклікае і сам спосаб «завабліваньня» палякаў у Беларусь. Калі раней на візытах суседзяў маглі зарабляць беларускія турфірмы і экскурсаводы, то хто цяпер мае з гэтага прыбытак, цяжка зразумець.

«Да 1 ліпеня да нас зьвярталіся палякі, каб атрымаць магчымасьць заехаць у Беларусь па „бязьвізе“, — кажа супрацоўніца адной з горадзенскіх турфірмаў. — Але гэта было так, „1,5 чалавека“ ў месяц. Зараз ужо не зьвяртаюцца, бо могуць прыехаць і бяз нашай дапамогі. Таму колькі іх прыяжджае ў выніку, ніхто з турыстычнай сфэры вам ня скажа. Як і тое, на што яны трацяць грошы і як доўга застаюцца ў Беларусі. Раней мы маглі хаця б неяк адсачыць турыстаў з Польшчы, нешта зарабіць на іх. А цяпер яны сядаюць і едуць, робяць што хочуць тут».

«На мяжы прастаялі 17 гадзін»

Пра тое, што ранейшага патоку прыежджых з Польшчы няма і блізка, у размове са Свабодай расказалі таксама жыхары Берасьця. Прычым тут, у адрозьненьне ад Горадні, няма і «бязьвізавых» літоўцаў.

«Не чуваць палякаў зараз ні на Савецкай (папулярная ў турыстаў пешаходная вуліца ў цэнтры Берасьця. — РС), ні ў іншых месцах, — кажа жыхар Берасьця. — Цягнікі ж па-ранейшаму ня ходзяць з Тэрэспаля таксама. Раней (да 2020 году. — РС) палякаў было ў нас вельмі шмат. Прыяжджалі нешта купіць, як турысты прыяжджалі. Цяпер зусім няма».

Суразмоўцы кажуць, што на магчымасьць прыехаць у Беларусь з Польшчы могуць уплываць праблемы на мяжы Беларусі з Эўразьвязам. Пасьля пачатку вайны праехаць яе стала праблематычна, нават маючы ўсе неабходныя дакумэнты. У чарзе на Варшаўскім мосьце можна прастаяць нават 17 гадзін. Тое самае і ў Бераставіцы.

«На мяжы страшныя чэргі, — расказала Свабодзе жыхарка Горадні. — Магчыма, гэта таксама ўплывае на палякаў. Бо ў тых жа Баброўніках нават па платнай чарзе можна стаяць чатыры гадзіны (рэгістрацыя ў чарзе на канкрэтны час перасячэньня мяжы каштуе 32 рублі. — РС). А калі ты спрабуеш па бясплатнай, то значна даўжэй. І назад такія ж чэргі стаяць. Ехаць празь мяжу без папярэдняй рэгістрацыі — гэта зараз як трапіш. У Польшчу езьдзяць у тым ліку празь Літву. Мае знаёмыя нядаўна змаглі за гадзіну праехаць у Прывалцы. А іншыя прастаялі там 17 гадзін».

Паводле Памежнага камітэту Беларусі, за першыя пяць дзён бязьвізавага рэжыму ў Беларусь прыехалі 150 палякаў. Сьвяжэйшай статыстыкі ведамства не публікавала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG