Спаслаўшыся на дадзеныя амэрыканскай выведкі, Кірбі папярэдзіў, што расейскія ўлады маюць намер абвясьціць часткай Расеі тэрыторыю вакол Херсона, Запарожжа і ўвесь Данбас. Ён параўнаў дзеяньні Масквы на захопленых у ходзе ўварваньня ва Ўкраіну тэрыторыях з тым, што адбывалася ў Крыме. «Расея ўжо прызначае незаконных службовых асоб у частках Украіны, якія знаходзяцца пад яе кантролем. Найперш гэтыя людзі правядуць фіктыўныя рэфэрэндумы, затым Расея скарыстаецца гэтымі рэфэрэндумамі, каб паспрабаваць анэксаваць сувэрэнную тэрыторыю Ўкраіны», — заявіў Кірбі.
Паводле прадстаўніка Белага дому, ранейшыя здагадкі аб намерах Расеі пацьвярджаюцца дадзенымі выведкі, згодна зь якімі дзеяньні ў напрамку анэксіі становяцца «больш узгодненымі і больш стратэгічнымі». «Спроба анэксіі тэрыторыі сілай будзе найгрубейшым парушэньнем Статуту ААН і яна не застанецца беспакаранай», — папярэдзіў Кірбі. Ён заявіў аб тым, што супраць Крамля будуць уведзеныя новыя жорсткія санкцыі.
Кірбі падкрэсьліў, што ЗША выкрываюць пляны Крамля з тым, каб сьвет ведаў аб меркаванай падрыхтоўцы незаконнай анэксіі.
У найбліжэйшыя дні ЗША абвесьцяць аб адпраўцы Ўкраіне сыстэм залпавага агню HIMARS.