Паводле Барыса Гарэцкага, за мяжу пасьля пачатку хвалі масавых рэпрэсій выехалі больш за 400 журналістаў. Былі адзінкавыя выпадкі, калі нехта зь іх вяртаўся, але яны закончыліся ня вельмі добра. Намесьнік старшыні БАЖ у інтэрвію «Белсату» згадаў затрыманьне Севярына Квяткоўскага, якога ў выніку ўсё ж выпусьцілі з ізалятару, і яму ўдалося зноў пакінуць краіну.
Прычыны вяртаньня могуць быць розныя. І часта — звычайны страх:
«Наконт страху не прыжыцца я адразу скажу, што ў нас шмат партнэраў, зь якімі мы камунікуем і спрабуем падтрымаць кожнага журналіста беларускай мэдыйнай прасторы: і тых, хто хоча заставацца ў Беларусі, і тых, хто выехаў. У прыярытэце, вядома, людзі, якія засталіся ў краіне, бо акурат у іх магчымасьцяў працы значна менш, чым недзе ў эміграцыі».
Калі ж гаварыць пра заўважныя цяперашнія тэндэнцыі, то беларускія мэдыя, па словах Гарэцкага, досыць лёгка здолелі «перазапусьціцца», але журналісты моцна пацярпелі за час працы на пратэстах, таму цяпер назіраецца голад кадраў.
У гэты момант створаны фонд MediaSol, які дапамагае журналістам.
Паводле БАЖ, за кратамі ў Беларусі застаецца 29 журналістаў, пад сьледзтвам або пасьля суду.